Чамяры і чамяроўцы (fb2)
- Чамяры і чамяроўцы 289K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сергей Николаевич Чигрин
Сяргей Чыгрын
ЧАМЯРЫ І ЧАМЯРОЎЦЫ
Гісторыка-краязнаўчы нарыс
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Чамяры і чамяроўцы. Гісторыка-краязнаўчы нарыс, — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Чамяры
Мікола Аўрамчык
Ад аўтара
Гэта быў анекдот, а можа і быль. Дзесьці ў 70-х гадах мінулага стагоддзя прыехалі калгаснікі на сельскагаспадарчую выставу ў Маскву. Іх там шчыра сустрэлі і пасялілі ў гасцініцу па чатыры чалавекі ў нумар. У гасцініцу ўладкавалі і чамяроўца. Сталі знаёміцца. Адзін мужык кажа, што ён прыехаў на выставу з Кіева, другі — з Курска, трэці — з Новасібірска. “А вы скуль?”, — пытаюцца яны ў майго земляка. “А я — з Чамяроў!” — адказаў той. Усе пераглянуліся і з усмешкамі прамовілі: “А-а-а-а!”.
Успомніў я гэта і тады, калі ўпершыню пазнаёміўся з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Чыгрынавым у 1981 годзе. Ён яшчэ не быў народным, але ўжо даволі вядомым літаратарам. Я вучыўся на першым курсе Белдзяржуніверсітэта. Неяк аднойчы пайшоў з аднакурснікамі на вечарыну ў Дом літаратара. Там я асмеліўся і падышоў да Івана Гаўрылавіча. “Ведаю, ведаю пра цябе, Сяргей. Але, дзе ты такое прозвішча ўкраў?”, — запытаўся пісьменнік. “Як дзе?! На Слонімшчыне!”, — адказаў яму здзіўлена, бо не чакаў, што з гэтага пачнецца наша знаёмства. “Мусіць ты з Чамяроў?!”, — зноў запытаўся Іван Гаўрылавіч. “Ды не, я — з суседняй вёскі”, — тлумачу яму. “А якая розніца, усе роўна ўсе Чыгрыны з Чамяроў”, — адказаў пісьменнік.
Мусіць тады Іван Чыгрынаў меў рацыю. Бо Чыгрыны, Бурсевічы і Міско — усе з Чамяроў, адсюль і пачынаюцца гэтыя прозвішчы. Многія чамяроўцы з такімі прозвішчамі ў ХХ стагоддзі праславілі на ўвесь свет не толькі свае Чамяры, але і Беларусь. Але пра гэта ўсё папарадку.
З гісторыі вёскі
Калі ехаць з Баранавіч на Беласток, то адразу пры шашы за Слонімам раскінулася вёска Чамяры. Яшчэ ў 1905 годзе ў ёй пражывалі 800 жыхароў, а цяпер — напалавіну менш (на 1 студзеня 2003 года — 197 двароў, 419 жыхароў). Тады вёска складалася з хутароў. І каб сёння ўсе іх абыйсці са старэйшым чамяроўцам-экскурсаводам, які расказаў бы пра лёс жыхароў кожнага хутара, не хапіла б і цэлага тыдня.
Паводле народнай легенды, яшчэ ў XIV стагоддзі ў даліне ракі Валобрынка пасялілася 17 сем’яў з урочышча Падоськавічы. З Падоськавіч яны ўцяклі ад эпідэміі чумы, якая там успыхнула ( у народзе гэтую хваробу на Слонімшчыне называлі чамер). Нават у сварцы можна было пачуць: “Ах, каб цябе чамер пабраў!”. [1]
Паводле іншай легенды, назва вёскі Чамяры паходзіць ад расліны чамярыцы, якой тады шмат расло ў пойме ракі Валобрынкі.
Вёска Чамяры знаходзіцца на шляху з Захаду на Усход. Усе войны, якія праходзілі праз Беларусь, не міналі Чамяроў. Нават сёння адзін з пагоркаў за вёскаю мясцовыя жыхары называюць Шведскаю гарою. У час Паўночнай вайны ў 1700-1721гадах тут шмат загінула шведаў. А тры іншых пагоркі, па словах чамяроўцаў, гэта брацкія магілы французскіх салдат і афіцэраў 1812 года. Праходзілі праз Чамяры яшчэ і нямецкія, і польскія, і рускія “вызваліцелі”. Ад іх толькі гінулі людзі, знішчаліся вясковыя хаты, сады, агароды, лес. Але Чамяры і чамяроўцы не скарыліся, выстаялі, перамаглі, адужалі шматвякавое гора і бяду.
У 1550 годзе вёска Чамяры (Чамяровічы, Чэмяровічы, Чамеры) ўпамінаецца як дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старосце Вялікага Княства Літоўскага. З 1594 года Чамяры становяцца цэнтрам войтаўства Слонімскага староства. Праўда, з XVII стагоддзя войтаўства знаходзілася на чыншавым становішчы, аднак землеўладальнікі рабілі спробу перавесці сялян у разрад цяглавых, патрабуючы ад іх выканання паншчыны, што выклікала з боку вяскоўцаў супраціўленне. На працягу 1660-1690-х гадоў сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці і дабіліся магчымасці плаціць толькі грашовы чынш. У 1679 годзе чыншавае становішча вёскі было пацверджана нават каралём: “Хотя король издал упомянутый декрет, это нисколько не мешало его канцелярии выдавать тем же крестьянам Слонимского староства подтверждения и новые грамоты на замену отработочных повинностей чиншем и др. В 1679 году, например, с.Соколово было выдано подтверждение пожалованной ему королём грамоты на голый чинш. Такие же подтверждения получили крестьяне сёл Лопухово, Кракотка, Переволока, Сосновка, Кокощицы, Селявичи, Чемеры, Ходевичи и др.”. [2]
Чамяроўскіх сялян усероўна прымушалі выконваць паншчыну. Але яны аднойчы дружна заявілі, што ніякіх павіннасцей выконваць не будуць. Так і сталася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
У 1794 годзе многія чамяроўцы падтрымалі Кракаўскі акт аб пачатку паўстання на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскай акупацыі. З лозунгам “Вольнасць. Цэласць. Незалежнасць” чамяроўскія сяляне папаўнялі атрады М.К.Агінскага, Ф.Сапегі, К.Серакоўскага і змагаліся за сваю Айчыну. Але паўстанне ў канцы верасня 1794 было задушана рускімі войскамі. Многія чамяроўцы загінулі, а некаторых саслалі на катаргу. З гэтага часу вёска Чамяры і яе жыхары апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі ў вёсцы тады засталіся толькі 42 сялянскія душы мужчынскага полу.
Моцна закранула чамяроўскіх сялян рэформа 1861 года, якая не дала ні зямлі, ні волі, а, наадварот, выклікала вялікае незадавальненне. У 1863 годзе на Беларусі пачынаецца паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое дружна падтрымалі і чамяроўцы. У кастрычніку 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск на паштовых конях, Кастусь Каліноўскі ў Слонімскім павеце раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Найбольш нумароў было раздадзена сялянам і раскідана ў вёсках Чамяры, Сынковічы і Шайнякі. Але хутка аб гэтым даведаўся прыстаў 2-га стану Слонімскага павета Л.Агацін, які праехаўся па гэтых вёсках і ў Шайняках знайшоў некалькі паасобнікаў газеты. З кніг запісу падарожных ён даведваецца, што распаўсюджвальнікам быў Каліноўскі. Агадзін хутка піша рапарт гродзенскаму губернатару І.Галеру: “Временнообязанным крестьянам от некоторого времени подбрасываются злонамеренными людьми экземпляры брошюр для чтения под заглавием “Мужыцкая праўда”. Брошюры эти крестьяне, читая между собой, извлекают разнородную мысль…”.[3]
У сярэдзіне мая 1863 года Кастусь Каліноўскі і паўстанцкі цывільны начальнік Гродзенскага ваяводства Эразм Заблоцкі зноў завіталі ў Слонімскі павет з мэтай праверкі дзейнасці паўстанцкіх атрадаў. Яны пабывалі ў паўстанцкім лагеры пад Мілавідамі, дзе групавалася некалькі атрадаў пад камандаваннем палкоўніка Аляксандра Лянкевіча (“Ляндэра”). Кастусь Каліноўскі выступіў перад паўстанцамі з прамовай, у якой заклікаў іх да барацьбы за волю. У атрадзе Ляндара, а таксама ў атрадах Млотака каля Ваўкавыска, Уладака каля Пружан (Млотак, Уладак — псеўданімы.— С.Ч.) знаходзіліся дзесяткі чамяроўцаў. Калі паўстанне было падаўлена, многіх жыхароў Чамяроў расстралялі, а таксама адправілі на катаргу і пасяленне ў Сібір. Шмат чамяроўскіх мужыкоў змагалася ў атрадзе Карла Масальскага. Аднойчы яго схапілі рускія царскія салдаты, закавалі ў кайданы, пасадзілі ў драўляную клетку і некалькі дзён вазілі па вуліцах Слоніма, каб гэтым застрашыць мясцовы люд. Развітацца з Карлам Масальскім прыйшлі ўсе чамяроўцы і людзі з суседніх вёсак. Яны кідалі яму ў клетку кветкі і харчаванне, а калі кіраўніка атрада на плошчы каля касцёла святога Андрэя ў Слоніме расстралялі, ноччу ўкралі яго цела і пахавалі.
Комментарии к книге «Чамяры і чамяроўцы», Сергей Николаевич Чигрин
Всего 0 комментариев