Крутыя павароты (fb2) - Крутыя павароты 120K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Александр Петрович Капустин
Аляксандр КАПУСЦІН
КРУТЫЯ ПАВАРОТЫ
Аповесць
1
Завіруха, што лютавала цэлы тыдзень, сціхла. Паўночны вецер цяпер ледзь дыхаў. Затое мацнеў мароз. Ён забіраўся ў рукавы паліто, апякаў холадам твар, шчыпаў вушы.
Вараны бег роўнай рыссю. Вазок падскокваў па гурбах, рыпеў палазамі па рыхлым снезе. Паабапал дарогі пад блеклым святлом поўнага месяца і мігатлівых зор іскрылася беллю заснежанае поле. 3-пад капытоў рысака ляцелі камякі снегу і стукаліся аб перадок вазка. Часам яны заляталі ў вазок, і тады Сямён Пятровіч паварочваўся бокам, хаваючы твар у каўнер.
Конюх Мацвей Бяляк ужо некалькі разоў хацеў пачаць гаворку са сваім суседам, але Сямён Пятровіч неахвотна кідаў якую-небудзь няпэўную фразу і змаўкаў. «От, маўчун, — нездаволена думаў Бяляк, — быццам анямеў. I аб чым разважае? Мо кару каму-небудзь падбірае, каб заўтра толькі зачытаць?»
Не здагадваўся Мацвей, што думкі суддзі былі зусім пра іншае. А калі б здагадаўся — здзівіўся б: пра жонку пара думаць чалавеку.
Дык хто ж яна, тая дзяўчына, пра якую цяпер думаў суддзя?
Перад пачаткам сходу, пакуль збіраліся ў клуб калгаснікі, Сямён Пятровіч зайшоў у бібліятэку, што размяшчалася ў суседнім пакоі. Там было поўна моладзі. I вось гэты гаваркі вусач, што цяпер усё дакучае яму сваімі размовамі, сядзеў за сталом сярод хлопцаў і дзяўчат. У пакоі было ціха. Але вось Мацвей штосьці сказаў, і ўсе зарагаталі. Сямён Пятровіч з парога не разабраў ягоных слоў. I што конюх сказаў такое смешнае?
— Ну, ці ж Колас, га? —заўважыла невысокая круглатварая дзяўчына. Гаварыла яна з нейкім дакорам у голасе, але вочы яе так і праменіліся смехам.
Комментарии к книге «Крутыя павароты», Александр Петрович Капустин
Всего 0 комментариев