Людміла Рублеўская
АВАНТУРЫ ПРАНЦІША ВЫРВІЧА, ШКАЛЯРА І ШПЕГА
Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
© Л. Рублеўская, 2012
Медны шэлег[1] — гэта вам не срэбны грош… І тым болей не чырвоны талер.
Але каб вызначыць, куды далей рушыць з гэтага няўтульнага раздарожжа, дзе толькі і ёсць што тры асіны, пахілены драўляны крыж ды вялізная, як саксонскі ложак караля Аўгуста, і бяздонная, як кішэні ягоных амаратаў[2], лужына, дык і мядзяк прыдасца.
Пранцысь — учорашні навучэнец Менскага езуіцкага калегіюму, а сёння — прайдзісвет, галадранец, валацуга, галыганец ды як яго там яшчэ ўшаноўвала гандлярка булкамі на Ніжнім рынку, і што наперадзе — невядома, бо ў васемнаццаць гадоў нават святы Францішак Асізскі меў у галаве вецер, а ў руках — чарку віна…
Праўда, віном, салодкім і спакусным, нібы яблык у руцэ прабабулі Евы, як відаць, пачаставацца Пранцысю выпадзе яшчэ не хутка… Маем на ўвазе — за ўласны кошт.
Але дзе-небудзь ды знойдзецца халяўны келіх для не дужа моцнага, але ладнага блакітнавокага шкаляра з усмешлівымі вуснамі і ўпартым русявым чубам…
Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры — ясная справа, кампаніі, нават такой жа мядзянай, у торбе гаспадара яму не прадбачылася. Баявіты вершнік з мечам на цьмяным твары манеты скакаў у бок Валожына. А можа, Варшавы… Ці Дрэздэна…
А чаму б шкаляру, які дасканала авалодаў кухоннай лацінкай, не дайсці да Дрэздэна ці нават Рыма? Паўсюль знойдзецца таўсманная гандлярка булкамі, якая час ад часу страчвае пільнасць дзеля вельмі карыснага для разгону флегмы і спальвання лішняй жоўці перабрэху з суседкамі па кірмашы, і ўжо, ясная справа, не здольная дагнаць жвавага, як вадкае срэбра, нашчадка згалелага шляхецкага роду Вырвічаў герба «Гіпацэнтаўр» — на якім некалькі стагоддзяў кентаўр з сімпатычным, дужа рахманым тварам замахваецца мячом на ўласны хвост, што ператварыўся ў ікластага цмока. Бацька, пан Даніла Вырвіч, а ён часам прыпадабняўся пасля карчмы пабітаму цмоку, казаў, выява на іхнім гербе азначае, што ў кожным хаваецца і анёл, і пакорлівая жывёла, і драпежны звер, і трэба заўсёды мець пры сабе бліскучы меч шляхецкай годнасці ды адвагі, каб застацца чалавекам…
Комментарии к книге «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», Людмила Ивановна Рублевская
Всего 0 комментариев