Таіса БОНДАР
ГУЛЬНЯ Ў ПАДКІДНОГА
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Вечар упаўзаў у горад па усіх вуліцах і вулачках, ні на што, ні на каго не зважаючы. Ды і на што зважаць? На каго? Было б яшчэ неба чысцейшым, каб якой зорцы зрэдку падзівіцца, а то шэра і шэра. Ва ўсім, на ўсіх - звыклая шэрань. Нават бліскі фар ці асветленыя сям-там вокны - карціны не мянялі. Застаўленая карабкамі камяніц прастора выдавала жывою і нежывою адначасна, а знізу, з палопанага асфальту зацёртага між высокіх сцен дворыка увогуле успрымалася каменным мяшком, напоўненым гулам і гудам.
Статкі машын... Натоўпы людзей... Стужкі трамвайных рэек... Слупы ліхтароў... Пагляд адштурхоўваўся ад усяго, што трапляла на вочы, і саслізгваў у цёмную твань якой-небудзь пазаўчарашняй думкі. Міг-другі, і зноў - той жа рух, той жа рытм... Пакуль не завішчаць на бліжнім павароце тармазы ці не загалосіць паблізу, ачышчаючы шлях, сірэна. Хто прымружыць вочы, хто плечы ўнурыць, міжволі сцінаючыся і азіраючыся, а момант мінае, як мінуў папярэдні, як міне наступны. Падглядваць за каторым з іх можна, а навошта? Тая сцэнка, іншая, а герой - хто? Дзе?
- Шаноўная публіка! Разыгрываецца драма...
- Трагедыя! - чуецца сіпенне аднекуль збоку.
- Разыгрываецца вострасюжэтная драма... - спрабуе пачаць спачатку дылда ў парыку часоў Людовіка, і каб льга было разгледзець пад маскаю спакойнай, упэўненай абыякавасці яго твар, стала б ясна: пярэчыць не выпадае, не варта...
- Трагедыя! - гучней пярэчыць-сіпіць тоўсты карантыш аднекуль у яго з-пад пахі і, адштурхнуты, не падае, а адкочваецца ўбок, каб гэпнуцца пасярод пляцоўкі, падкурчыць пад сябе ногі і абаперціся на іх локцямі, абхапіўшы далонямі твар.
- Шаноўная публіка! Разыгрываецца вясёлая драма, у якой на памінках па вялікай дзяржаве п’юць-гуляюць усе, прапіваючы рэшту страху перад усеўладнымі валадарамі гэтага свету, - тэатральна, ва ўсю моц голасу, абвяшчае дылда і, задаволены сам сабою, гучна смяецца. - Дзе ўжо ім, ха-ха-ха, уразумець-уцяміць, якому валадару шлях расчышчаюць!
- Перад кім ты вылузваешся? - з ледзь прыхаванаю непрыязнасцю кідае рэпліку карантыш, не памяняўшы позы, нават не зварухнуўшыся.
- Як гэта перад кім? - заёрзаў той, азіраючыся. - Хіба публіка не сабралася? Ці мо занавес...
- Што - «ага»? Ага, публіка, ці ага...
Комментарии к книге «Гульня ў падкіднога», Таиса Николаевна Бондарь
Всего 0 комментариев