Старую трохтонку, абсталяваную пад крыты фургон, нарэшце перастала трэсці на ўхабінах; колы загрукаталі па бруку, абшыўка жаласліва зарыпела. «Здаецца, прыехалі»,— уздыхнуў Андрэй Шаліма. У яго кружылася галава, а перад вачыма плавалі жоўтыя кругі. Трымаючыся аберуч за абшыўку, каб не паваліцца, ён дабраўся да невялічкай дзверкі, прыадчыніў яе. Ад халоднага, вільготнага паветра заняло дыханне. Андрэй зажмурыў вочы, а калі расплюшчыў іх, убачыў абапал брукаванай вуліцы драўляныя хаты, новыя платы перад імі, а на панадворках — пачарнелы ад дажджу бульбоўнік і высокія бадылі сланечніку. Пераехаўшы невялікі драўляны мост са звернутай на бок балясінай, машына трасанула на развітанне, потым крута павярнула ў завулак і спынілася перад вялікім, але занядбаным домам. Над яго расчыненымі дзвярыма вісела фанерная шыльда «Каргапольскі РК ЛКСМ Беларусі». Андрэй развітаўся з шафёрам, зухавата ўзбег па гнілых прыступках, а адтуль памалу ўжо, вытрымліваючы саліднасць увайшоў у памяшканне райкома. Адчыніў адны, другія дзверы — пакоі пуставалі. Шаліма ўжо збіраўся выйсці, як аднекуль з-за печы выйшла белавалосая, пухленькая дзяўчына.
— Вам каго, таварыш?
— Мне начальства.
— Івана Леанідавіча няма, абедаць пайшоў. Пагуляйце, ён хутка меўся прыйсці.
— Дзякую, нагуляўся. Больш трох гадзін падарожнічаў.
Дзяўчына войкнула, замітусілася.
— Праходзьце ў кабінет таварыша Тарашчука.
— Лепш да вас зайду. Аднаму непрыемна сядзець у чужым кабінеце. Вы загадчык сектара ўчоту Рэпкіна?
— Ага, Рэпкіна. Праходзьце.
Пакойчык быў маленькі. На стале ляжалі стусы папер, нейкіх журналаў. Тут жа стаяла партатыўная машынка. Дзве вялікія шафы і сейф загароджвалі сцены і палову акна. У пакойчыку было цесна і цёмна.
— Мяне Іван Леанідавіч і таварыш Караба папярэджвалі. Вы інструктар?
Андрэй збянтэжыўся, не ведаючы, што адказаць на такое пытанне. 3 поўмесяца назад яго паклікалі ў абком комсамола. Спачатку ён запоўніў анкету, напісаў аўтабіяграфію, потым з ім грунтоўна гаварылі інструктары розных аддзелаў, намеснікі загадчыкаў і самі загадчыкі. Усё гэта было ахутана нейкай таямнічасцю, якая развеялася толькі пасля таго, як ён быў прыняты першым сакратаром абкома комсамола. Нізенькі з пачырванелымі ад бяссонніцы павекамі, першы сакратар ні хвіліны не сядзеў на месцы. То ён заклапочана бегаў між сталом і этажэркай, то садзіўся на ўскрай тэлефоннага століка ці на падлакотнік старога чорнага крэсла, а то лажыўся грудзьмі на шырокі стол і, спяшаючыся, нібы баючыся, што Шаліма не вытрымае і пойдзе, сыпаў пытанні. Андрэй ледзь паспяваў адказваць.
— Моладзь любіш?..
— Зразумела. У комсамоле хочаш працаваць?
— Я ж працую...
— Вылучаць цябе думаем. Згодзен?
— Не ведаю, што вы...
— Табе яшчэ не гаварылі? Добра. Паедзеш сакратаром Каргапольскага райкома, — сакратар падбег да карты, тыцнуў рукой некуды ў поўднёва-ўсходні куток. — Але пра гэта пакуль нікому. Зразумеў? Мы толькі рэкамендуем. Канферэнцыя — усяму гаспадар. Першага сакратара мы здымаем. Другі — Лапшоў — застанецца. Зразумела! Раён добры... Далёка, глухамань. Дзічыны многа: зайцоў, лісіц, ваўкі таксама ёсць. Будзеш паляваць. Згодзен? Адмаўляцца, брат, не думай, нельга. Заўтра ў абкоме партыі з табой пагутараць. 3 абкома комсамола там будзе Караба, наш інструктар. Справу ён ведае. Ну, бывай, жадаю поспеху.
Так Андрэй Шаліма неспадзявана для сябе апынуўся ў Каргаполлі.
Памятаючы цвёрды наказ сакратара, Шаліма схлусіў Рэпкінай:
— Так, інструктар.
— А я вось даклад перадрукоўваю. Таварыш Караба ўвесь час бракуе. Некаторыя старонкі ўжо сёмы раз друкую.
Рэпкіна спрытна выняла аддрукаваны аркуш, уставіла новы, і яе пальцы заскакалі над клавішамі.
Увайшоў Караба, усцешна здзівіўся.
— Прыехаў? Цудоўна! Я тут адзін зусім закапаўся. Дзень і ноч шурую. Што яны тут рабілі, не разумею. Даклад не гатовы, кандыдатуры не падабраны, чорт ногі зломіць, а канферэнцыя на носе. Пойдзем, трэба пагаварыць.
Зайшоўшы ў сакратарскі кабінет, на дзвярах якога вісела акуратная шыльда з надпісам: «1-шы сакратар РК ЛКСМБ т. Тарашчук», Караба рассеўся ў крэсле, закурыў:
— Справы дрэнь. Цябе могуць пракаціць. У мяне нюх бездакорны, за сто кілометраў чую.
— Але ж комсамольцы яшчэ мяне не ведаюць.
— Ха, комсамольцьі! Тарашчук блок арганізаваў, паглядзіш. — Заўважыўшы, што Шаліма разгублена пазірае, ляпнуў па плячы. — Вышэй нос! Караба не з такіх пераплётаў выкручваўся. Рэвізор не выдасць, пракурор не з’есць.
Для Андрэя гэта была егіпецкая грамата. Навошта Тарашчуку скалочваць блокі? Навошта трэба прадаўжаць гульню ў хованкі?
— Можа ў канферэнцыі будуць другія меркаванні? — нясмела запытаўся Андрэй.
— Ха, меркаванні. Ты зусім яшчэ блазнюк. Нічога, абламаешся. Абедаў?
— Ідзі ў чайную. Рэпкіна? — Караба моцна грукнуў у сцяну кулаком. — Зараз Рэпкіна цябе ў чайную адвядзе і ў гасцініцу ўладзіць.
Увайшла Рэпкіна.
— Клікалі?
— Аформіш таварыша з жыллём, з кватэрай. Няхай да мяне ў пакой паселяць.
— Добра, толькі апрануся.
Не паспела Рэпкіна выйсці, як у кабінет зайшоў здаравенны дзяцюк, нястрыжаны і даўно няголены.
— Дзе ты прапаў, — накінуўся на яго Караба. Шаліма зразумеў, што гэта і ёсць першы сакратар райкома комсамола Тарашчук. — Канферэнцыя на носе, а ён спакойны. Дзе Лапшоў?
— Я яму не нянька, — Тарашчук распрануўся, патупаў на месцы, не адважыўся, відаць, папрасіць Карабу з свайго крэсла, сеў на мяккую канапу. — Шанцуе людзям. Наш цырульнік дзесяць тысяч выйграў.
— Ха, каму што, а ён пра выйгрыш. Даклад дзе, я цябе пытаю?..— Караба ўскіпеў і тут жа астыў. — Дзесяць тысяч, кажаш? А вось я за год поўсотні не выйграў.
— Я таксама. А наконт канферэнцыі не хвалюйся, правядзем.
— Кандыдатур у склад райкома няма. Колькі ў цябе маладых звеннявых?
— Дваццаць... Не, пачакай, здаецца, трыццаць. Рэпкіна!? — грымнуў ён у сцяну кулаком.
Ізноў у дзвярах з’явілася Рэпкіна.
— Колькі ў нас звеннявых?
— Дзевятнаццаць.
— Толькі? А маладых даярак?
— Трыццаць чатыры.
— Ну, дык гэта я звеннявых з даяркамі зблытаў, — спакойна заўважыў Тарашчук.
Караба пагардліва скрывіў рот.
— Сак-ра-тар! Што б ты рабіў, каб не Рэпкіна?
— Не было б Рэпкінай, была б Бурачкова ці Цыбулькіна. Ды што вы да мяне прычапіліся? Прыехалі здымаць — калі ласка. Я даўно ў вас прасіўся.
— Загаласіў. Трэба будзе, здымем.
Шаліма, каб не слухаць спрэчку, выйшаў.
Услед за ім выйшла і Рэпкіна.
— Я зараз.
— Дзякую, не варта турбавацца.
— Яшчэ заблудзіцеся, — Рэпкіна ўсміхнулася, — адказваць прыдзецца.
Шаліма паглядзеў на яе стаптаныя чаравікі, падумаў: «Гэтай дастаецца». А ўголас запытаў:
— Вам, мусіць, цяжка працаваць, часта прыходзіцца выязджаць.
Рэпкіна паглядзела на яго, здзіўленая такім пытаннем, і адказала:
— Я зусім не выязджаю. Сяджу ўвесь час у райкоме.
— I на вечарынках не бываеце?
— А вам навошта гэта ведаць? Іван Леанідавіч гаворыць, што вечарынкі — адна распуста.
— Вы і танцаваць не ўмееце?
— Не, я хаджу на вечарынкі ў «Зару». Там у нас няма пярвічнай арганізацыі, дык Іван Леанідавіч нічога не ведае. Я люблю патанцаваць.
— I правільна. Вось пачакайце, хутка не трэба вам будзе крадком на вечарынкі хадзіць.
— Ці не вы дазволіце? — Рэпкіна, хітравата прыжмурыўшы вочы, паглядзела на Шаліму. — Вось, каб Тарашчук ведаў, ён бы нам усыпаў. «Не салідна», — сказаў бы.
Шаліме хацелася адказаць на шчырасць шчырасцю. Сказаў:
— А я да вас сакратаром прысланы. Ці выберуць толькі?
— Выберуць,— рашуча заявіла Рэпкіна.
Андрэй спахапіўся: навошта ён раскрыў таямніцу нейкай дзяўчыне? Папрасіў:
— Толькі вы нікому не кажыце.
Надзя Рэпкіна аказалася кемлівай дзяўчынай, жартаўніцай і весялухай. Яна безупынку расказвала Андрэю розныя смешныя гісторыі, смяялася, а часам нават і кпіла з Андрэя.
Напярэдадні канферэнцыі яна падкалола яго:
— Заўтра выберуць сакратаром, тады да вас і не падыйдзеш. Скажаце так, як Тарашчук: «Цяпер ты са мной трымай сябе салідна». Ну, а пакуль вы не сакратар, запрашаю сёння ў «Зару» на вечарынку. Толькі ўмова: ніхто не павінен гэтага ведаць.
3 вечарынкі Андрэй прышоў позна, ледзь разбудзіў дзяжурную па гасцініцы. У свой пакой зайшоў на дыбачках, каб не патрывожыць Карабу. Але той прачнуўся, падняў з падушкі ўскудлачаную галаву, паглядзеў на гадзіннік.
— Позна. Да дзяўчат бегаў?
— Не, да хлопцаў, — агрызнуўся Шаліма.
— Глядзі, прыпаяюць маральна-бытавое разлажэнне, тады будзеш ведаць.
Шаліма хацеў аблаяць Карабу за пошлыя здагадкі, але той зноў унурыўся галавой у падушку і адразу ж захроп.
Канферэнцыя прайшла вяла, без усялякіх інцыдэнтаў, якія прарочыў Караба. Дэлегаты выступалі па загадзя напісаных шпаргалках, ніхто не збіраўся ствараць нейкія там блокі.
Толькі калі пачалі вылучаць кандыдатуры ў склад райкома і сярод іх было названа прозвішча Шалімы, дэлегаты ажывіліся. Пачуліся рэплікі.
— Гэта новы сакратар?
— Лабасты...
— Хоць бы не такі, як Тарашчук.
— 3 Лапшовым ніхто не паладзіць.
Шаліма спалохаўся, думаў, праваляць. Але яго выбралі адзінагалосна.
Назаўтра, прымаючы справы, Андрэй выявіў недахоп у касе. Паклікаў Рэпкіну.
Комментарии к книге «Новы сакратар», Александр Харитонович Осипенко
Всего 0 комментариев