Віктар Карамазаў
Дзяльба кабанчыка
Ад аўтобуснага прыпынку Сцяпан не пайшоў на прасёлак, які кругам, паўз магільнік, вёў у вёску, а падаўся выганам, як бліжэй.
Таго выгану трыста крокаў, за ім — і матчын плот. Нагою адкінуўшы ў плоце штыкеціну, якая вісела на адным цвіку, Сцяпан прасунуў у дзірку сумку, паставіў за плотам, за ёю бокам пралез сам. Штыкеціну прыладзіў на ранейшае месца, быццам веснікі зачыніў.
Снегу і тут, у вёсцы, ані парушынкі, як усю дарогу ад Мінска, ні на выгане, ні ў садзе, хоць пара б ужо легчы. Падумаўшы гэтак, Сцяпан пастаяў пад яблынькаю, агледзеў, галаву задраўшы, чорнае голле, сумнае без лісця і яблык, абвёў вачыма чорную, падшэрхлую, не сагрэтую снегам зямлю, па якой вецер расцягаў бурае пакурчанае лісце, раскатаў дробныя гнілякі-яблыкі. Падышоў да старой грушы-вінёўкі. Яшчэ грушы віселі, вышэй — гусцей, ды буйныя, жаўтлява-зялёныя, нават лісце трымалася, пажоўклае. Паставіўшы сумку на зямлю, Сцяпан падскочыў, груш не дастаў, але галіну зачапіў — дажджом сыпанулі.
Падабраўшы з зямлі ладную, у руцэ ледзь месцілася, самую жоўтую грушу, кусануў, але ні грама не адкусіў — камень каменем. Сок, праўда, лінуў, салодкі. Паглядзеў на яе, падзівіўся, падкінуў у руцэ і схаваў, пашкадаваўшы выкідаць, у кішэню.
Каля хлява, як заўсёды, прывітаў Арсік: выскачыў з будкі, звякаючы ланцугом, стаў на заднія лапы, пярэднімі гроб у паветры, нібы плывец у вадзе, цягнуўся мордаю да Сцяпана, вёрткім пушыстым хвастом, чорным, як увесь сам, мёў зямлю. Сцяпан прысеў ля сабакі, малога, хоць ужо старога — парода такая,— аберуч узяў галаву, лагодна, нібы вінаваты, глядзеў у адданыя сабачыя вочы.
— Ну што? Без мяне тут сумуеш? — Сабака аж калаціўся ад радасці, цёплым языком лізаў рукі, а Сцяпан яго адпіхваў.— Ды пачакай! Вось... прывёз і табе.
З кішэні балоневай курткі выцягнуў кулёк, разгарнуў на калене газетную паперу — падняў над сабакам вараную, са сваёй рабочай сталоўкі, рыбіну.
Сабака падскочыў, схапіў гасцінец і павалок у будку.
Маці выйшла з хаты. Два пустыя вядры ў руцэ — ішла па ваду. Сына заўважыла — спынілася пад акном. У рыжым, старым, кругом палатаным кажусе, у шарсцяной хустцы, якую Сцяпан купляў у Мінску яшчэ да арміі.
— Ну што ты стаіш? — спытала зводдаль і замоўкла, адно вачыма лагодна ўсміхнулася, нібы казала-клікала: ну падыдзі да мяне, сынок...
Вёдры на зямлю паставіла, сама падышла.
Упартая стрыманасць у Сцяпанавай натуры змалку: руку падаў і больш — ані знаку, што рады сустрэчы з домам, з маці. Але гэта — адно першая хвіліна. Потым як глянуў маці ў вочы, малыя, нявінныя, нейкія галубіныя, з самотнай пякучай чырванню, у гусцейшых, як апошні раз, калі бачыліся, маршчынах, сэрца скранулася: сунуўся халодным носам у матчын твар, пацалаваў у шчаку. Ад непрывычкі засаромеўся сваіх раптоўных пачуццяў — адхінуўся, апусціў вочы, быццам не ведаў, як апраўдацца.
Маці сама знайшла словы, ціхія і простыя, нібы не заўважыла сынавай разгубленасці:
— Вось ты, Сцёпа, узяў мяне за руку, і яна ўжо заныла.— Левай памацала правую, пад локцем.— Сёння ноччу была аднялася. Я і ў хустку ўкручвала, і шкіпінарам націрала.
— Да доктара ці хадзіла?
— А што доктар? Кажа, гэта ад нерваў. Ад сэрца. А калі так, то якое лячэнне?
— Як жа ты робіш? — паспачуваў Сцяпан.
— А так і раблю. Пасяджу, пастагну, крыху адпусціць. А пасля зноў. Добра, што прыехаў. А то б і не ведала, як з кабаном управіцца.
— Гэта мне Волька сказала, каб ехаў, што ты кабанчыка біць надумала. Учора б выехаў, ды рабіў позна, у другую змену. А сёння ў мяне выхадны. I заўтра.
— Волька ж прыедзе?
— Абяцала.
— А Вера? Яна ці ведае?
— Волька званіла.
— Каб хоць раз усе сабраліся. А то на каляды вас не дачакаешся. Веру ад самай вясны не бачыла. Гразілася, што сенаваць прыедзе, і не прыехала. Забываеце на вёску, на матку.
Яна залыпала вачыма, і Сцяпан, ведаючы, якія лёгкія ў яе вочы на слёзы, паспяшаўся загаварыць пра іншае:
— Ідзём, кабана пакажаш.
Яна адчыніла хлеў, і цёплы, густы дух гною чухнуў у твар, выкаціўся на двор, а з двара святло ўкацілася ў хлеў, высвеціла высокі груд саломы ад сцяны, пад страхою, сячкарню, нацярушаную пад ёю сечку, з другога боку — загарадзь, слупы і жэрдкі, паабгрызеныя кабанамі, закарэлыя. Кабаны совалі паміж жэрдак лычы, доўгія і шэрыя, нібы ў дзікоў, рохкалі, грызлі жэрдкі, варушачы ружовымі пятакамі,— прасілі есці.
Маці падышла да загарадзі, і Сцяпан падышоў, стаў побач. Глядзелі на кабаноў. Іх было два, не вельмі ўкормленыя, але рослыя, роўныя — як адзін, так і другі, не адрозніць. Для маці затое не аднолькавыя:
— Вось гэтага вастралычага прыбяром. Вась-Вась!..— злавіла свінячае вуха, пачухала.— Гэты слабей есць. Абодва елі — толькі давай, хапалі, а пасля што з гэтым зрабілася?..
— Ну... пайду па Лёніка.
Сцяпан выйшаў на вуліцу. За веснікамі пастаяў, агледзеўся. Вуліца была пустая: ні людзей, ні сабак, ніводнай жывой душы. Падумаў, што ўжо даўно не раніца, трэба спяшацца, але пачуў, як за спіною звякнулі матчыны вёдры,— схамянуўся: трэба ж вады прынесці, каб маці хоць сёння не рвала хворыя рукі. Але яна ўжо заварочвала за хлеў, дзе калодзеж.
Вокны Лёнікавы на тым самым баку вуліцы, што і матчыны, праз тры двары. Сцяпан прасунуў руку між штыкецін, адкінуў зашчапку, прычыніў за сабою веснікі, па раўнюткім, з дошак, тратуарчыку прайшоў да новага ганка. Не спяшаючыся ў хату, агледзеўся, падзівіўся, як Лёнік, малады гаспадар, на якія тры гады старэйшы за Сцяпана, усё ля хаты давёў, панабудаваў хлевушкоў, нават лазенку. Без памочнікаў, сам. I цесля і сталяр.
Ён і цяпер рабіў: стаяў пасярод сянец ля стала, на якім ляжала шкло, прымерваўся доўгай лінейкаю, трымаючы паміж пальцаў алмаз.
— Здароў, вечны тружанік! — прывеціў Сцяпан.
Той спадылба, праз бялявыя валасы, звешаныя на вочы, паглядзеў на госця, не адрываючы рук ад шкла і лінейкі, бадзёра, Сцяпану ў лад, адказаў:
— Прывет рабочаму класу!
Шаркнуў алмазам уздоўж лінейкі, пасунуў шкло на край стала, лёгенька разламаў напалам. Павярнуў другім бокам, зноў прыклаў лінейку, зноў шаркнуў — шкло хруснула, дзынкнула, вузкі пасак раўнютка адскочыў. I толькі цяпер Лёнік паклаў алмаз, падаў госцю руку.
Пад вялізным, на паўсцяны, акном веранды стаяла такая самая фрамуга, яшчэ жоўценькая, свежая, нядаўна з-пад гэбля.
— Падвойныя ў сенцах? Здаецца, ніхто не ставіць,— заўважыў Сцяпан, здагадаўшыся, што задумаў сусед.
— А я пастаўлю.
— Адзін дома?
— З малым.
— З Віцем?
— Другога пакуль няма. Пад другога яшчэ толькі падмурак завёў,— з годнасцю ўсміхнуўся Лёнік.
— Валя дзе?
— На ферме. Ну заходзь у хату.
Лёнік шырака адчыніў перад Сцяпанам дзверы, але Сцяпан іх зноў зачыніў:
— Пойдзем да мяне.
— А што ў цябе? Чарка? Скварка?
— Трэба кабана закалоць. Швайка ёсць?
Сусед змоўчаў, але па тым, як паглядзеў на свае брудныя штаны, на далоні, як зняў са сцяны старую фуфайку, ускінуў на плечы, як узяў з падаконніка кепку, хвастануў ёю па калене, выбіў пыл з пілавіннем, ускінуў на галаву, Сцяпан зразумеў, што Лёнік ужо збіраецца, без лішніх слоў. Тут жа, у сенцах, адчыніў дзверы ў клець, зайшоў туды, у цямноту, заляскатаў жалеззем, нештачка шукаў.
— Паяльную лямпу браць? — спытаў адтуль.
— Ёсць у маткі.
— Дзвюма хутчэй. А бензін?
— Можа, ёсць, а можа, няма.
На дне ў каністры плёскалася — вынес з клеці і лямпу і каністру. Паставіў адно і другое ля парога, прынёс шыла не шыла, штых не штых, тую самую швайку, да белага бляску надраеную жывым свіным салам.
— Ох і даўно яна табе служыць!
— Каб жа мне аднаму. Усёй вёсцы. Хто кабана ні б’е, усе да мяне: дай, Лёнік, швайку. Вяртаюць — і свежы кавалак у прыдачу. Можна кабаноў не трымаць, швайка пракорміць.
Ён ужо выйшаў на двор, а Сцяпан не паспеў, затрымаўся ў сенцах, калі хатнія дзверы адчыніліся і на дзвярной ручцы, ухапіўшыся за яе абедзвюма рукамі, павіс Віця, шасцігадовы Лёнікаў атожылак, мурласценькі, як бацька, з абвіслымі ніжэй пупка штанамі — абармот абармотам.
— Здароў, дзядзька Сцяпан!
Дзе ж таму дзядзьку не запыніцца з пляменнікам? Запыніўся, а малы, доўга не думаючы, схапіў за руку, пацягнуў у хату, прыгаворваючы:
— Ідзі-ідзі, не ўпірайся.
Сцяпан малых любіў, з імі часам знаходзіў большае паразуменне, як з дарослымі, з імі ўдавалася палюдску пагаварыць, без хітрыкаў, хованак, і таму, можа, малыя да яго ліплі таксама. А з Віцем дружба асаблівая: нейкі ён не такі, як усе малыя. I сур’ёзны, часам, здаецца, мудры, нібы дзед, і смешны — душою з ім адпачнеш. Вось і цяпер пасадзіў Сцяпана за стол, сам сеў насупраць, падпёр галаву кулаком, пытаецца:
— Ты да каго прыйшоў? Да мяне ці да майго бацькі?
Паспрабуй сказаць, што да бацькі.
— Справа ў мяне, Віця,— пачаў выкручвацца.
— Эх, дзядзька Сцяпан! — пакутліва, нібы стары,
уздыхнуў хлопчык.— Цяжка мне тут жыць. Няма з кім пагаварыць. Думаеш, з бацькам пагаворыш? Маці качку зарэзала, дык ён кажа: дай абсмалю паяльнай лямпаю. Заліў у лямпу салярку і смаліць. Ну, галава старая? Качку тую да носа не паднесці, смярдзіць саляркаю. Во які ў мяне бацька. А маці лепшая? Узяла ды выкінула тую качку сабакам. Пытаюся: навошта ты качку сабакам выкінула? Ужо як-небудзь з’еў бы, давячыся. Не чуе быццам.
Комментарии к книге «Дзяльба кабанчыка», Виктор Филимонович Карамазов
Всего 0 комментариев