Дыялогі з Богам (fb2)
- Дыялогі з Богам (Я кнігу маю) 564K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Валентин Васильевич Акудович
Валянцін Акудовіч
ДЫЯЛОГІ З БОГАМ
Літаратурна-мастацкае выданне
Дыялогі з Богам : Філасофскія эсэі. 2-е выд., выпраўленае і дапоўненае / Валянцін Акудовіч. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2013. — 216 с. — (Сэрыя «Я кнігу маю»).
Упершыню кніга “Дыялогі з Богам” была надрукаваная ў 2006 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”.
ISBN 978-985-562-011-3
Суплёт інтэлігібельных рэфлексіяў
Карэктар Л. Наліўка
© Акудовіч В.В, тэкст, 2013
© Афармленне. Выдавец Логвінаў І.П., 2013
Выдавец І.П. Логвінаў, ЛІ 02330/0494468 ад 08.04.2009
Пр-т Незалежнасці, 19-5 220050, г. Мінск
Кніжыца, якой не мусіла быць
Я краў тры разы. Першы і трэці выпадак не дзеля гэтага аповеду. А вось другім, здаецца, будзе ў самы раз распачаць гаворку пра кніжыцу, якой не мусіла быць...
Я не памятаю дакладна, калі навучыўся чытаць, але, засвоіўшы гэтую справу, чытаў такім спехам, што, здаралася, бегаў у местачковую бібліятэку па два разы на дзень. Бібліятэкарка чамусьці не давала больш за тры кніжачкі ў адны рукі, а потым злавалася, што я адно гартаю іх дзеля малюнкаў і зноў скачу ў бібліятэку напускаць холаду.
Натуральна, у мяне не хапала адвагі нагадваць ёй, што хоць я яшчэ і маленькі, але ўжо чытаю некаторыя кніжкі і без малюнкаў, у чым нескладана пераканацца, пагартаўшы хаця б тыя, што цяпер у яе пад рукой... Я адно вінавата ўгінаўся і думаў, што калі вырасту, дык ажанюся не з жанчынай, а з бібліятэкай. Бо не было ў мяне тады іншага жадання, акрамя як чытаць і самому пісаць кнігі.
Калі б у тую пару мне прапанавалі на выбар: быць Уладаром усіх Сонцаў і Сусветаў ці лядашчым пісакам, нейкі твор якога ў лепшым выпадку прачытае ўсяго толькі выпадковы чалавек, я б не вагаўся ні хвіліны, бо тады быў пэўны, што быццё і людства створаныя адно дзеля таго, каб было аб чым пісаць кнігі.
Што там казаць, мне вельмі карцела і самому як мага хутчэй далучыцца да гэтай справы. Аднак, перш чым улегчыся ў перастварэнне свету, патрабавалася вырашыць адну сур’ёзную праблему: чым пісаць? Недарэчна было нават думаць, быццам пісьменнікі пішуць пёркавай асадкай, якой раз-пораз мусова дзяўбсці школьную чарніліцу.
І тады я скраў у старэйшага сябра аўтаручку... Але кнігу я тады не напісаў, бо бацькі майго старэйшага сябра (і сябры маіх бацькоў) неяк заўважылі ў мяне скрадзенае.
Было вельмі сорамна — і мне, і маім бацькам. Зрэшты, без таго пякельнага сораму сёння я б ужо і не памятаў, што першую сваю кніжку выдаў амаль праз сорак год пасля таго, як пачаў яе пісаць.
* * *
І была яна зусім не падобнай на тую, што я распачынаў у дзяцінстве. Хаця нікуды той хлопчык не знік, і самыя ўдалыя мае радкі ўсё яшчэ пішуцца ягонай, дасюль не ўпэўненай у пісьме, рукой.
Чалавек увогуле ніколі нікуды не знікае — некуды знікае тое жыццё, якім ён жыве. І насоўваецца іншае (некалі — апошняе), з новай вярэдай, якая захоплівае без астачы. Аднойчы пра гэтыя змены я выславіўся наступным чынам:
«Калі цябе вабіць жанчына — ты пішаш вершы. Калі цябе трывожыць чалавек — ты пішаш прозу. Калі цябе вярэдзіць быццё — ты пішаш філасофскае эсэ».
Неяк само так атрымалася, што яшчэ да таго, як склаўся зборнік вершаў, чалавек агулам мяне пачаў вабіць значна болей за жанчыну. І я забыўся на вершы, каб цалкам улегчыся ў прозу. Але пакуль пісалася кніга прозы, чалавек мяне перастаў цікавіць — зусім. (Ну што там цікавага? Нарадзіўся, апладніўся, памёр — вось і ўвесь чалавек.) Праўда, цалкам магчыма, што чалавек апынуўся па-за маёй увагай не з мізэрнасці чалавека, а з вусцішы быцця, якое раптам зачаравала сваёй магутнай тайніцай і тым самым адсланіла ад мяне ўсё астатняе.
Вось чаму мая першая кніжка сабралася не з вершаў і нават не з прозы, а з эсэ. Хаця ў Літаратурным інстытуце ў Маскве я вучыўся «на празаіка» і яшчэ колькі год пасля вучобы ўяўляў сваё будучае цалкам «празаічным».
Вярнуўшыся на жытво ў Мінск, я наўмысна пайшоў працаваць вартаўніком, каб заставалася даволі часу пісаць аповесці і раманы. Але пісалася не надта. І толькі пазней, калі мяне ўцягнула ў сябе і закружыла стыхія беларускай мовы, я зразумеў, з чаго гэта мне ў вартаўніцкіх каморках «не пісалася».
* * *
Стыхія беларускай мовы падобная да лавіны. Яна ляжыць маўкліва і непарушна — але адно да таго моманту, пакуль ты яе не зварухнуў...
Я нарадзіўся і трохі асталеў у памежным з Польшчай мястэчку Свіслач. У гады майго дзяцінства там размаўлялі на беларуска-польска-рускагабрайскай трасянцы. Прынамсі, так выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова — гэта не словы, мова перадусім — тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця... Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць — з самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як пачаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе. І мне не да галавы было пісаць па-беларуску турысцкія песні і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала (о то было гонару!) самая папулярная тады ў Беларусі газета «Знамя юности».
Пяць год у Маскве завяршылі маю русіфікацыю. Праўда, калі мы бралі добрую чарку, дык расейскіх сяброў раз-пораз дзівілі незнаёмыя ім выразы, што з глыбіняў маёй падсвядомасці самахоць праслізгвалі ў разрывы п’яной гамонкі. (Цяпер усё да смешнага наадварот. За той жа добрай чаркай з мяне, як чарцяняты з пекла, раз-пораз выскокваюць выдаленыя ў падсвядомасць рускія словы.)
Разам з тым канчаткова «обрусившая» мяне Масква стварыла перадумовы майго будучага «нацыяналізму». Напрыканцы вучобы я вырашыў, што калі вярнуся ў Мінск вартаваць сваю адзіноту, дык перачытаю ўсе мастацкія беларускія кніжкі (менавіта так — усе!). Цяпер я ўжо нават не памятаю, скуль тое жаданне ўзялося. Бадай, мне проста аднойчы зрабілася няёмка, што, няблага засвоіўшы не толькі расейскую, але еўрапейскую і сусветную літаратуры, я, лічы, зусім не ведаю сваёй. Які ж з мяне тады прафесійны літаратар?
* * *
Як я ўжо казаў, у вартаўніцкіх каморках мне амаль не пісалася, затое выдатна чыталася. Самае рознае, але перадусім — беларускае. Толькі чытанне як чытанне было нядоўгім, бо раптам са мною нешта здарылася, і я захлынуўся беларускім словам. Далей мяне ўжо цалкам абыходзілі героі і персанажы, сюжэты і фабулы, драматургія і мараль — засталіся адно словы. Кожнае з іх паасобку я смакаваў, як першую кроплю бярозавіку, а ўсе разам піў нагбом, не раўнуючы ўсмерць асмяглы, які ўжо і не чакаў напаткаць студню.
На апошнім трохі запынюся. У тую пару мне было за трыццаць, я меў жонку, двух дзяцей, трохі публікацый, званне «Майстру спорта СССР» (аблазіў амаль усе горы савецкай імперыі) і згубнае перакананне, што, па вялікім рахунку, усё ў мяне ўжо было: і каханне, і справа, і вышыня. А значыць, ад жыцця болей не варта чагосьці чакаць, і таму далей адно застаецца трымацца свайго лапіку быцця, пакуль яно ў нейкую хвіліну не выслізне ў цябе з-пад ног без астачы...
І тут здарылася мова!
Я ашалеў. Я сноўдаўся самнамбулай — як закаханы. Зрэшты, чаму «як»? Я і быў закаханы ў «матчыну» мову. (Ці не такім дзіўным чынам сублімаваўся і выявіўся ў мяне «комплекс Эдыпа», якога, засвоіўшы Фрэйда, ніяк не мог знайсці ў сабе адносна роднай маці.) Я без стомы прамаўляў розныя словы ды сказы (і ўголас, і сам сабе), і з гэтага ў мяне нават пачалі пабольваць тыя цягліцы твару, што варушаць вуснамі, бо ім давялося спехам перавучвацца расцягваць і скарачаць сябе па-беларуску.
У тым салодкім шаленстве мяне трывожыў хіба адзін момант. Чым болей я нагружаў сябе мовай, тым меншым рабіўся ментальны свет, у якім я знаходзіў сябе раней. Што за трасца? Зрэшты, досыць хутка я зразумеў, у чым тут справа. Гэта мова жывасілам выцягвала мяне з неабдымнай расейскай ментальнасці ў замкнутую сама на сабе нацыянальную Беларусь.
На тую пару я згодна з усімі лічыў, што вялікае заўсёды большае за малое. І калі з грамадзяніна свету я раптам апынуўся ўсяго толькі беларусам, мяне гэтая нечаканая метамарфоза не магла не ўстурбаваць. І ўстурбавала — аднак не моцна. Бо гэтаксама раптам я адчуў, наколькі мне ўтульна тут, у беларускім, і як мне было няўтульна там — у неабсяжным расейскім свеце.
Комментарии к книге «Дыялогі з Богам», Валентин Васильевич Акудович
Всего 0 комментариев