Черный Кузьма
Заўтрашнi дзень
Тым летам мурашнiк перавысiў першы сук старой ялiны. Цяпер ён даходзiў да другога сука. I раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкi бегалi ў траве. Нехта хадзiў тут, хто не ведаў ходаў i сцежак, убiўся ў мурашнiк, набраўся голак з мурашкамi, выйшаў з узлесся ў поле i сыпаў з сябе яловымi голкамi па цалiне аж да арабiны з ададранай галiнаю. Пад арабiнай былi цэлыя камякi з мурашнiку, i вялыя з холаду мурашкi поўзалi па каструбаватай кары старой арабiны i на зямлi пад ёю. Самi яны не маглi сюды дайсцi так далёка ад лесу, у поле. Той невядомы нешта тут рабiў каля дрэва, гэта няйначай было так. Напэўна, ён i цяпер недзе тут паблiзу, ён не паспеў яшчэ далёка куды адысцiся, у мурашнiку ён нядаўна коўзаўся, сляды свежыя, i дажджы з ветрам не паспелi яшчэ ўпляскаць у зямлю пад арабiнай i на сцежцы яловых голак. I нiхто нiдзе не заўважыў, каб якi-небудзь бадзяга iшоў дзе або круцiўся полем цi лесам, шукаючы дарогi. Праўда, гэта мог быць спрактыкаваны хiтрун i прайдзiсвет, якi цiхом высачыў, што яму трэба было, i знiк сабе так, што цяпер шукай яго разам з ветрам у полi. Можа i так. Але гэта была б вялiкая ганьба таму, хто недапiльнаваў яго. I першы, каму за гэта была б, цi можа ўжо i ёсць, ганьба, гэта Коля Сушчэвiч. Ён быў цяпер вельмi ўзбуджаны i ўражаны, гэты Коля. I з дзвюх прычын. Першае - гэта тое, што сама справа была вельмi цiкавая сваёй таемнасцю. Нехта ходзiць, i нiхто яго ўбачыць не можа. А другое - гэта ж ён, Коля, праспаў у шапку таго невядомца, якi можа тут нарабiць вялiкага зла. Хоць можа гэта, калi раздумацца, быў хто-небудзь нявiнны i цiхi, а можа i не чалавек, а прыблудная жывёлiна ўбiлася ў мурашнiк i бадзялася па полi. Як бы там нi было, Коля Сушчэвiч быў вельмi ўзнепакоены. Здавалася, што ён аж схуднеў за той дзень, хоць яму i худнець лiшне не было чаго. Плечы яго былi вострыя, i здавалася, што ён занадта доўгi на рост паводле сваёй дзiцячай вёрткасцi. Яму было цяпер год трынаццаць. Можа i больш крыху. Як шпарка прайшоў час! I як зацягнулася вайна! Калi яна пачыналася, Коля быў зусiм малы. Вялiкi смутак точыць яго душу, як толькi на думку яму прыйдзе тое, што было калiсьцi. Адзiн толькi ўспамiн аб мацi забiвае дух i, як стопудовы камень, цiсне яго ўсяго. Мацi была (цi здаецца гэта яму цяпер?) высокая ростам, i рукi яе заўсёды пахлi мылам, а валасы пахлi раннiм вечарам, ружовым захадам, калi ўжо лета пайшло на восень, i канае дзень, i вецер дзьме з саду ў адчыненае акно. Так асталося ў яго памяцi, i пахнуў вечар полем. У
Комментарии к книге «Заўтрашнi дзень», Кузьма Чорный
Всего 0 комментариев