• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Зямля не раскажа»

0

Описание

отсутствует

1 страница из 90
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Рэната падхапілася, як падкінутая густым тоўханнем прыглушаных выбухаў; човен, прыкуты ланцугом да вялікага карча на беразе, загайдаўся, і яна не ўтрымалася на нагах, шмякнулася на капу прапаласканай бялізны, што ляжала на лавачцы, і, моцна сціскаючы сынаву кашулю, якую яна не выпусціла з рукі, спуджана глядзела перад сабою. Паветра трымцела, быццам сыпалася аднекуль з высі дробная зіхотная луска, і за дробным і дрогкім сяйвом яе выгіналася сляпучая ад ранішняга сонца плынь Дзвіны, гайдаліся сівыя, не па-ліпеньску густыя палыны на рачным узвале, трымцелі старыя бярозы і сінія і роўныя, як падстрыжаныя, сосны на супрацьлеглым беразе ўправа ад пакатага пагорка.

Наважылася паглядзець назад, на сваю хату, парывіста павярнулася, і човен зноў гайдануўся, і разам з ім дугнулася крутое высокае замчышча, белыя царкоўныя муры на ім захісталіся, бы валіліся ў раку.

«Бомбы! Узарваліся недзе за гэтымі мурамі, і яны развальваюцца!..»

Ад спуду Рэната ўчапілася рукамі ў борт чоўна, моцна заплюшчыла вочы, уся сцялася ў чаканні, што зараз каменне заваліць яе. Але каменне не падала. Пад левай рукою была халодная сынава кашуля, а пад правай — цёплы, угрэты сонцам борт чоўна, і ад яе, гэтай цеплыні, праясніваліся думкі, спадаў з душы жах. Падалося ёй усё. Не равуць жа самалёты. А грыміць гэта кананада. Аціхла была на досвітку, а цяпер усчалася зноў, недзе зусім блізка грыміць, быццам выкатваецца на бераг з вады.

Рэната, услухоўваючыся, памалу адкрыла вочы. Усё на месцы, усё мае свой звычайны выгляд: за плотам, што ідзе па-над самым узвалам, зеляняцца яблыні і за шатамі іх бялее шалёўка Рэнацінай хаты пад новым гонтавым дахам; роўна выносяцца ўвысь царкоўныя муры на замчышчы; нерухома сагнуліся старыя бярозы на супрацьлеглым беразе ракі, нерухома выпнуўся пакаты пагорак, парослы нізкімі чорна-сінімі соснамі; толькі паціху варушацца попельныя палыны ля вады ды рухава і зырка зіхаціць срэбны трохкутнічак рабаціння пасярэдзіне Дзвіны.

«І як жа звонка цурчыць вада, што сцякае з кашулькі...»

Рэната перасела на сухое месца на лавачцы чоўна, узялася за мокрую сынаву кашульку аберуч. Але не паласкала, сядзела, адчуваючы цеплыню ўгрэтай сонцам лавачкі. Цяпер, калі жах адступіў і яна на міг супыніла сваю працу, у яе адразу занылі ад стомы рукі, заламала ў спіне і ў паясніцы. Нічога не здарыцца, калі хвілінку нейкую яна і перадыхне. З учарашняга дня, з тае мінуты, як стала вядома, што яе сям’я, як сям’я ваеннаслужачага, уключана ў спісы на эвакуацыю ў першую чаргу і што даецца на падрыхтоўку дваццаць чатыры гадзіны, Рэната не прысела ні на хвілінку, работай заганяла і маці і дзяцей і нават братавай дыхнуць не дала. Пасыльны з ваенкамата сказаў, што эшалон адправіцца сёння ўночы, а дванаццатай гадзіне, параіў не пазніцца, лішніх рэчаў з сабою не браць — толькі тое, што на сабе данесці можна. А як пачала Рэната прыкідваць ды пакаваць — і канца-краю зборам няма, не злічыш хатулёў і клункаў: і тое трэба, і без гэтага не абысціся, і тое, што з сабою цягнеш, патрэбна, і тое, што пакідаеш, дык яшчэ больш, і шкада дужа. Дапамог сусед Лявон Бохач, чалавек, умудроны жыццём, які вайну ведае не па кніжках — інвалідам пасля фінскай кулі застаўся: ходзіць накульгваючы. Ён і параіў: узяць з сабою адзенне, грошы, найбольш каштоўныя рэчы — і каб не цяжкія! А ўсё астатняе, што нечага варта,— прыхаваць. І не ў хаце, а пад паветкаю, на дрывотні.

Да раніцы тая схованка была зроблена: у яму, абкладзеную аполкамі, знеслі хатні набытак, закрылі дошкамі, цыратаю, прысыпалі зямлёю і добра замаскавалі: чужы чалавек не знойдзе, агонь не дабярэцца, вада не залье. Мароз, праўда, калі зямлю падцісне... Але ж да тых маразоў скончыцца бежанства, і фашысты будуць разбітыя, і Рэната з дзецьмі вернецца назад у сваю хату... Усё, здаецца, яна, Рэната, робіць правільна. Каб жа ж усё! Навошта яна раніцою дазволіла сыну, Алесю, ехаць з суседам на рыбалку? Але ж Бохачу калі загарыцца!.. Паставіў шнуры на ноч, а ранкам падбіў малога паехаць і падняць: на дарогу, маўляў, сабе рыбіну засмажыш ці засоліш...

Рэната з трывогаю агледзела раку. Ля павароткі, здаецца, човен сунецца. Абрысы, праўда, зліваюцца з лазнякамі на беразе — не адразу і распазнаеш колер. Здаецца, блакітны. Падобна, што вяртаюцца яны. Так што дарэмна яна непакоілася: на рацэ Бохач вырас, днюе і начуе, можна сказаць, на вадзе, і човен у яго надзейны... Дый, па праўдзе кажучы, і рыбіну ў дарогу ўзяць не пашкодзіць — не на госці ж едзеш, а ў белы свет як у капеечку. І таму дужа правільна яна намысліла і бялізну дзецям памыць, каб усё чысценькае ўзяць з сабою: у вагоне ехаць — не дома, не ў сваёй хаце сядзець. А тут гэткі сухмень — праз дзве гадзіны ўсе кашулькі будуць сухенькія!..

Рэната, спяшаючыся, дапаласквала бялізну. Цяпер, калі яна нізка сагнулася над вадою, кананада як бы яшчэ больш памацнела, зрабілася выразнай, але была не суцэльная, як учора ўдзень і ўвечары і сёння на досвітку, а як бы разарваная на няроўныя часткі: здавалася, што іх увесь час нехта складае ў адзін ланцуг, а ён развальваецца з грукатам, звініць, грукоча.

Выкруціўшы сынаву кашулю, Рэната трымала яе ў руцэ, услухоўвалася ў глухое грымоцце і здрыганулася, пачуўшы за спінаю звонкі голас дачкі:

— Ма-а-ама! Ма-а-амачка!

Валя выбегла з весніц, патрэсла рукою ў паветры і таропка заскакала па прыступках, выразаных рыдлёўкаю ў гліністым касагоры. Адчыненыя весніцы гайдаліся ад ветру, то адкрываючы, то захінаючы куток зашклёнай тэрасы. Як хтосьці сноўдаецца там на тэрасе, захінае вузкія шыбы. І нейкія дзіўныя парабіліся шыбы, як полымя ў іх — блісь, блісь.

Рэната кінула бялізну на лавачку, скочыла на бераг.

— Што там, Валечка?

Валя падбегла да чоўна, села на ланцуг, гушкалася на ім і, прыставіўшы далонь да броваў, глядзела ў той бок, дзе Дзвіна рабіла паваротку,— там цяпер добра быў відзён блакітны човен.

— Е-едуць на-а-шы ры-ба-кі,— прамовіла, як праспявала, Валя.— Мамачка, Бохачаў човен! Наш Алесь вяслуе!

Весніцы цяпер не гайдаліся — вецер прыціснуў іх да плота,— было добра відаць, што ўсе шыбы на тэрасе цэлыя, што ніякае гэта не полымя асвятляе іх, а зіхаціць шкло ад сонечных промняў, і зусім блізка быў блакітны Бохачаў човен. Але адчуванне трывогі не праходзіла, і гэты вясёлы Валін галасок быў Рэнаце не па душы, і яна насварылася на дачку:

— Чаго прыбегла? Чаго Данічка кінула?

— Бабуля яго глядзіць... Не, Бохач сам вяслуе. Алесь на карме сядзіць. Ці многа, цікава, яны тамака рыбачак налавілі?

Рэната сказала строга:

— Вось зараз як гоцнешся з гэтага ланцуга. Воось будзе табе цікава,— і дадала заклапочана: —Геначкі не чутно?

— Не чутно. Ваенны там у нас.

— Які ваенны? Ты па-людску можаш гаварыць?

— Ну, той, што ўчора прыходзіў.

— Дык чаго ж ты маўчыш?

— Я ж не маўчу, пра гэта і кажу. Цётка Ніна на яго ў нашай хаце сварыцца.

— З-за чаго? Гавары толкам!

— Я нічога не ведаю. Я ў садзе была, моркву праполвала. Бабуля мне загадала бегчы, цябе паклікаць. Вокны адчынены, чуваць добра, як цётка Ніна сварыцца. А ваенны апраўдваецца.

— Пайшлі ў хату! — і тут жа, як апамятаўшыся, Рэната лагодна папрасіла: —Памажы, дочачка, бялізну дапаласкаць...

— Добра, зраблю.

Рэната прайшла колькі крокаў, на момант спынілася, гукнула дачцэ:

— І адразу тады развешвай на драціне ля плота. Там — вецер. Сохне добра.

— Ведаю, ведаю. Чыстае ты ў вядро складваеш?

— Чыстае на лаўцы. У вядры тое, што паласкаць трэба. Не чула, пра што ваенны гаварыў?

— Здаецца, нешта пра эвакуацыю.

— А можа, што з Геначкам нашым прыключылася?

— Пецька казаў, што яны на Дрэтунь паехалі. На машыне. І Генка наш тамака.

— А ты ж казала, што пра Геначку нічога не чула!

— Ты папытала, ці дома ён? Я і сказала, што нічога не чутно.

— «Я сказала, я сказала...» Цябе толькі слухай. Не баўся, глядзі, з бялізнаю,— і зноў папрасіла лагодна: — Пастарайся, Валечка, каб хутчэй.

— Паспеем. Цэлы дзень наперадзе. Ідзі спакойна, матуля.

Але Рэната не магла ісці спакойна. Лёгка дачцэ казаць, што цэлы дзень наперадзе! Дзе ж ён цэлы — полудзень жа цяпер амаль. І, мажліва, раней скажуць збірацца: няйначай па гэтай патрэбе чалавек з ваенкамата. А можа, што з Міхалам прыключылася? Ці з Геначкам?.. І навошта гэта на машыне на тую Дрэтунь пакацілі?.. Божухна, дзеці ж горкія, што Пецька гэны, што Геначка, а вось жа, у матак не папытаўшы нічога, у знішчальны атрад запісаліся, каб парашутыстаў варожых лавіць... А дзе тыя парашутысты? Два дні гойсаюць на той машыне, але ж аніводнага разу, як жаліўся Геначка, і стрэліць не давялося. І добра, што не давялося: не дзіцячая гэта забаўка, са стрэльбаю насіцца.

Амаль упрыдбег Рэната пранеслася па сцежцы, што вяла ад ракі да лесвічкі, узбегла па прыступках і, захакаўшыся, спынілася ў весніцах, схапілася рукамі за горла. Быццам павузелі грудзі, няма як дыхаць. Не, цяпер вось і палегчала, як паціскала горла, дыхаць хоць можна... А на тэрасе, здаецца, вайсковец. Падобна, што гэты з ваенкамата прыходзіў учора...

Яна спалохана глядзела на адчыненыя нахлашч дзверы тэрасы. Міхал збудаваў тэрасу — дакладней дабудаваў і пасадзіў ля яе яблыні гусценька-гусценька,— калі Рэната нарадзіла Геначку, свайго першынца, і вельмі ганарыўся, што тэраса атрымалася самай прыгожай у завулку. Густа абкружаная яблынямі — Міхал жартаваў, што гэтулькі ў іх сыноў будзе! — тэраса і сапраўды была прыгожая і ў ціхае надвор’е нават адлюстроўвалася на Дзвінскай плыні. Цяпер жа гэты ярка-жоўты колер калоў вочы, палохаў сваёй яркасцю, як крычаў пра нешта.

Комментарии к книге «Зямля не раскажа», Александр Ануфриевич Савицкий

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства