Кузьма Чорны
Маё дзела цялячае
I
Плюхаючы па лужах босымi нагамi, член сельскага Савета Юлiк Карнавух шпарка бегаў ад хаты да хаты i "зганяў сход".
Ткнуўшыся тварам у аконца Мацвеевай хаты, ён ахрыпшым голасам крычаў:
- Мацвей, дзе ты там?..
Мацвей, спалохаўшыся, што Юлiк гонiць у фурманку, кiдаўся ў хваробу браўся на печ i казаў адтуль жонцы:
- Тэклечка, скажы, што хворы.
- Мацвей хворы, - крычала Тэкля, - захаладзiўся, цягаючы картоплю... Усе вунь грудзi залажыла.
Ведаючы гэтую хваробу, Юлiк з усмешкаю крычаў:
- Што там за трасца: куды нi кiнься - усюды хворыя. На сход трэба iсцi, сельсавет новы выбiраць!
- Вось мо як узвалакуся, - казаў павесялеўшы Мацвей i ўжо спускаў ногi з печы, але бачачы, што Юлiк ужо прапаў з-пад акна, усцягаў ногi назад i пытаў у жонкi:
- Як ты, Тэкля, думаеш, iсцi цi не?
- Як хочаш, - цiха адказала Тэкля.
Мацвей як след укладаўся на печы i мармытаў сабе пад нос:
- Чорт яго пойдзе. Пакуль зацягнешся па гэтай гразiшчы, блiзкi свет. Ускiнь мне, Тэклечка, кажух на ногi...
- Янка, на сход! - крычаў тым часам Юлiк каля другое хаты.
Янка, не спяшаючы, падыходзiў к акну i пытаўся:
- Кажаш, на сход?!
- Але, сельсавет выбiраць.
- Ну, добра, - адказаў Янка, - як людзi будуць iсцi, то i я пайду.
- Што вам за трасца, - сярдзiта крычаў Юлiк, - усякi, лiха яму, спадзяецца на людзей. Ты iдзi, дык i людзi пойдуць! Трэба ж каму першаму iсцi.
- А чаго мне канешне iсцi першаму, - у сваю чаргу злаваў Янка. - Я ж кажу - як людзi, так i я.
- А няхай вас агонь папалiць, гэтакi народ. Тфу! - пляваў Юлiк i плюхаўся далей.
А Янка пазiраў праз акно, цi скора будуць iсцi "людзi".
- Хвёдар, - крычаў Юлiк каля трэцяе хаты, - скарэй адзявайся на сход!
- На сход? - таксама, як i Янка, дапытваўся Хвёдар.
Комментарии к книге «Маё дзела цялячае (на белорусском языке)», Кузьма Черный
Всего 0 комментариев