Антон АЛЕШКА
Два гады я не быў дома.
У пачатку ліпеня высадзіўся на маленькай станцыі і, нікога знаёмага не знайшоўшы на пероне, з маленькім чамаданам і плашчом на руцэ вышаў у гарадок. Ужо было за поўдзень. Каля нафтасклада стаялі грузавыя машыны. Выпадкова каля аднае я ўбачыў знаёмага хлапца. Калісьці з ім вучыўся разам у школе. Ён нікуды далей не прабаваў паступіць, ажаніўся і жыў у суседнім пасёлку. Потым стаў старшынёю калгаса і, хоць малады, справу паставіў у гаспадарцы як належыць.
Я падышоў да яго і няўпэўнена запытаўся:
— Здаецца, Гайковіч?..
Ён мяне пазнаў і запрасіў з ім пад’ехаць.
— Ад мяне да твайго калгаса — як на гумнішча выйсці. Вось... — паціраў ён запэцканыя ў мазуту рукі.— Змітрок, аўтолу яшчэ набяры і хутка паедзем. А ты дзе зараз мераеш прасторы? — пытаўся ён у мяне.
Я ў некалькіх словах сказаў свайму быўшаму аднакласніку, дзе быў, што бачыў.
Той чалавек, якому ён даручыў атрымаць аўтол, хутка выскачыў з-за бочак з вядром у руцэ.
— Атрымаў...
Шофер завёў машыну. Мы селі ў шоферскую кабіну. Было цеснавата, але нічога...
Ляцелі ўзбоч шасэ кілометравыя слупы. Мінулі прысады дзвёх вёсак і мякка гойдалі на шырокай, добра дагледжанай дарозе. Час прайшоў неўзаметку. Мы спыніліся каля хаты Гайковіча.
— У хату зойдзем... 3 дарогі не пашкодзіць перакусіць...
Адгаворкі не памаглі, і я мусіў зайсці. Хутка пачуўся піск сала на скаварадзе і клапатлівыя крокі яго жонкі на кухні.
Сам Гайковіч вышаў. Я сядзеў у чыстай палавіне, блукаў поглядам па ўсім, што тут было. Чыстая палавіна сапраўды была чыстай, а ад яе дзверы вялі яшчэ ў якуюсьці баковачку. Усё было прыбрана і дагледжана. На гаршках вазонаў была каляровая папера, над вокнамі звісала бялюткае павуцінне цюлю.
Не паспеў я аглядзецца, як з’явіўся гаспадар і загадаў падаваць на стол. Рухавая жанчына паставіла талеркі і толькі, калі муж настаяў, вышла з кухні.
— Мне то і некалі... Работа ёсць,— сказала яна.
За падол спадніцы хіліўся чарнявы хлапчук, увесь у бацьку. Глядзеў на мяне маленькімі быстрымі вочкамі, цёр кулачком нос.
— Мой патомак,— хваліўся гаспадар.
— Усяго адзін?
— У самога ні аднаго мусіць, а ў мяне хочаш, каб дзесятак быў.
Пасмяяліся. Калі жонка вышла, Гайковіч пахваліўся сынам:
— Такі жвавы! На язык лёгкі...
Я пытаўся аб знаемых з яго калгаса: адны служылі ў арміі, другія вучыліся і зараз былі дома на канікулах, а рэшта —хто дзе.
Успомнілі школьныя годы. Успомнілі некаторых настаўнікаў і, падзякаваўшы за ўсё, я вышаў з хаты.
Гаспадар крыху правёў і мы развіталіся за гумнамі. Уперадзе ляжаў кусок шэрае дарогі, а далей сенажаць.
Ішоў я дамоў не спяшаючыся, папоўнены невыразным спакоем, абводзіў поглядам знаёмыя палеткі, паплавы.
Тут прайшло маё дзяцінства, тут і юнацтва знаходзіла прылажэнне ўсім здольнасцям, якімі я быў надзелен ад прыроды.
Як усё родна!
Адно скажу: зараз здавалася ўсё чамусьці мініяцюрным, ва ўсякім разе —маючым меншыя памеры, чым я сабе ўяўляў.
Магчыма, так было таму, што я меў прафесію, якая прывучала ўсё зямное бачыць у зменшаным выглядзе.
Любуючыся наваколлем, прышоў дамоў.
У варотах пад когі кінуўся клубком лахматы сабака і, адскочыўшы пад хлеў, ярасна залемантаваў. 3 сянец выглянула мама. Яна з хвіліну ўзіралася, потым вышла насустрач.
Да захаду сонца сядзелі мы з ёю ў садзе. Яна расказвала навіны. Потым з работы прышоў брат і мы пайшлі ў хату.
Дзён тры я сядзеў дома. Рэдка выходзіў на вуліцу. Цікавасць дому была вычарпана і аднойчы я пайшоў на сяло. Каля магазіна пагутарыў з калгаснікамі і рушыў у школу.
Перад маім ад’ездам у школе працавалі тры настаўнікі. 3 адным я вёў дружбу. Школа стаяла ў вялікім садзе і насустрач мне трапілася жанчына.
Я запытаўся.
Яна адказала, што мой таварыш паехаў на вучобу, а цяпер у школе застаўся на перыяд рамонту адзін Ласевіч. Я спыніўся ў роздуме: ісці ці не?
Рабіць было нечага. На мае крокі з настаўніцкай выглянуў узлахмачаны Ласевіч. Твар поўны, прадаўгаваты, з непрыемнай чырванню. Яго колер напамінаў брушка камара, калі той добра нап’ецца крыві.
Ласевіч здзівіўся майму з’яўленню і яўна ўвесь час стараўся дагадзіць.
Мы курылі. Я сказаў, што прабыў два дні і мне ўжо дома не ўсядзець, ахвота куды-небудзь пайсці і заняцца работай.
Ласевіч нахмурана паглядзеў, нейк лісліва ўсміхнуўся.
— Мы тут абвыклі і хоць бы што. Нікуды не цягне. Паедзем 140 на канферэнцыю ў горад і то адчуваеш сябе як у гасцях. Як бы ні было, а я абжыўся.
Яму я не супярэчыў, прапанаваў калі-небудзь праехацца ў гарадок, у кіно. Ён згадзіўся. Згулялі дзве партыі ў шахматы. Я абгуляў і, не маючы моцнага супраціўніка, злажыў фігуры ў скрынку.
Мажлівасць паехаць у горад хутка прадставілася. Нейк пасля поўдня ішла калгасная машына. Везла гародніну ў горад. Мы з Ласевічам падселі. Як толькі даехалі да суседняга пасёлка, пайшоў дождж.
Я пакінуў машыну, а за мною скочыў і Ласевіч. Зайшлі ў па- мяшканне сельсовета.
Старшыні не было, а сакратар быў мне знаёмы. Ён абрадваўся, ціснуў маю руку.
— Чуў, чуў... Ты з Гайковічам надоечы прыехаў? Ён быў — казаў.
Я паглядзеў і вышаў на ганак. Дождж спорна сек змакрэўшы пясок вуліцы, а гарызонт быў мутны і з-за нашага калгаса даносіліся гукі далёкага грому.
«Вот табе і выехалі»,— падумаў я, нявесела паглядаючы на вуліцу.
Хат тры па левы бок стаяла на агародах, а чацвертая вытыркала на вуліцу новым лабком. За ёю віднелася хата Гайковіча.
Сакратар сказаў, што летась яны адкрылі медпункт у той новай хаце.
— Працуе ў нас фельчар-хлапец і акушэрка. Дзяўчына адным словам...
Ён заглядаў у паперы на стале і змоўк.
Мне хацелася болей пачуць пра дзяучыну, але сакратар маўчаў. Я яшчэ раз вышаў на ганак. Дождж коса сек і заліваў дошкі усходцаў. Ветрам несла прыемную свежасць і ледзь улавімую парнасць грудоў за пасёлкам.
Пакасіўся на вымачаныя жаўтлявыя дошкі лабка медпункта. Цвёрда намерыўся зайсці. Аднаму было нязручна. Я папрасіў Ласевіча. Відаць было, што ён не хацеў ісці. Я пачау дапытвацца. Ён маўчаў, пазіраючы на матавую ад пырскаў вады шыбу, цягнуў глыбей галаву ў плечы. Сакратар глянуў на мяне.
У яго поглядзе я ўлавіў нешта смяшліва-падбіваючае.
Па-ранейшаму настойваў:
— Не разумею, малады хлапец і такая апатыя. Пойдзем!
Ласевіч адышоў ад акна, на твары з’явілася усмешка.
— Пойдзем,— сказаў ён ціха.—Толькі, можа, там нікога няма,— гаварыў ужо на ганку.
— Чаму? — запытаўся я і, не атрымаўшы адказу, накіраваўся з ганка да медпункта.
Дзмуў вецер. Дождж хлістаў у твар. Я падтрымліваў пілотку і ўгнуўшыся спяшаўся за Ласевічам.
Абмахнуў пілотку ў калідорчыку медпункта і зайшоў направа. Пахла эфірам і яшчэ нейкімі медыкаментамі.
Аглядзеліся. Нікога ў пакоі не было...
— Няма нікога, і дзверы не замкнулі,— сказаў я.
— Фельчар тут жыве і да вечара не замыкае...
Мы стаялі з Ласевічам каля акна.
— Адкуль яна?—пытаўся я.
— Здаецца з Жлобіна...
Неахвотна гаварыў аб акушэрцы мой напарнік.
— А дзе яна жыве?
— Вунь, у той хаце...
Я паглядзеў праз мокрую шыбу.
— У той?.. У Гайковіча?
— Ну, але...
Я сумеўся ад таго, што пачуў. У Гайковіча я быў і нікога не бачыў, сам ён таксама і словам не абмовіўся. Гэта яшчэ болей зацікавіла і я сказаў Ласевічу аб сваім жаданні пайсці да Гайковіча. Ён адмовіўся.
— Тады пачакаеш мяне ў сельсовеце. Я хутка вярнуся, — і вышаў на двор.
Кругом аблажылі хмары і пайшоў праліўны дождж. Часта шэрань хмар рвала маланка і нібы аграмадныя каменні кацілі па доўгім калідоры, гэтак працягла каціўся гром у даль і глуха сцёбаў зямлю да перагрому шыб у вокнах. Гайковіч быў якраз у сенцах.
— У горад выбраўся, а заехаў у твой калгас. Дождж не пусціў...
Ён глянуў на мяне.
— Ты не вельмі і прамок. Я пакуль вярнуўся з Посечы — рубца сухога не засталося. Пойдзе яшчэ расці бульба,—смакаваў ён, стоячы каля парога.— Толькі каб вецер сціх, а то жыта зложыць.
Мы зайшлі ў хату.
Гайковіч дакляраваў напаіць мяне дамашнім хмельным квасам і вышаў. Я тупаў па пакоі, па той самай чыстай палавіне, у якой мы закусвалі з дарогі і думаў запытацца пра акушэрку.
Раптам трахнулі дзверы баковачкі і ў гэтую палавіну вышла дзяўчына. Відаць, яна толькі што ўстала. На твары прыкметны быў рубец ад падушкі, валасы — аўсяны змяты сноп саломы. А адзенне, у якім яна вышла?.. На акругласці плеч ляжалі дзве малінавыя істужкі і падтрымлівалі шырокае дэкальтэ.
Дзяўчына падняла вочы і хвіліну стаяла перада мною. Потым зразумела мусіць, што я прадстаўляю зусім рэальны аб’ект, піснула і, тулячы далоні да грудзей, знікла за дзвярыма.
Я, як заведзены, зноў пачаў крочыць па пакоі і не менш яе ўсхваляваўся.
«Вось і акушэрка»,— думаў я.
Гайковіч прынёс збан квасу і наліў мне кружку.
Я выпіў. Пітво было надзвычай добрае. Халоднае — крыху кісьленькае, з рэзкім адценнем. Так і брала за нутро.
— Найлепшага гатунку,— хваліў я. — Сам рабіў?..
— 3 цябе вінакур не кепскі, маладзец...
Панізіўшы голас я кіўнуў на дзверы.
— Хто там у цябе?
Комментарии к книге «Арляня», Антон Антонович Алешко
Всего 0 комментариев