Уладзімір ДАМАШЭВІЧ
МЕСЯЦ У РАІ, або АДДАЙ СЭРЦА ЛЮДЗЯМ
Аўтобус Мінск—Буднікі спыніўся на цэнтральнай плошчы, людзі высыпалі на вуліцу, як пчолы з вулля, панавала мітусня: хто браў свае рэчы з багажных камераў, хто ўжо абдымаўся са сваімі, што чакалі прыезджых, пачыналіся роспыты, чуліся радасныя галасы вітання.
Янку і Рагнеду ніхто не сустракаў. Яны забралі свой чамаданчык, гаспадарчую сумку, трохі пастаялі, як бы даючы ўлегчыся хваляванню, якое турбавала іх усю дарогу: Рагнеду больш, а Янку менш — і паволі пайшлі па вуліцы, кіруючыся туды, дзе жыла Рагнедзіна матка. Яны былі ў гэтым райгарадку летась восенню, прыязджалі на пару дзён як бы ў адведкі, бо тады яшчэ толькі сышліся: Янка і яго новая жонка Рагнеда. Яны былі землякі, вучыліся пасля вайны ў адной школе, але пасля сканчэння дарогі іх разышліся. I мо нават таму, што Рагнеда скончыла школу на год раней за Янку і адразу на першым курсе інстытута выскачыла замуж. Для яго яна ўжо была страчана назаўсёды, як ён лічыў, і будаваў сваё жыццё з папраўкаю на гэтую страту. Скончыўшы універсітэт, ён застаўся працаваць у Мінску, хоць пра гэта нават і не марыў, жыў на прыватнай кватэры, потым ажаніўся, пайшлі дзеці. Мінск — горад вялікі, чалавек у ім — як тая іголка ў стозе сена. Яны згубіліся адно для аднаго на шмат гадоў, нават дзесяцігоддзяў, хоць потым аказалася, што яны жылі на блізкіх вуліцах. Імклівая рака жыцця вымчала іх і панесла — нібы яны плылі кожны на сваёй крызе ці плыце — і тут раптам стукнуліся ці сутыкнуліся — і пазналі адно аднаго: дык мы ж землякі, і не толькі... Ён не без страху ступае на яе крыгу ці плыт, бярэ вясло, і яны паплылі далей разам, да сваёй прыстані, і вось ужо год як плывуць разам і надумаліся пасля выхаду на пенсію пераехаць са сталіцы ў свае Буднікі да Рагнедзінай маткі Раісы Сцяпанаўны, у якой ёсць хата, сад-агарод, і ўжо вунь колькі гадоў яна жыве адна: муж памёр даўно, у памятны год смерці правадыра ўсіх народаў, а малодшая дачка Альбіна таксама жыве ў сталіцы замужам за вайскоўцам.
План быў ружова-прывабны, а вось ці ён рэальны — цяжка сказаць, бо тады, год назад, маці сустрэла іх насцярожана, як бы не верачы, што такое магло здарыцца з яе старэйшаю дачкою...
Яны ішлі па так знаёмых вуліцах, дзе дамы ўжо здаваліся чужымі, адгароджанымі ад вуліцы дашчатымі платамі, і, як правіла, лепшы дом меў і лепшую агароджу, сустракаліся і добрыя сучасныя мураванкі.
Комментарии к книге «Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям», Владимир Максимович Домашевич
Всего 0 комментариев