Шчасце не месцілася ў грудзях у старое Хвядоры...
Толькі сцямнела, як нехта затупаў у сенцах, адразу знайшоў клямку і пераступіў парог.
— Добры вечар... Хто тут жывы? — спытаў мужчынскі голас.
Маці адразу пазнала гэты голас, хоць быў ён нейкі прастуджаны, хрыпаты, нават нясмелы. Яна кінулася да сына.
— Антоська, дзіцятка маё роднае... І ты прыйшоў! Слава госпаду! І нідзе нічога, цэлы, не паранены? — ужо з трывогаю ў голасе пыталася яна, не выпускаючы яго з абдымкаў і цалуючы ў калючы аброслы твар.
Усе ў хаце заварушыліся. Шарая гадзіна скончылася ў адзін момант. Увішны Васіль пачаў шукаць запалак на прыпечку, каб запаліць лямпу, але Кірэй, старэйшы і больш разважлівы, перабіў яго і сказаў матцы:
— Завесь вокны, маці. Люба, памажы.
Маці з дачкою пачалі збіраць дзяружкі. Пакуль яны вазіліся з вокнамі, Кірэй падышоў да брата, страсянуў яго руку, прытуліў да сябе і моцна пастукаў яго па плячах, нібы прабуючы на слых, які гук выдае яго цела — ці здаровае, ці не трупціць.
— Як маешся, братка? — радасным голасам, у якім чуваць былі слёзы, спытаў ён малодшага брата.
— Кірэй... Як ты вырваўся адтуль, з таго пекла? — Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата.— Адзін нос у цябе застаўся, ды і той яшчэ больш загнуўся і высах. Мусіць, соладка прыйшлося...
— Усяго хапіла.
Тым часам маці з дачкою завесілі вокны: тры акны — дзве дзяружкі і цёплая хустка. Васіль дрыжачымі рукамі запаліў лямпу.
— Знаёмцеся,— жартаўліва сказаў Кірэй і стукнуў Васіля па плячы.
Кірэй, высокі, тонкі, з кручкаватым носам, з-пад насупленых чорных броваў любаваўся сваімі малодшымі братамі, якія былі амаль аднаго росту, толькі Антось быў шырэйшы ў плячах і паясніцы, а Васіль яшчэ не паспеў акрыяць — яму ішоў дзевятнаццаты год.
Маці, спяшаючыся, збірала на стол.
— А гэтую паненку пазнаеш? — зноў жартам сказаў Кірэй, падводзячы да Антося Любу, якая стаяла ля парога і нібы баялася парушыць радасць сустрэчы.
Антось развёў рукі, абхапіў Любу і падняў чуць не да столі.
— Вяліка расці! — ён засмяяўся, лёгка паставіў яе на ногі і сказаў да Кірэя: — Я то што — бачыў іх якога паўгода назад, а ты? Гэта ж, здаецца, якраз чатыры гады. Ці пазнаў іх?
— А як жа. Адна парода...
Комментарии к книге «Заклінаю ад кулі», Владимир Максимович Домашевич
Всего 0 комментариев