Багумiл Грабал
Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных
Пераклад: Ян Максiмюк
Як i да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзiць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта бiў чалом Царкве, але там ля плябанii была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкiя машыны, амэрыканскiя грамафоны на дзьве спружыны i вогнегасiлкi фiрмы "Мiнiмакс", i той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкi, i яны часта начавалi ў Алтмана ў заднiм пакойчыку, а калi прыходзiла лета, ставiлi ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсунi выносiлi грамафон i пяялi й курылi й загаралi ў купальнiках, ну дзiва дзiўнае, як у небе ў iх тамака было, як у нейкiм раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзiў каля плоту на рэвiзiю, бо зь сьвятарамi яму быў нешанцунак, адзiн вiкары зьбег зь ягонай пляменьнiцай у Канаду, другi перайшоў у чэхаславацкую царкву i ажанiўся, а трэцi парушыў забарону i пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралi, а так закахаўся ў адну, ажно застрэлiўся ад нешчасьлiвага каханьня, з рэвальвэру або браўнiнга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былi хлапчукамi пазычылi адзiн i стралялi ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнiнг i мы не змаглi ўжо сабраць яго назад i хацелi застрэлiцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце, дык я мог калi захачу пайсьцi да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзiў выстраены, у крацястых нагавiцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гiльзу "Мiнiмакса", як дыплямат, сонейка сьвяцiла, а тыя дзяўчаты ў купальнiках ляжалi на плахтах нiбыта якi хаўрус "Паклоньнiц сонца", было iх шэсьць i ляжалi яны наўзнак з рукамi падкладзенымi пад галоўкi з высока зачасанымi фрызурамi ды глядзелi наўмысна ў аблокi, каб пакiнуць свае целы на папас мужчынскiм вачом, але я, як што быў чульлiвы як Моцарт, i абагаўляў эўрапейскi рэнэсанс, зiркаў на iх як кракадзiл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другiм вокам на тыя ножкi, закладзеныя адна за адну, прыгажунi ўвесь час калыхалi сваiмi лыткамi, а па мне бегалi мурашкi, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькiмi красунямi? хiба што толькi кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьнiўся мне прыемны сон, як мне прымроiлася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэi, але я ня меў лятарэйнага бiлета, ну так, бачыць пекара ў сьне азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлiчак i Хрыстос, тыя нiколi не сьмяялi
Комментарии к книге «Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)», Богумил Грабал
Всего 0 комментариев