Дэтэктыўны сюжэт (fb2)
- Дэтэктыўны сюжэт 121K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Иван Прокофьевич Клименков
Іван КЛІМЯНКОЎ
ДЭТЭКТЫЎНЫ СЮЖЭТ
Аповесць
Дзверы былі не замкнёныя, падаліся лёгка і бязгучна, як толькі Альберт павярнуў ручку. Пераступіўшы парог, ён апынуўся ў прасторнай, цемнаватай пярэдняй, усёй істотай адчуўшы ўгульнасць і спакой жытла, яго да драбнейшых адценняў знаёмыя пахі. Ён уключыў святло, павесіў на разгалістыя аленевыя рогі капялюш і плашч, затрымаўшы на момант позірк на гэтай адмысловай, выдатна апрацаванай вешалцы, усміхнуўся і тут жа, бязгучна ступаючы па варсістым дыване, накіраваўся ў жончын кабінет. У яго не было сумніву, што Рэгіна там, і ён нават уяўляў позу, у якой яна паўсядзела-паўляжалаў глыбокім крэсле.
Рэгіна сапраўды, заплюшчыўшы вочы, схіліўшы на плячо галаву, сядзела ў крэсле. Збоч крэсла, на падлозе, стаяла напалову выпітая бутэлька віна і крышталёвы бакал з рэшткамі цёмна-барвовай вадкасці на донцы.
Альберт не мог стрымаць кароткай непрыемнай дрыготкі, адчуў да моташнасці непрыемны кісла-салодкі і рэзкі прысмак у роце: як можна піць такую мярзотнасць? Сам ён цярпець не мог кіслых вінаў, і яму было дзіўна, што некаму яны даспадобы.
Рэгіна, пэўна ж, адчувала, што ён стаіць перад ёю, але ніводная рысачка не кранулася на яе твары, змірэнчым і глыбока няшчасным.
Злёгку паружавелыя шчокі і скрушна стуленыя вусны надавалі ёй хваравіты выгляд. Прыгожа зробленая прычоска, сукенка з зялёнага аксаміту, тры ніткі пералівістых жамчужных караляў, што абвівалі яе доўгую шыю, як ні дзіўна, падмацоўвалі ўражанне нямогласці і знясіленасці.
Рэгіна заўсёды была паслядоўнай. Яна ніколі не садзілася за пісьмовы стол, не прыбраўшыся як на нейкую неймаверна важную ўрачыстасць. Гэта была неад'емная ўмова яе творчага працэсу, пад якую яна даўно падвяла неабвяргальнае абгрунтаванне: знешні выгляд адэкватна адбіваецца на ўнутраным стане душы, і, у сваю чаргу, на змесце і форме твора.
Альберт быў згодны з ёй. Нават ледзь прыкметная неахайнасць у яго гарнітуры, ці не зусім добра завязаны гальштук, імгненна псавалі яму настрой, выклікалі адчуванне, што кожны заўважае гэта, грэбліва крывіць твар, і тады ён губляўся, ніякавеў, не мог пазбавіцца ад усведамлення сваёй нягегласці, непаўнацэннасці.
Ён паглядзеў на друкавальную машынку на пісьмовым стале. Ліст паперы, запраўлены ў карэтку, быў амаль чысты, толькі чарнеліся тры ці чатыры радкі, а ўверсе, нібы пракляцце, стаяла тлуста выбітая лічба 13, як і ўчора, і пазаўчора, як і тыдзень назад.
Ён глыбока, са спачуваннем, уздыхнуў, паклаў ёй далоні на плечы.
— I сёння ніякіх зрухаў?
— Ніякіх.
— Ніводнага радка? Ніводнага слова?
— Ніводнага.
Словы яе гучэлі апатычна, без усякіх адценняў, як пад гіпнозам.
— Не бяда, — паспрабаваў суцешыць ён. — Да канца тэрміну цэлых два тыдні.
— Усяго два тыдні.
— Гэта нямала. Пры тваёй працаздольнасці. Не сумняваюся — ты напішаш гэтую злашчасную аповесць.
— Замаўчы. 3 мяне хопіць. Я здаюся. 3 літаратурай скончана!
— О, калі б гэта ад цябе залежала. Але ты яе палонніца. Ты не зможаш без гэтага.
— На жаль, не магу. Літаратура мой крыж, мой рай і маё пекла.
— Тады паслухайся мяне — плюнь на гэты конкурс. На які ляд ён табе? Тым больш, ты ніколі не пісала дэтэктываў.
— Таму і хачу стаць пераможцам. — У голасе яе чуўся выклік. — Гэта вар'яцтва, але я нічога не магу зрабіць з сабою. Ды, урэшце, няўжо я няздатная "закруціць” нейкае там забойства, абрабаванне? Няўжо ў мяне настолькі чэзлая фантазія? Я сканаю ад крыўды, калі не адхаплю Гран-Пры.
— Неабавязкова Гран-Пры.
— Абавязкова. Іншае не мае сэнсу. Толькі адкуль гэтая апатыя? Творчая нямогласць? Нічога падобнага са мной не здаралася.
— Наколькі я чуў, такое бывае з кожным творцам.
— Але чаму менавіта цяпер? У такі адказны момант? Хаця ўсё зразумела — ТЭРМІН. Для мяне яго ніколі не існавала, і таму словы самі сабой ткаліся ў палатно твора, без напружання, без пакут. Не трэба і доказу — усякае абмяжаванне, усякая ўмова для творцы — гвалт. Гвалт над розумам, над душой.
Альберт апусціўся ў крэсла насупраць.
— Павер, тут няма ніякай трагедыі. Ты проста стамілася. Адсюль і надлом. Зноў раю — плюнь на ўсё гэта.
— Як ты можаш!
— А што? У конкурсах няхай тузаецца моладзь, пачаткоўцы. Тым больш у галіне дэтэктываў. А ты і без таго — велічыня. Празаік ад Бога. Ці не так пішуць пра цябе крытыкі?
Яго спакойны разважлівы тон не суцешыў, як ён спадзяваўся, жонку, і, нават, як падалося яму, яна нечага спалохалася, спахмурнела і доўга маўчала. Потым шумна, як быццам на нешта адважылася, выдыхнула паветра, страсянула галавой.
— Я напішу гэтую аповесць, — з зацятай упартасцю, нібыта давала клятву, вымавіла яна. — Чаго б гэта ні каштавала. I атрымаю Гран-Пры. Справа тут, нават, не ў літаратуры.
— У чым тады? — Ён пільна, дапытліва глядзеў ёй у вочы.
Яна збянтэжылася, сутаргава прыкусіпа вусны, але ў наступнае імгненне Альбертаў позірк прасвятлеў, у вачах і на твары з'явілася вясёлая хітраватасць, на губах таямніча-загадкавая ўсмешка. Здавалася, ён ведаў і хаваў ад яе нейкі цікавы, важны сакрэт
Яна па-свойму зразумела перамену ў яго твары, разгадала ўсмешку.
— Ты нечаму рады?
— Я? Злітуйся.
— Не адпірайся, я бачу. Цябе заўсёды радавалі мае літаратурныя няўдачы.
Яна гаварыла з непадробнай крыўдай, але ў глыбіні душы была задаволена, што такім чынам удалося пакінуць яго пытанне без адказу.
Ён, аднак, сур'ёзна ўспрыняў яе папрок, быццам баронячыся, прыўзняў і выставіў уперад далонь правай рукі.
— Бог з табою? Няпраўда ўсё гэта.
— Няпраўда? Думаеш, я не бачу, як ты смакуеш маё гора? Думаеш, не бачу тваёй брыдкай узнёсласці?
Яна добра ўсведамляла, што нагаворвае, нясе самую сапраўдную лухту, аднак з кожным словам усё мацней распальвала сваю крыўду і ўсё больш верыла ў існасць таго, што кажа.
— Ты ніколі не мог дараваць мне майго таленту Ты і ў адвакаты з пракурораў пайшоў, каб хоць нечым праславіцца, а не быць проста мужам знакамітасці.
— Ну, гэта ужо смешна. I не сціпла.
— Няхай сабе. Думаеш, я сляпая? Думаеш, не заўважаю, як ты зларадна паціраеш рукі, пасміхаешся, пазіраючы на мяне? Бо мой поспех быў бы чарговай стрэмкай твайму пачварнаму самалюбству. Я ненавіджу цябе.
Вочы яе палалі гневам, яна ледзь стрымлівала рыданні.
Альберт, быццам не заўважаў яе ўзрушанасці, быў на дзіва спакойны, і позірк яго свяціўся спачуваннем, а на твары ляжаў выраз усёдаравальнасці. Ледзь прыкметная, добрая ўсмешка, што кранала яго вусны, дакорліва гаварыла: “Ах, якое ж ты яшчэ дзіця”.
О, як яна ненавідзела і гэтую ўсмешку, і добрыя разумныя вочы, пад шкельцамі ў тонкай залатой аправе, і ягоную гатоўнасць сцярпець усякія папрокі, нараканні і нават абразы.
“Ён ставіцца да мяне, як доктар да хворага. Ён наўмысна здзекуеццаз мяне.”
— Супакойся. Бог сведка — я заўсёды зычыў табе поспеху. - У голасе Альберта чулася непадробная шчырасць. — Ды ты і сама не верыш у тое, што кажаш. А мая радасць, паціранне рук... што ж, не адмаўляю. Але прычына таму зусім іншая.
— Не крыўляйся. Прычына мне добра вядома.
— А вось і не. Ты нават не здагадваешся пра яе. Словам — у мяне для цябе сюрпрыз.
— Сюрпрыз?
— Ну так. Наколькі я ведаю, усе твае беды ад таго, што ў цябе няма тэмы, сюжэта. Ты не ведаеш, пра што пісаць.
— Ты празорлівец. Але хіба не пра тое кажу я ўвесь час? Калі б у мяне быў хоць больш-менш акрэслены сюжэт, калі б твор жыў у маёй душы, у маім уяўленні, хапіла б і тыдня, каб перанесці яго на паперу. А ў мяне няма нават абстрактнай задумы. Я кідаюся ад адной тэмы да другой, прыдумваю сітуацыі, сцэны і... усё не тое, усё дробязнае, нязначнае, гаворанае-перагаворанае. I незаймальнае.
— Калі так — я тваё выратаванне.
— Ты?
Яна не магла схаваць сарказму.
— Чаму б і не? У мяне ёсць выдатны сюжэт. 3 каханнем, здрадай, забойствам. Дарэчы, забойства - неад'емная частка дэтэктыўнага твора?
— Неабавязкова.
Комментарии к книге «Дэтэктыўны сюжэт», Иван Прокофьевич Клименков
Всего 0 комментариев