1. Беларуская Атлантыда
Прэзідэнт Літоўскай дзяржавы, што разлеглася ад Балтыйскага да Чорнага мора, сёння абмінуў сваю сталую звычку перадусім на працы ўключаць кампутар. Зачыніўшы дзверы кабінета, ён скіраваў да бурштынавай паліцы, дзе пад шклом марнавалася карона Вітаўта Вялікага. Здаецца, пасля свайго абрання, калі ўпершыню зайшоў у прэзідэнцкія апартаменты, ён болей і не звяртаў ўвагі на гэты архаічны сімвал улады. Але ўчора нанач жонка змусіла яго пачытаць бестселер маладога аўтара, пра які пісалі ва ўсіх газетах…
«Дзіўныя фантазіі часам здараюцца ў гэтых літаратараў, — думаў Прэзідэнт, гартаючы старонку за старонкай. — Асабліва ў наш час, калі ніхто не забараняе вярзці што заўгодна».
Аўтар пачаў раман з таго, што калі Вітаўту везлі карону праз Польшчу, дык там яе скралі. Далей — болей. Ён выдумаў, што маскоўцы захапілі і скасавалі Вялікае княства Літоўскае. Гэткага здзеку Прэзідэнт ужо не стрываў. Ён шпурлянуў кнігу на падлогу і раззлавана сказаў жонцы: «Ды што ён вярзе! Каб добра захацеў, дык маскоўцаў яшчэ б Альгерд усіх панішчыў». Але пасля супакоіўся і з посмехам стаў чытаць раман далей, дзе ўсё было зусім інакш, як напраўдзе.
У аўтара Літва сёння была маленькай правінцыйнай краінай, якая дзяліла былую тэрыторыю Вялікай Літоўскай імперыі з яшчэ дзвюма рэспублікамі, што мелі абсалютна недарэчныя назвы: Беларусь і Украіна. Да таго ж там размаўлялі на мове маскавітаў і чамусьці карысталіся кірыліцай.
— Шмат п’юць гэтыя пісьменнікі, — сказаў Прэзідэнт жонцы і болей чытаць не стаў.
Але сёння, калі трымаў карону ў руках, яму падумалася:
«А што было б, калі б карону сапраўды не давезлі да Вітаўта»?
І яму раптам зрабілася вусцішна…
Міні-фэнтэзі аўтара
Вячаслаў Ракіцкі: Кожны нацыянальна заангажаваны беларус збольшага ўяўляе тыя незлічоныя страты, што цягам гісторыі панеслі і наша зямля, і наш народ. Адно пералік гэтых стратаў, калі яго перавесці ў фармат кнігі, пэўна заняў бы важкімі тамамі не адну паліцу. Што праўда, шмат чаго беларусы гублялі і самі, абыякавыя да сваіх каштоўнасцяў, сваёй спадчыны, свайго наробку. Але гэтым разам мне б хацелася пагаварыць не пра матэрыяльныя, а пра нашыя сімвалічныя страты. З чаго пачнём?
— Бадай, з каралеўскай кароны Вітаўта. Гэты сюжэт добра вядомы, і таму паўторым яго адно ў некалькіх словах. Калі карону з усімі належнымі граматамі везлі праз Польшчу, яна там знікла. Пасюль ніхто не ведае імёнаў злодзеяў. Але, як кажуць, факт застаецца фактам: карону скралі…
Вячаслаў Ракіцкі: І з гэтага Вітаўт сышоў на той свет не каралём, а ўсяго толькі князем, а ягоная краіна так ніколі і не зрабілася каралеўствам. А калі б усё склалася так, як марыў і планаваў Вітаўт, дык што б гэта змяніла?
— На тую пару Вітаўт быў ужо добра пажылым чалавекам і да таго ж не меў нашчадкаў. А значыць, пасля ягонай смерці за карону ўсчалася б жорсткая бойка. Не станем гадаць, хто з гіпатэтычных прэтэндэнтаў меў болей шанцаў на перамогу, бо тады мы цалкам абрынемся ў жанр фэнтэзі. Адзначым для нас больш істотнае. Вялікае княства Літоўскае, стаўшы Літоўскім каралеўствам, ужо не акрайчыкам, а ўсім сваім топасам апынулася б у лацінскай цывілізацыі, і працэсы еўраінтэграцыі, кажучы сучаснай мовай, зрабіліся б на нашых землях куды больш інтэнсіўнымі ды сістэмнымі. А значыць, і ўся хада геапалітычных падзеяў у гэтым рэгіёне набыла б іншую логіку.
Вячаслаў Ракіцкі: Якую?
— Варыянтаў тут залішне шмат, каб нават пачынаць пералічваць. Але сярод іх я не выключаў бы і такі, у якім мы сталі б нагадваць Польшчу, гэта значыць, славянскі народ з лацінскай культурай. Інакш кажучы, мы былі б еўрапейцамі не толькі геаграфічна і гістарычна, але і цывілізацыйна.
Вячаслаў Ракіцкі: Што яшчэ, з сімвалічна найбольш істотнага, вам хацелася б згадаць у кантэксце нашай гаворкі?
— Сярод шматлікага іншага я б перадусім вылучыў этнонімы нашых продкаў, а менавіта этнонімы. На першым з іх паўстала Літва, на другім маскоўцы заманіфеставалі Расію. А мы засталіся ўвогуле ні з чым і таму доўгі час былі ўсяго толькі «тутэйшымі», пакуль у XIX стагоддзі нам не прышчапілі бюракратычна-паэтычнае найменне «Беларусь». Мы з ім звыкліся і нам яно нават падаецца прыгожым, але не будзем забывацца, што гэтым паэтычным канцылярытам нас адсеклі ад усёй нашай папярэдняй гісторыі. І цяпер кожны раз, зазіраючы ў мінуўшчыну, мы мусім займацца рознымі маніпуляцыямі, каб звязаць падзеі былога з цяперашняй Беларуссю. Згадаем хаця б «Біблію» Францішка Скарыны, выкладзеную мовай, якую ён сам называў «рускім языком». Паспрабуй патлумач сёння якому не лішне адукаванаму беларусу, а тым болей замежніку, што гэты «рускі язык» меў не шмат агульнага з тагачаснай мовай маскоўцаў, а рускі чалавек той пары ў сучаснай мове называецца беларусам ці ўкраінцам.
Вячаслаў Ракіцкі: Якога з гэтых двух страчаных этнонімаў вам болей шкада?
— Шкада абодвух, бо кожны з іх выказваў сваю этнічную праўду тых нашых продкаў, што ў розныя часы жылі на гэтых землях. Разам з тым, ні адзін з іх паасобку не ахопліваў і час, і прастору нашых продкаў напоўніцу.Скажам, этнонім ліцвіны як бы пакідаў за сваімі абсягамі больш ранейшую гісторыю, перадусім гісторыю Полацкага княства. Як і наадварот: ззяе непаўнатой і этнонім з корнем «рус», асабліва калі гаворка ідзе пра заходнія абшары нашага краю. І таму няцяжка зразумець Вацлава Ластоўскага ды ягоных паслядоўнікаў, якія ўжо амаль стагоддзе намагаюцца замацаваць за Беларуссю назоў «Крыўе», а беларусаў перайменаваць у «крывічоў» («крываў», «крэваў»). Тэарэтычна гэтая ідэя выглядае досыць прывабна, бо на нашых землях крывічы папярэднічалі і ліцвінам, і русінам, і таму этнонім «крывы» як бы здымае спрэчку паміж імі. Да таго ж ён надае беларусам гістарычную вершнасць у рэгіёне, паколькі наўпрост звязвае нашыя этнічныя пачаткі з глыбінямі паганскіх тысячагоддзяў. Але ў рэальнасці, здаецца, адэпты «крыўскай» ідэі не маюць ніякіх шанцаў пабачыць яе сімвалы на штандарах нацыі. Быць нам і надалей беларусамі, нягледзячы на ўсе тыя страты, якімі абцяжарыў нас гэты этнонім.
Вячаслаў Ракіцкі: Беларусы кажуць: «Хоць канём назаві, адно ў аглоблі не запрагай». Гэтая няхітрая прымаўка верагодна паўстала з нейкіх канкрэтных сітуацый, але разам з тым ці не дэманструе яна абыякавасць беларусаў і да таго, кім іх будуць называць: крывічамі, ліцвінамі, русінамі ці кім там яшчэ?
— Калі гэта насамрэч так, дык беларусы тут моцна хібяць. Сімвалічныя каштоўнасці значна даражэйшыя за хоць якія матэрыяльныя. Прыўлашчыўшы этнонім «літва», літоўцы змаглі перапісаць на сябе ўсю неверагодна багатую спадчыну Вялікага княства Літоўскага. І перадусім праз гэтую спадчыну яны сёння не толькі сфармаваныя як нацыя, але і атуленыя ад злыбеды гісторыі Еўрасаюзам. З іншага боку, замацаваўшы за сабой этнонім «Русь», маскоўцы займелі ўсе падставы патрабаваць сабе нашыя землі, як «исконно русские». Дарэчы, назваўшы нас «исконно русскими», яны часткова мелі рацыю. Але праблема ў тым, што самі маскоўцы «исконно русскими» якраз і не былі. Калі да каго гэтае азначэнне і можа быць больш-менш адэкватна дапасаваным, дык гэта да ўкраінцаў… А вяртаючыся да згаданай вамі прымаўкі заўважу, што не ў апошнюю чаргу і праз страту нашымі продкамі ўласнага імя расійцы запрэглі нас у каланіяльныя аглоблі на два стагоддзі.
Вячаслаў Ракіцкі: Атрымліваецца, што маскоўцы, спачатку абабраўшы нас на адзін з нашых крэўных этнонімаў, а затым захапіўшы нашыя землі, вызвалілі нас ад саміх сябе?
— Менавіта так. Праўда, у дэкларацыях яны вызвалялі нас не ад саміх сябе, а ад прыгнёту польскіх ды літоўскіх паноў, якія быццам трымалі тамтэйшых рускіх у няволі. Але пасля гэтага іх вызвалення мы яшчэ і сёння шукаем сябе і ў часе, і ў прасторы. Дарэчы, гэткі ж падыход да гісторыі беларусаў застаўся і пры бальшавіках, якія адно дадалі да яго яшчэ вызваленне беларусаў ад «гнёту расійскага царызму».
Вячаслаў Ракіцкі: А што з сімвалічных каштоўнасцяў у нас скралі бальшавікі?
— Бальшавікі нічога ні ў каго не кралі. Яны проста забіралі ўсё, што ім было патрэбна, каб перарабіць цэлы свет на свой капыл. На іхняй мове гэта называлася экспрапрыяцыяй. І пад яе аднолькава падпадалі як матэрыяльныя, так і сімвалічныя каштоўнасці. Але адну вельмі важную для нас рэч яны ўсё-такі менавіта скралі. Тут я маю на ўвазе крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэтая гісторыя не менш цьмяная, чым знікненне кароны Вітаўта Вялікага. Аднак незалежна ад таго, дзе і ў каго крыж сёння знаходзіцца, ён быў брутальна скрадзены, і вінаватая ў гэтым бальшавіцкая ўлада. Дарэчы, у адрозненне ад папярэдне згаданых сімвалічных каштоўнасцей, страта крыжа Еўфрасінні Полацкай канцэптуальна ў лёсе беларусаў здаецца нічога не змяніла. Але асабіста мне яго чамусьці шкада, як мала чаго яшчэ. Можа таму, што сярод сімвалічных толькі містычныя каштоўнасці лучаць нас з трансцэндэнтным. І калі гэтая лучва абрываецца, мы застаемся без неба над галавой.
Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер уявім, што ўсё нашае засталося з намі: і карона Вітаўта, і нашыя крэўныя этнонімы, і шмат-шмат чаго яшчэ, не згаданага ў гэтай гаворцы. Дык што б тады было?
Комментарии к книге «Архіпелаг Беларусь», Валентин Васильевич Акудович
Всего 0 комментариев