Максім Гарэцкі
На імперыялістычнай вайне
Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы
Лагер
Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы.
Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.
Але ў пустых і засмечаных казармах, у цёмным і непрыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і не ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губерні, вёрст за сто адгэтуль.
— Чаму ты не ехаў проста туды?
— Куды мяне паслалі, туды я і прыехаў, — адказаў я кашчэю са злосцю, што ён гаворыць мне «ты» і што такія ў іх парадкі.
Кашчэй толькі ўсміхнуўся, ціха загадаў другому пісару:
— Напішы яму пасведчанне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт…
— Чаму так? — не ўмоўчаў я.
— Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма… Спаганяй з свайго вайсковага начальніка.
Усё тут было па-казённаму груба і неахайна. Толькі адно акно трошку адчынілі, а там прыемна, па жывому шавяліў шырокім зялёным лісцем густы клён. I ў мяне супроць розуму з'явілася жалкая, дзяціная пацеха, што хоць жа троху, да лагеру, пабуду яшчэ на волі. Узваліў скрыначку на плечы і ізноў пацягнуўся на станцыю.
У лагер я прыехаў познаю і цёмнаю начою. Начаваў у канцылярскіх сенцах, на вузенькай лаўцы, што сядзець было вузка, мулка і сцюдзёна, а на сэрцы — страшэнна брыдка. Не супакойвала наўмысная пакора і цярплівасць.
Комментарии к книге «На імперыялістычнай вайне», Максим Иванович Горецкий
Всего 0 комментариев