Данiэль Дэфо
ЖЫЦЦЁ I ДЗIЎНЫЯ ПРЫГОДЫ МАРАХОДА РАБIНЗОНА КРУЗА
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сям'я Рабiнзона. - Уцёкi з бацькоўскага дому.
З самага ранняга дзяцiнства я больш за ўсё на свеце любiў мора. Я зайздросцiў кожнаму матросу, якi выпраўляўся ў далёкае плаванне. Гадзiнамi выстойваў я на марскiм беразе i, не зводзячы вачэй, разглядаў караблi, якiя праходзiлi паблiзу.
Маiм бацькам гэта вельмi не падабалася. Бацька, стары хворы чалавек, хацеў, каб я быў важным чыноўнiкам, служыў у каралеўскiм судзе i атрымлiваў вялiкiя грошы. А я марыў пра марскiя падарожжы. Мне здавалася найвялiкшым шчасцем вандраваць па морах i акiянах.
Бацька здагадваўся, што ў мяне ў галаве. Аднойчы ён паклiкаў мяне да сябе i злосна сказаў:
- Я ведаю: ты хочаш уцячы з роднага дому. Гэта вар'яцтва. Ты павiнен застацца. Калi ты застанешся, я заўсёды буду добрым бацькам, але не чакай дабра, калi ты ўсё-такi надумаешся ўцячы! - Голас у бацькi задрыжаў, i ён цiха дадаў: - Падумай пра сваю хворую мацi... Яна не вытрымае разлукi з табою.
У вачах у яго заблiшчалi слёзы. Ён любiў мяне i хацеў мне дабра.
Мне зрабiлася шкада старога, i я цвёрда вырашыў застацца ў бацькавым доме i больш нават не думаць пра марскiя падарожжы. Але - дарэмна! - мiнула некалькi дзён, i ад маiх намераў нiчога не засталося. Мяне зноў пацягнула да марскiх берагоў. Мне зноў пачалi снiцца мачты, хвалi, ветразi, чайкi, невядомыя краiны, агнi маякоў.
Праз два-тры тыднi пасля гаворкi з бацькам я ўсё ж вырашыў уцячы. Улучыўшы момант, калi мацi была вясёлая i спакойная, я падышоў да яе i пачцiва сказаў:
Комментарии к книге «Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)», Даниэль Дефо
Всего 0 комментариев