Васіліна, лежачы на канапе, гартала кнігу ў чырвонай вокладцы і неахвотна, з ноткамі крыўды ў голасе, пярэчыла сваёй сяброўцы.
— Во прычапілася! Мо сто разоў казала — не паеду. I ўсё...
Адэля — сяброўка Васіліны — прыладжвала вялікую брошку да блакітнага плацця. Яна ўважліва паглядала ў люстэрка і абыякава кінула:
— Ну і ляжы сабе. Сама ведаеш — пад ляжачы камень... Ага, нарэшце зашпіліла. Цяпер... цяпер...
Адэля дастала з маленькай скрыначкі перад люстэркам «Белы бэз», — гэтыя духі вельмі падабаліся ёй,— адліла трошкі на далонь і ўзялася прыгладжваць валасы. Рукі ў яе былі каштанавыя ад загару.
Кожны раз, бачачы адэліны прыхарошванні, Васіліна здзіўлялася: што толькі рабілася з гэтай дзяўчынай у блакітнай сукенцы! У паласатай хустачцы і заплямленым камбінезоне, які ад вапны і цаглянага пылу страціў свой даўнішні зеленаваты колер, Адэлю на рабоце нялёгка было пазнаць сярод іншых тынкоўшчыц брыгады, дзе яна працуе разам з Васілінай. Затое ў блакітным плацці яна ніяк не магла згубіцца сярод сябровак: хлопцы так і паглядалі на яе.
Гледзячы на адэліны старанні, з якімі тая збіралася на гарадскую маёўку ў лес, Васіліна адчула слабую непрыязнь да сяброўкі. У яе вачах на нейкі момант запалілася злосная зайздрасць: «Бэз! Хлопцаў і так не адбіцца». I адразу ж пагасла: «Харошая яна, адкрытая». Зноў варухнулася ў сэрцы сумненне. Можа, паехаць і мне? I ўсё яшчэ вагаючыся, сказала:
— Застаюся!
I дадала павесялеўшым голасам, дабрадушна смеючыся:
— Навошта губы фарбуеш? I туфлікі гэтыя... Пашкрабаеш у лесе. Яны ж не ідуць да светлага...
Адэля махнула рукой:
— Дзівачка! Хлопцы толькі на гэта і глядзяць. Ім падабаецца. Ну, бягу!
Застаўшыся адна, Васіліна доўга ляжала на канапе, не кранала кніжку. Думкі апанавалі Васіліну.
Людскі тлум у калідорах будтрэстаўскага інтэрната сцішыўся: маладыя рабочыя паехаліі ў лес на маёўку, Паехала туды і Адэля. I нічога не змянілася ў пакоі пасля таго, як зачыніліся за ёй дзверы. Стаяць два ложкі з высокімі падушкамі. Скрозь фіранкі прабіваецца сонечнае святло: на падлозе ўзорыстая мярэжка.
Комментарии к книге «Белы гарлачык», Александр Ануфриевич Савицкий
Всего 0 комментариев