«Ты не адзін»

312

Описание

отсутствует

1 страница из 21
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Зноў у парабкі

Раніцаю, калі бацька сказаў Грышу не ісці ў школу, хлопчык не ведаў, навошта яго пакідаюць дома.

— От сёе-тое паможаш зрабіць. Бачыш, вясна на дварэ, а ў нас яшчэ, як той казаў, і не ў бабкі гарох, — сказаў сыну Мітрафан. Пасля снедання ён паслаў Грышу падграбаць нацярушаную на двары за зіму салому, а сам заняўся парадкаваннем пад павеццю.

Мітрафан раз-по-раз прыслухоўваўся да ляскату колаў на вуліцы, выходзіў з-пад павеці глянуць, хто едзе, і, упэўніўшыся, што гэта не той, каго ён чакае, ішоў зноў да свае работы. Нарэшце, пад абед, перад Васільцовымі варотамі спыніўся стаеннік, запрэжаны ў брычку.

Подбегам заспяшаўся Мітрафан да варот.

— Тут жыве Мітрафан Васілец? — спытаў чалавек з брычкі.

— Дзень добры пану! Тут, проша пана, тут, заязджайце, — адчыняючы вароты, адразу і вітаўся, і адказваў на запытанне, і запрашаў на двор Мітрафан.

— Вам прозвішча Вайтовіч знаёма?

— Так, проша пана, знаёма. Вы з Караліны. Цівун ваш казаў, што прыедзеце.

— А то не цівун, — махнуў стусінкай Вайтовіч. — Меў я цівуна і буду яшчэ мець, а то звычайны парабак.

— Я думаў, пане, цівун... Прабачце, калі так.

— Глупства, — зноў махнуў стусінкай Вайтовіч і перавёў гаворку на іншае:— Значыць, я патрапіў сам?.. Вялікі камень каля варот, а на другім баку вуліцы бярэзіна, — аглядаючы прыкметы, па якіх ён пазнаваў Васільцову сядзібу, гаварыў Вайтовіч.

— Самі, проша пана, патрапілі, самі... Прашу заязджаць.

Вайтовіч крануў каня. Конь зафыркаў, паспрабаваў нагою масток, што ляжаў з якіх трох жардзін на канаве перад варотамі, пераступіў іх, і брычка плаўна пакацілася па гразкаватым пасля зімы двары.

Каля ганка Вайтовіч напяў лейцы, і конь спыніўся. Тут гаспадар паважна злез з брычкі на прыступкі ганка, а Мітрафан узяў каня за аброць, адвёў за хату, прывязаў да шула і падкінуў сена.

Вайтовіч чакаў Мітрафана на ганку. Той доўга не затрымаўся. Абцёршы перад парогам аб ракітавую пляцёнку латаныя-пералатаныя боты, Васілец адчыніў дзверы ў сенцах, у хаце і, трымаючы іх, прапусціў пана наперад.

У хаце Мітрафан памог Вайтовічу распрануцца і, адставіўшы далей ад сцяны табурэтку, запрасіў яго сесці. Пан сеў не адразу. Ён тупаў некаторы час па хаце наўскасяк, з кутка ў куток, — размінаў свае ногі. Ходзячы, гаварыў пра запозненую вясну, пра вялікую цану на хлеб.

Грыша і падумаць не мог, чаго прыехаў Вайтовіч. Ён на хвілінку перастаў зграбаць смецце і глядзеў, як бацька лагодна сустракаў пана. Праз хвілін дзесяць з хаты выйшла Ганна, Грышава маці, і паклікала сына.

— Чаго, мама? — спытаў Грыша, увайшоўшы ў хату.

— Сядзь, сынок, адпачні трошкі, — адказала яна на запытанне.

Вайтовіч моўчкі агледзеў Грышу з галавы да ног. Хлопчык сеў на ложак, засланы даматканай коўдрай, і, абапёршыся рукою на біла, моўчкі сачыў за кожным панскім крокам.

Натупаўшыся, Вайтовіч прысеў на табурэтку, акінуў позіркам кожны куточак хаты, столь і толькі цяпер, відаць, заўважыў на палочку каля печы траіх меншых за Грышу дзяцей: Янку, Петручка і Валю. Яны так ціха сядзелі, што, здавалася, не дыхалі.

— Дык у пана, выходзіць, не маленькая сям’я?

— А так, проша пана, шэсць душ. Іх чацвёра, — паказаў на дзяцей, — ды нас двое. А зямлі тае — кот наплакаў: удоб’я і няўдоб’я — тры моргі.

— Не лёгка, вядома, не лёгка з такою сям’ёю ды на такім шматочку зямлі жыць.

— Праўду, проша пана, кажаце, нялёгка. Ды што паробіш? Жыўцом у зямлю не палезеш, — развёў рукамі Мітрафан, стоячы каля лавы.

— Трэба каб старэйшыя памагалі пану гадаваць меншых, — паглядзеў Вайтовіч на Грышу.

— Ён у мяне малайчына, проша пана, — зірнуў і Мітрафан на сына. — Два гады памагае ўжо: авечкі пасвіў у пана Войціка.

— Не разбазэраны?

— Няма ад чаго, проша пана, разбазэрвацца. Самі ведаеце, як жывём: бульба і тая ў абрэз.

— Дык пан Мітрафан, мабыць, здагадваецца ўжо, чаго я прыехаў?

— Трохі здагадваюся, а то, проша пана, самі скажаце.

— Петрусь, мой парабак, параіў наняць у вас пастушка кароў пасвіць. Пра гэтага, відаць, ідзе гаворка? — кіўнуў Вайтовіч на Грышу. — Ці ў пана ёсць большы?

— Пра гэтага, проша пана. Ён самы старэйшы ў мяне.

— А колькі ж яму гадоў?

— Трынаццаць, проша пана.

— Замалы, — пакруціў галавой Вайтовіч.

— Самы пастушок, проша пана. Я мог бы сказаць і пятнаццаць, бо ростам, як пан заўважылі, ён намнога вышэйшы за сваіх аднагодкаў... Стань, сынок, няхай пан паглядзіць, які ты дзяцюк ужо.

Грыша на момант стаў на падлогу, патупіўшы вочы, потым зноў сеў на ложак. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома.

— Так, на рост малец ладны, толькі дзікаваты надта, у вочы зірнуць нават не хоча, — заўважыў Вайтовіч.

— Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына Ганна, якая сядзела на палку каля меншых дзяцей. — Сарамяжлівы надта... А так — паслушны.

— Ну, калі ён такі, як хваліце, то можна і пра цану гаварыць, — устаў Вайтовіч з табурэткі і зірнуў у акно, за якім віднеліся заднія колы брычкі. — Дык колькі пан думае прасіць?

Мітрафан зірнуў на сына, на жонку і спытаў у Вайтовіча сам:

— А на якую, проша пана, працу думаеце гадзіць? I на які час?

— Пасвіць кароў. Сорак штук. Два бычкі будуць. Па жніве цяляты далучацца — дзесяць-дванаццаць. Падпаска будзе мець — парабкавага сына. Пасвіць да снегу.

— Цяжкаватая, проша пана, служба. Па дваццаць кароў на аднаго выходзіць. Улетку, як загізуюць... — пакруціў галавою Мітрафан і, не сказаўшы да канца, змоўк.

— Кхе, кхе,— засмяяўся Вайтовіч, сядаючы зноў на табурэтку.— А на адну карову, няхай пану будзе вядома, мне няма рахубы наймаць пастушка. Паша ў мяне на полі і на выгане. Праўда, выган каля самай граніцы з бальшавікамі... Але ж вы кажаце, што ён паслушны. А калі чалавек паслушны, то і пільны.

— Ды ўжо ж, проша пана, будзеш пільны. Беднасць тая, дзеці... — хацеў разжалабіць Васілец Вайтовічава сэрца, але той перапыніў і скіраваў гаворку ў другі бок.

— Такіх шмат цяпер не толькі тут, на ўсходніх крэсах, але і ў самой Польшчы... Дык якую плату хочаце мець за свайго пастушка?

— А чым, проша пана, думаеце плаціць? Хлебам ці грашыма?

— Можна хлебам, можна і грашыма, як пан захоча.

— Нам лепей хлебам, бо ўсё роўна купляць трэба. Грошы туды-сюды разыйдуцца, а іх вунь колькі ў мяне, нахлебнікаў,— кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. — Я думаю, проша пана, не будзе крыўдна — трыста кіло жыта і... новыя боты справіце ўвосень. Юхтовыя, проша пана. Для вас танней, а яму абыдзецца яшчэ такому...

Вайтовіч задумаўся.

Пазіраючы ў акно, ён стукаў наском левага бота па падлозе, ад чаго правая нага, закінутая на левую, гайдалася. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску, і думаў: «Ніколі такіх у мяне не будзе». Мітрафан пераглянуўся з жонкай і моўчкі чакаў адказу пана.

Падлічыўшы ў думках, колькі выйдзе на грошы Мітрафанава цана, Вайтовіч адвёў свой погляд ад акна і зірнуў у вочы Васільцу.

— Зашмат просіш, пане... Войцік плаціў сто пяцьдзесят кілё і халацік з рызмана пашыў...

— Пан ведае і такую дробязь,— усміхнуўся Мітрафан.

— О так, сёе-тое знаю.

— Дык жа, проша пана, майце на ўвазе, работа была не тая. У Войціка — авечкі, а ў вас — каровы.

— Выходзіць, калі б я наймаў да коней, дык пан Мітрафан яшчэ большую цану загарадзіў бы...

— Само сабою зразумела, проша пана, коні — не авечкі...

— А гусі — не куры, так ці што? — зарагатаў з Мітрафанавых довадаў Вайтовіч. — Сто пяцьдзесят кілё і боты — мая цана.

— Мала, проша пана. Калі б дзвесце пяцьдзесят, то можна яшчэ гаварыць...

— Хо-хо, пан Мітрафан дарагі...

— Хлапчук варты такой цаны, проша пана.

Зноў застукаў наском левага бота Вайтовіч, зноў пачаў рахаваць у галаве.

— Дзвесце кілё і боты,— ён рашуча ўстаў з табурэткі.

— Нявыгадна, проша...

— Як хочаш, Мітрафане, — перапыніў Вайтовіч, — нявыгадна — шукай лепшага пана, а я пашукаю таннейшага пастушка. Іх цяпер у кожнай вёсцы знайсці можна.

Васілец замітусіўся, занепакоіўся, каб хаця Вайтовіч сапраўды не кінуў яго сына. I поўнымі жалю і просьбы вачыма паглядзеў на пана.

— На беднасць, на дзяцей, проша панскае ласкі, накіньце яшчэ кіло дваццаць.

— Ні грама больш: дзвесце і боты.

— Няхай будзе па-вашаму, калі пан такі цвёрды, як крэмень, — і, павярнуўшыся да Грышы, Мітрафан сказаў: — Чуў, сынок? Пойдзеш да пана на падвышэнне. Хопіць табе з авечкамі важдацца.

Грыша чмыхнуў носам, пажаваў ніжнюю губу і скрозь слёзы спытаў у бацькі:

— А школу я і сёлета не скончу?

— Скончыш на той год. Школа не воўк — у лес на ўцячэ...

— I пазалетась казалі гэтак, і летась, і цяпер, — не стрымаўся ад крыўды Грыша і заплакаў.

Ганна падышла да сына, заступіла яго ад пана, палажыла сваю ласкавую руку на русую галаву і паціху, спагадліва пачала суцяшаць:

— Не плач, дзіцятка, супакойся. Што падумае пан пра цябе...

— Дарэчы, проша пана, са школаю як жа будзе? — спытаў Мітрафан. Хлапчук ходзіць у чацвёрты клас.

Вайтовіч махнуў рукою;

— Уладкуем як-небудзь...

— Дзякую пану. Войцік летась таксама, як і вы, уладкоўваў справу сам.

— Ну, калі ў нас усё дамоўлена, то няхай хлапчук збіраецца, а я пайду гляну, як там конь.

— Хочаце, проша пана, адразу забраць?

Комментарии к книге «Ты не адзін», Алесь Пальчэўскі

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства