Палёт у мінулае (fb2)
- Палёт у мінулае 960K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Андрей Иванович Александрович
Annotation


Андрэй АЛЕКСАНДРОВІЧ
ПАЛЁТ У МІНУЛАЕ
Ад Каліноўскага да нашых дзён
Пытаньне аб неабходнасьці ведаць свой край у нашы дні чырвоным пылаючым макам расьцьвітала ў грудзёх моладзі. Сёньня спакойна можна стаяць ля машыны, слухаць яе бязьменна-рытмічную песьню, можна спакойна кіраваць рухавіком дынамо.
А трэба, яшчэ і як трэба, каб нашу маладую Беларусь спавівала гэта бязьменна-рытмічная песьня, песьня халоднай сталі, машыны.
Шырокім размахам павінна плыць гэтая песьня, цаглінка за цаглінкаю ў фундамант моцнай будыніны— новага жыцьця Беларусі.
Беларусь будуецца!
Кожны будаўнік, кіруючы машынай або плячыстымі, заўсёды вясёлымі палямі, павінён ведацъ свой край.
І гэты наказ жыцьця кожны знаў, кожны стараўся нырнуць у глыб, пазнаёміцца з мінулым, уласнымі вачыма глынуць мінулыя дні Беларусі.
"ТРОЙКА"
Паўлюк, Язэп і Даніла — бойкія, рухавыя хлопцы, — бывае задумаюць ня дрэнную справу.
Ім трэба было толькі паламаць галаву, папрацаваць, як атрымлівалі вынікі, якіх і самі не чакалі.
Зьявіцца, бывала, думка, пачнуць разьвіваць, як на яе усплывае другая, больш карысная і цікавая. Гэта хлапцоў радбадзёрвала, мацней сьціскала рукамі працы. А працаваць ім — ня новая рэч.
Да гэтага хлопцы рабочыя, хлопцы, якія не прамінулі ніводзін крок жыцьця.
Працуючы разам на заводзе, іх цікавіла і яны даведваліся, як пабудована машына, што раней замяняла яе, якую яна дае выгаду.
Ня новая штука хлапцом стала і наладзіць машыну, калі яна сапсуецца...
Паўлюк, Язэп і Даніла жылі дружна, і гэта рабочыя заўважылі. А так, як на заводзе кожны рабочы атрымліваў ад сваіх таварышоў новае імя, дык Паўлюк, Язэп і Даніла атрымалі адно на ўсіх —„тройка".
І за гэта хлопцы не абражаліся... Надыходзіла сьвята рабочых — дзень Першага Мая.
На заводзе гэтае сьвята павінна было прайсьці з вялікай урачыстасьцю, бо дзень Першага Мая — асаблівае сьвята гэтага заводу.

Рабочыя парашылі наладзіць выстаўку і ў сьвята запрасіць да сябе ў госьці рабочых суседняй фабрыкі.
Праца па падрыхтоўцы пачалася.
Адны рабочыя ўзялі на сябе зрабіць модэль агульнага выгляду заводу, другія — модэль той ці іншай машыны, а „тройка“, Паўлюк Язэп і Даніла, прарашылі зрабіць самалёт.
— Хаця-ж для ўтрыманьня стылю выстаўкі патрэбна было-б толькі даваць модэлі ці плякаты з жыцьця заводу, —думалі хлопцы, — але ўсё роўна. Няхай ведаюць, што і рабочыя цікавяцца тэхнікай.
І хлопцы за працаю...
Кожны дзень, прышоўшы з заводу, у іх закіпала работа.
— Зрабіць самалёт нам трэба так, каб яго можна бы і прадэмонстрыраваць, а дзеля гэтага больш увагі за працай, —заўважыў Паўлюк.
— Бязумоўна, мы павінны нашу працу самі дасягнуць.
— Самадасягненьне — найлепшая рэч!
Праца сунулася.
І так штодзень...
ПЕРШАГА МАЯ
Увесь горад абліты вясновай рэволюцыйнай радасьцю.
Рабочыя сустракаюцца ля заводу, вітаюць адзін аднаго з сваім рабочым першамайскім сьвятам...
Цешыцца іх вока, гледзячы, як на грудзёх камяніцы рдзеюць чырвоныя сьцягі, як з заводаў, з фабрык, з балконаў, убраных маладымі ёлкамі, пераплёўшы з чырвонымі стужкамі, красуецца портрэт іх дарагога правадыра Леніна.
Беларускай марсэльезай задрыжэў завод...
Шчыльнымі калёнамі выйшлі рабочыя на парад...
„Тройка", Паўлюк Язэп і Даніла, нага ў нагу з рабочымі iдуць па вуліцы, а ў думках... самалёт.
Ён цяпер стаіць на спэцыяльна зробленай нібы паліцы...
На пляцы рабочыя разам з усёй працоўнай Беларусьсю, узьняўшы чырвоны сьцяг, пасылаюць сваё першамайскае прывітаньне ўсім працоўным народам.
— Мы павінны ў дзень нашага сьвята пачаць новую працу: правесьці агляд сваёй стараны як з сучаснага, так і з гістарычнага боку...
І толькі пачалі раздавацца лёзунгі, як узьнялося шматмільённае ура і ў кожнага яно вырывалася так шчыра, як у «тройкі", якая так даўно гэту ідэю трымае ў сваіх грудзёх...
***
Завод быў абліты электрычным бляскам.
Іграў оркестр.
Сабраліся рабочыя, іх дзеці, госьці з суседняй фабрыкі.
Адны хадзілі па карыдоры, гутарылі, другія сядзелі за доўгімі сталамі, чыталі газэты, гулялі ў шахматы, шашкі. Iншыя аглядалі выстаўку. Тут былі Паўлюк, Язэп і Даніла. Яны надта уважліва разглядалі кожную з машын, важна разьбіраліся ў дыяграмах тэхнікі, прыслухоўваліся і баяліся праслухаць хоць адно слова тлумача-інжынэра.
Грамада рабочих, гасьцей. разам з інжынэрам, падыйшлі да... самалёта.
Інжынэр, які і прыняў ад „тройкі" самалёт, крануў пропэльлер: зашыпеў, забурчэў самалёт і глядзі... панёсься!..
Насупраць, пры другой сьценцы, была зроблена таксама паліца, на якой ляжала сена, пакрытае палатном. Самалёт, як ведаў, тут і стаў...
Уся ўвага на самалёце...
Гутарка аб самалёце, а як даведаліся аб яго будаўнікох, дык хоць ты схавайся — адзін хоча пахваліць, другі запытацца, а трэці проста пазнаёміцца.
А ў галовах Данілы, Паўлюка і Язэпа рыюцца думкі, хочацца нешта стварыць сваё, новае, уласнае...

Назаўтра, ідучы ўжо на завод, „тройка" парашыла паехаць павандраваць па мінуўшчыне. І нікому нічога ня кажучы, хлопцы надумалі і пачалі будаваць зусім просты апарат, на якім можна паляцець у мінуўшчыну — ва ўчарашні дзень, у мінулы год, у 11-ае ліпеня, у дзень Кастрычніка.
Патрэбны былі і сродкі.
Некаторыя рэчы яны дасталі з заводу, а некаторыя куплялі за свае ўласныя грошы.
Так праходзіў тыдзень, пасьля месяц, другі...
— Ур-ра! Апарат скончылі!..
Назвалі яго „Паўлюяздан". Злучылі скарочанае імя кожнага з будаўнікоў:
Паулю(к)+Яз(эп)+Дан(іла) — вось і імя!
Як раз у сераду раніцою, адкрыўшы сваю тайну дырэктару заводу, хлопцы адпрасіліся на адзін дзень...
Толькі пасьпелі завадзкія гудкі склікаць рабочых, толькі яшчэ пачалі запяваць сваю заўсёдную песьню машыны, шыпець на колах рамні, як бяз шуму, ціха падняўся "Паўлюяздан“ увысь, увысь, пасьля ўбок і раптам узад...
Не прайшло і паўгадзіны, як „Паўлюяздана" ужо на небазводзе і сьлед прастыў...
Хлопцы ўжо ўляталі ў сёньнешнюю ноч, але аб гэтым ніхто ня ведаў...
АБЕД
Стукнула ў грудзі сіняга паветра пара з завадзкое трубы.
Раздаўся глухі расьцягнуты гудок.
Гэта гудок на абед...
Толькі ў сталоўцы рабочыя заўважылі,што няма „тройкі".
— Так і знай, што нешта задумалі, — казаў стары качагар Лаўрэм...
— Бо не дарма хадзілі тут, кляпалі, згаварываліся, нешта рабілі...
А хлопцы ня так-жа даўно былі тут на дварэ, ля заводу, а цяпер у сецях сёньнешняй ночы...
Яны ўбачылі свой завод ціхім, над якім разьліваўся сьвет вольтавага ліхтара; убачылі, як насупраць заводу адбываецца вечарынка; убачылі, як ля завадзкое брамы стаіць з вінтоўкаю ў руках вартаўнік.
І гэта ня дзіва!.. Яны выляцелі сёньня раніцою і ў поўдзень убачылі тое, што адбывалася ноччу...
Кожны твой крок нібы фотографіруе, нібы адбівае на лястынцы наша вечна-шумная, чароўная прырода.
Цемнавата. Месяц лазіць па стрэхах заводу, прысядае на дымнай шапцы завадзкой трубы... Ветрык ціха прабяжыць...
Завод сьпіць...
Комментарии к книге «Палёт у мінулае», Андрей Иванович Александрович
Всего 0 комментариев