Палеская элегія (fb2)
- Палеская элегія 3332K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Николай Семёнович Купреев


Мікола КУПРЭЕЎ
Палеская элегія
Аповесці
Мінск , Литература и Искусство» 2007
Серыя заснавана ў 2007 годзе Укладальнік Л. М. Галубовіч
КупрэеўМ. С.
К 92 Палеская элегія: аповесці / Мікола Купрэеў, укладальнік
Л. М. Галубовіч.— Мінск : Литература и Искусство, 2007.—
312 с.: іл— (Лімаўскі фальварак).
15ВИ 978-985-6720-21-8
Мікола Купрэеў (1937—2004) — вандроўны паэт з Айчынай у «жураўліным сэрцы». «Палеская элегія» — пасмяротная кніга пісьменніка. Аповесці, сабра- ныя пад адной вокладкай, — гэта яго мастацкая аўтабіяграфія. Пісьменнік, які во- ляй лёсу амаль усё жыццё адпрацаваў настаўнікам літаратуры ў школах Палесся, які ўздоўж і ўпоперак зведаў гэтыя мясціны як краязнаўца, вельмі тонка вывучыў своеасаблівую натуру палешукоў з іх непаўторным укладам жыцця, звычкамі, све- тапоглядам. Таму вобразы купрэеўскіх герояў надзвычай каларытныя, як і асоба самога аўтара, які пакінуў пасля сябе на нашай зямлі не толькі «светлае імгненне», але і бяспрыкладную любоў да роднага краю. А кніга ў цэлым — гэта светлая спо- ведзь сірочай душы пасярод агульнай адзіноты, скоранасці і сумненняў.
I8ВN 978-985-6720-21-8
УДК 821.161.31 ББК 84(4Бей)-44
© Купрэеў М. С., 2007 © Афармленне
РВУ «Литература и Искусство», 2007
АБРЫСЫ ТВОРЧАЙ ПОСТАЦІ ПІСЬМЕННІКА
ГУТАРКА ЛЕАНІДА ГААУБОВІЧА 3 МІКОЛАМ КУПРЭЕВЫМ, ЯКАЯ АДБЫЛАСЯ НА ПАЧАТКУ 1994 г.
Г.: Мікола, даволі пагаманілі мы з табою сам-насам, а вось зараз давай рызыкнём вынесці нашу размову на публіку. Усё вельмі проста, прынамсі, як для мяне, журналіста, які звык варушыць чалавечыя душы. Вось цыгарэты, вось кава... Кавы не п'еш?.. Пачакай, гляну ў буфет... Павінна недзе гарбата быць...
Ну што, цяпер можна пачынаць? А з чаго ж нам пачаць? Давай з каламбура: з чаго і з каго пачаўся паэт Мікола Купрэеў?
К.: Упэўнены, ніхто з Паэтаў (сябе я, канечне, не адношу да гэтай шаноўнай касты з вялікай літары) не помніць, з чаго і з каго пачаўся. Як ніхто з людзей не помніць сваіх першых крокаў па зямлі, сваіх першых вымаўленых словаў. Толькі версіфікатар, графаман можа сказаць: з таго і таго, тады і там. А юны чалавек са шчымлівай, трапяткой душою не скажа, нават не шапне, а проста няўцямна падумае: можа — у лесе, можа — ля ракі, можа — ля вакна, расчыненага насцеж у сонечна- зялёны ранішні свет роднага падворка, а можа, і хутчэй за ўсё, крыху пазней — ля слядоў дзяўчынкі, калі цікаваў за ёю з-за дрэва, з-за куста, ЦІ ля яе блізкага дыхання за пярэдняй партай; а можа — калі вучыў і ніяк не мог вывучыць на памяць «Мой родны кут! Як ты мне мілы!..» Не мог вывучыць на памяць таму, што побач з коласаўскім словам раптам страпянулася апантанымі крылцамі і сваё слова... Але ён нічога гэтага ўжо не помніць — бо то быў проста працяг жыцця, але жыцця Ужо нейкага нетутэйшага...
Настаўнік прыходзіць да творцы-пачаткоўца сам. Дакладней: патэнцыяльны настаўнік-паэт і патэнцыяльны вучань-паэт ідуць, імкнуцца адзін да аднаго на сустрэчу і, сустрэўшыся, злучаюцца ў адну душу. Той настаўнік можа быць жывым сучаснікам, а можа быць ужо даўно па-за сваёй фізіялагічнай існасцю, але — не па-за паэзіяй. I неабходна, каб вучань хоць зрэдку паказваў-чытаў яму свае творы — яны ж злучыліся ў адну душу, і таму таленавітаму пачаткоўцу неабходна гэта — павяраць свой радок (!) духоўнай і эстэтычнай сутнасцю паэзіі куміра. Паўтаруся: павяраць сутнасцю, а не радком яго, не слоўнікам яго...
Такое адбываецца, калі пачатковец жадае мець настаўніка-паэта (дарэчы, настаўнікамі-натхняльнікамі могуць аказацца і празаікі, напрыклад: I. Бунін, М. Гарэцкі, Я. Брыль).
Але ж былі, і ёсць, і будуць пачаткоўцы-адзіночкі, пры тым — зацятыя, якія ад усіх адмахваюцца рукамі, упарта ўцякаюць ад усякіх уплываў, хоць нехта ж некалі і даў ім паэтычны штуршок, узрушыў чуйнае сэрца.
Але мы тут гаворым пра тое, як бывае — пра настаўніцтва і вучнёўства.
У маім сціплым выпадку ўсё, здаецца, пачалося з «Кургана» Янкі Купалы. «Курган» я ўпершыню прачытаў (ці пачуў — не помню) у другім ці трэцім класе, і паэма мяне так уразіла, што я доўга маўчаў у сваім кутку ў хаце, — уразіла нейкай дзівоснай, незразумелай тады, і прыгожай, і страшнай музыкай, сваімі не ўсюды зразумелымі і, зноў жа, страшнымі словамі. Гэта было насланнё, начараванне, штуршок на задуменнасць у сваім самотніцкім кутку...
Настаўнікам маім Янка Купала не стаў. У юнацтве растрывожылі мяне, падштурхнулі сесці перад чыстым аркушам паперы і нешта (нешта!) напісаць на ім Максім Багдановіч і Аляксандр Блок. Доўга пакутаваў музыкай і раскаванасцю іх паэтычнага радка (у «Страцім-лебедзі», у «Вольных мыслях» ). А крыху пазней, але ўсё яшчэ ў юнацтве добра-такі патрывожылі палякі Галчынскі і Тувім, іспанец Лорка, француз Прэвер, летувіс Марцінкявічус. Але і яны настаўнікамі, у вузкім значэнні гэтага слова, не сталі, як не маглі імі стаць ні для кога. Ага!.. Усе згаданыя мною паэты, пачынаючы ад Купалы, зліліся з часам у адну Асобу, асобу Паэта, да якое хацела далучыцца і мая перыферыйная душа.
Калі мы павялі ўжо гаворку пра настаўнікаў і вучняў дык хачу тут успомніць...
У 50-я гады я вучыўся ў Івацэвіцкай сярэдняй школе. Там працаваў завучам Якаў Дзмітравіч Янчанка, выкладчык рускай літаратуры, інвалід вайны. У яго быў прыгожы адухоўлены твар. На школьных вечарынах ён чытаў са сцэны паэмы Пушкіна. Да вайны Якаў Дзмітравіч вучыўся ў мастацкім інстытуце. Пасля вайны давялося, замест мастацкага, закончыць філалагічны факультэт універсігэта. Але ён не кінуў жывапіс: навучыўся маляваць левай рукой. У калідорах, кабінетах школы віселі яго карціны. Ён «заразіў» школу: шмат хто з вучняў асабліва хлопцы, сталі маляваць — дома, у школе, нават на ўроках матэматыкі. Прафесійных мастакоў з нас не выйшла, але, ведаю, некаторыя і цяпер, пад старасць, працягваюць маляваць, і нават няблага. (Дарэчы, некалькі гадоў таму ў «Нёмане» былі апублікаваны вершы таго ж Янчанкі.)
А цяпер пра сябе ў падобнай сітуацыі. Хоць твар мой і не прыгожы, і не адухоўлены, як у таго нашага завуча. У шасцідзесятыя гады я працаваў завучам Чудзінскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна, на маляўнічым беразе былой ракі Лані. Я ўжо лічыўся маладым паэтам, друкаваўся ў «Маладосці» і мясцовых газетах. Мае вучні ведалі пра гэта. Адзін з іх — Алесь Каско — усур'ёз заняўся паэзіяй і з цягам часу стаў вядомым паэтам, выдаў некалькі зборнікаў і цяпер нават узначальвае Брэсцкае абласное аддзяленне СП Беларусі.
Потым я працаваў у Сташанах Пінскага раёна, таксама ў школе. Тут мае вучні ведалі, што ў мяне ўжо ёсць кніжачка вершаў. Гэта некаторых з іх інтрыгавала і «падбівала» на свае вершы. Сярод гэтых некаторых былі Мікола Антаноўскі і Анатоль Шушко. Нядаўна і той, і другі выдалі пад эгідай «Маладосці» свае паэтычныя зборнікі. Дык вось, усе трое, калі былі вучнямі, вершаў мне сваіх не паказвалі. Як прызнаваліся пасля Каско і Шушко,— яны саромеліся іх паказваць, а былі, паўтаруся, проста заінтрыгаваны: «Як так? Наш настаўнік піша вершы. А мы што — не можам?» Толя Шушко прызнаўся нават у тым, што цікаваў за мною з-за дрэва, з-за куста, калі я летам прыходзіў да сажалкі, і ён глядзеў, ці пішу я там што. А потым ён прыбягаў дахаты і пісаў сам. Тым летам, калі Толя заканчваў сярэдняю школу, яго першыя (!) вершы былі надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва». I цяпер я рады, што гэтыя тры хлопцы працуюць у паэзіі больш апантана, чым іх былы школьны настаўнік. От як бывае!..
Вось і ты, прабач, Лёня, нагадваеш зараз вучня, якому не абрыдзела слухаць настаўніка. У старасці ўсе мы любім пагаварыць-паўспамінаць. Але ты, відаць, яшчэ ў тым узросце, калі ёсць патрэба слухаць...
Г.:Ведаеш, цябе люба слухаць... мова ж вельмі народная, не літаратурная. Вось пра мову і добра было б працягнуць нашу гаворку...
Комментарии к книге «Палеская элегія», Николай Семёнович Купреев
Всего 0 комментариев