«Чараўнік для Дэйсі Мэй»

690

Описание

отсутствует

1 страница из 14
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Кацярына Мядзведзева

Чараўнік для Дэйсі Мэй

Мая прабабуля Дэйсі была выдатнай вышывальшчыцай. І калі зірнуць уважліва на яе працы, можа падацца, што яна ўсё жыццё марыла мець свой фруктовы сад. Я доўгі час была ў гэтым упэўнена, бо вышывала прабабуля квітнеючыя абрыкосавыя дрэвы, шэзлонгі і ліхтарыкі, сакавітыя яблыкі на галінках, каменныя паілкі для птушак, гронкі гліцыній, клумбы ды палівачкі. Звычайная рукадзельная магія: вышый сваю мару — і яна здзейсніцца. І хоць насамрэч ніякай мары не было, рукадзельная магія спрацавала і вышытае спраўдзілася. Але досыць своеасабліва.

Мне было пяць гадоў, калі прабабулі не стала. З’ехалася радня, нават самыя далёкія прыбылі развітацца разам з дзеткамі ды ўнукамі — нарэшце мне было з кім пагуляць. Дзяцей бралі з сабой і на могілкі (у нашым родзе так прынята) і, каб мы не шумелі ды не ўчынялі боек, нам раз-пораз совалі што-небудзь смачнае. Не занадта ўдаючыся ў сэнс таго, што адбывалася, мы стаялі за спінамі дарослых і ціха жавалі: хто яблык, хто персік, хто абрыкос. Абгрызкі і костачкі затоптвалі ў зямлю.

Мая прабабуля памерла дваццаць пяць гадоў таму. Цяпер вакол яе магілы высяцца фруктовыя дрэвы — яблыні, грушы, персікі, слівы. Я люблю прыходзіць туды ўвесну. Сяджу на лаўцы, а вакол мяне плыве празрысты кветкавы водар і сыплюцца далікатныя пялёсткі.

Я веру ў рукадзельную магію. І спадзяюся, што мая мара спраўдзіцца. Толькі хацелася б здзейсніць яе пры жыцці. Калі б толькі я ведала, як вышыць тое, пра што мару. З бытавымі, зямнымі жаданнямі ўсё проста: патрэбна хата — вышывай дахоўку ды ліштвы, імкнешся замуж — выкарыстоўвай схемы з сэрцамі, купідонамі ды галубкамі, якія нясуць два залатыя пярсцёнкі ў дзюбах, марыш пра дзяцей — шукай узоры з немаўляткамі…

А вось як вышыць нешта нематэрыяльнае? Не пальмы і мора, не куфар з манеткамі, а тое, што не назавеш словамі, для чаго няма малюнка? Я не ведаю і не ўмею. І таму павесіла на сцяну пустую рамку. Сімвалічна, так?І вельмі трапна адлюстроўвае галоўную праблему майго жыцця… Праўда, на наступны дзень давялося рамку зняць, бо яе ўбачыла мая цётка Аўгуста і выказалася ў тым сэнсе, што мая галоўная праблема — гэта благі густ і адсутнасць уяўлення пра прыгажосць.

Але насамрэч праблема мая ў іншым.

Я — невідзімка.

Не, не падумайце, мяне добра відаць тым, каму сумна і хочацца пачасаць языком. Малочніца Дора, згледзеўшы мяне на іншым баку вуліцы, не праміне загаласіць на ўсё горла: «Дэйсі, дзетка, стары бабулін шаль табе да твару! І зацыраваных дзюр зусім не відаць, гэтакая ты мастачка!» Суседка мадам Эклер, сустрэўшы мяне ў аптэцы, заўсёды гучна цікавіцца маім млявым страваваннем і раіць абавязкова выпіваць кубачак сыроваткі на ноч. Але вось маладыя людзі — што дзяўчаты, што юнакі — мяне не заўважаюць. Я для іх ніхто. Пустое месца. Нуль, а можа, і зусім адмоўная велічыня.

Знешнасць у мяне «нябачная». Бляклыя валасы, шэрыя вочы, амаль не заўважныя бровы ды вейкі, нават вяснушкі — і тыя нейкія няяркія. Такую знешнасць часам завуць «мышынай», але мне няёмка карыстацца гэтым параўнаннем. Бо калі ў пакоі з’яўляецца мыш, яна выклікае фурор: дамы віскочуць, падбіраюць спадніцы, могуць нават страціць прытомнасць, а джэнтльмены пагульваюць мускуламі і ператвараюцца ў адважных паляўнічых — пачынаецца шум, гам, весялосць. А калі ў пакоі з’яўляюся я, мяне не заўважаюць зусім.

Дантыст выглядае з кабінета, акідвае позіркам прыёмную і, гледзячы скрозь мяне, пытае ў сакратаркі: «На сёння больш ніхто не запісаны?» У аўтобусе кандуктар уздрыгвае ад нечаканасці, калі я спрабую купіць у яго квіток: «Прабачце, я вас не прыкмеціў». Бібліятэкар, ігнаруючы маю працягнутую руку з кнігамі, пытае чалавека, які стаіць за мной: «Што я магу вам прапанаваць?»

І я не ведаю, абсалютна не ведаю, што б магло быць намалявана на палатне з назвай «Жаданне стаць прыкметнай». Таму я не вышыла яшчэ ніводнай карціны, толькі празаічныя ручнікі, навалачкі, грэлкі на імбрычак. І наогул, я аддаю перавагу вязанню. Вязальная магія больш грубая і простая, яна грэе. А калі думаць з любоўю пра тых, для каго вяжаш шкарпэткі ці тоўсты шалік, то гэтыя людзі не будуць хварэць узімку, нават калі наядуцца ледзякоў. Шчырая праўда, я правярала.

Калі маіх сясцёр у дзяцінстве пыталі, што яны любяць, Эма адказвала, што любіць маму і тату, Аліса згадвала слівавы ўзвар і прафітролі з персікавым джэ мам, а я заўсёды маўчала. Таму што я люблю быць, проста быць. Быць дома ці ў садзе. Быць ля вады. Глядзець на дрэвы і траву, адчуваць скурай, як пячэ сонца ці кусаецца мароз. Слухаць, як стукае паціху дожджык. Вязаць. Чытаць. Думаць штонебудзь прыемнае. Марыць. Калі няма ні сябровак, ні жаніха, застаецца шмат часу на мары.

— Дэйсі, ты зноў сядзіш дома, — бурчыць бабуля. — Чаму не пайшла з сёстрамі на танцы? Чакаеш, што ў кавалераў прарэжацца трэцяе вока і яны ўбачаць цябе скрозь сцены?

Бабуля старамодная. Маладых людзей называе «кавалерамі» і здзіўляецца, што Эма ды Аліса не бяруць з сабой нататнічак і аловак — запісваць, каму абяцалі кадрылю. А зараз жа ўсё прасцей. Дзяўчыны пакорліва стаяць і чакаюць, хто іх запросіць. І іх запрашаюць. Амаль усіх. Акрамя мяне. Я ж невідзімка. Не, скрозь мяне не прасвечваюцца шпалеры, наадварот, гэта я зліваюся з імі. Ведаеце выраз «wall flower» — «прысценная кветачка»? Так завуць дзяўчат на балі, незаўважных настолькі, што ўвесь вечар яны праводзяць ля сценкі. Прастаяўшы так раз і другі, я палічыла за лепшае заставацца дома — там хаця б можна прысесці.

Мае ўлюбёныя колеры — лавандавы і экру. Але ў цёткі Аўгусты свая тэорыя. «Яскравай знешнасці — спакойныя ўборы, — кажа яна, — сціплай знешнасці — эфектную абгортку». У перакладзе на чалавечую мову гэта значыць, што страхоццю накшталт мяне варта апранаць яркую адзежу, каб мінакі яшчэ здалёку, за тры кварталы, маглі заўважыць гэткую агіднасць і своечасова збочыць з дарогі. Кожны раз, калі мы адпраўляемся ў магазін гатовай вопраткі ці па тканіны, цётка купляе бледна-ружовае Алісе, палевае — Эме, а мне дастаецца фуксія ці аранж. Пэўна, цётка крыўдзіцца, што я не нашу ўсе гэтыя пярэстыя рэчы. Нічога, калі-небудзь яны зноў увойдуць у моду і мае ўнучатыя пляменніцы вельмі ім узрадуюцца. «Наша бабуля Дэйсі ў маладосці была заўзятая модніца», — падумаюць яны, і я не стану іх пераконваць.

Наогул, цётку Аўгусту варта было б называць мамай, але я не магу, бо была ўжо занадта дарослай, калі бацька прывёў яе ў хату. У пяць гадоў я раскідвала пялёсткі руж на іх вяселлі. Не падумайце, мяне ніхто не крыўдзіць і падчаркай не кліча, у цёткі Аўгусты цудоўны характар, і мае малодшыя сёстры — таксама лёгкага нораву, дружалюбныя і гаваркія, вось-вось выпырхнуць замуж. Яны пайшлі ў маці: цёмнавалосыя, смуглыя, высокія. А я — бледная, рудаватая, праставатая. Адразу відаць, што іншай пароды.

— З цыбуліны не вырасце ружа, — кажа пра мяне бабуля. А ўжо ў ружах бабуля разбіраецца, яна заўзяты садоўнік і агароднік. Наша бручка нават перамагла аднойчы на сельскагаспадарчай выставе акругі. Я не крыўджуся на бабуліны словы, якая там з мяне ружа. Калі казаць шчыра, такіх, як я, бяруць за лядашчую шыйку і выдзіраюць прэч з градкі, каб не псавалі від.

— Мне шкада Дэйсі, цяжка будзе знайсці ёй мужа, — сказала неяк цётка Аўгуста, папіваючы з сяброўкай пасляабедзенную гарбату ў садовай альтанцы.

— Так, не пазайздросціш небарацы, з гэтымі вяснушкамі яна падобна тварам на жытнёвы блінчык. На здобны румяны блінчык, — адказала чуллівая сяброўка.

Яны не ведалі, што блінчык палівае кветкі непадалёк і ўсё чуе. Здаецца, у той дзень я ўпершыню расплакалася з-за сваёй знешнасці. Раней я разважала проста: калі маме, на якую я, пэўна, падобная, пашчасціла знайсці сабе мужа, майго добрага і прыстойнага бацьку, то і я змагу сустрэць годнага чалавека, калі прыйдзе час. Пасля ж той падслуханай гутаркі я зняверылася. Аказваецца, я непрыгожая. Калі мяне і заўважаюць, то я здольна абудзіць толькі жаль. Я стала радзей глядзець у люстэрка і часцей задумвацца. Цяпер, калі мне мінула трыццаць, я не задумваюся наогул. Проста жыву ды ўсё. Жытнёвы блінчык ці цыбуліна — ну дык што, не ўсім жа быць ружамі. Роля ўсеагульнай цётачкі-векавухі не такая ўжо і дрэнная. Буду вязаць шкарпэткі ўнучатым пляменнікам і збіраць іх усіх на Каляды ў сваёй вялікай і пустой хаце. А можа, гэта хата застанецца Алісе ці Эме, калі іх жаніхі апынуцца недастаткова багатымі, і тады я стану нахлебніцай на старасці гадоў. «Слівавы пудынг сёння атрымаўся выдатны», — скажу я за абедам, і ўсе здзіўлена павернуцца ў мой бок з тварамі: «Ой, хто гэта тут?»

Не думайце, я не жалюся на жыццё. Я з радасцю сустракаю кожны новы дзень, а калі і марнатраўлю часам разважаннямі, то выключна з нагоды шкоднасці і начытанасці, а не ад журбы. Журбой, на шчасце, ніхто ў нашай сям’і не пакутуе. Ды і навошта пакутаваць, калі ва ўсіх ёсць справы куды больш цікавыя. Я абвязваю і абшываю ўсю сям’ю, бабуля садаводнічае, цётка Аўгуста кухарыць, і Эма ёй дапамагае, а самая наша малюпасенькая, Аліса, занятая больш за ўсіх: цэлымі днямі, з раніцы да позняй ночы, яна шукае сябе ў мастацтве. То пляце кошыкі з лазы, то піша санеты, то лепіць збаны, а ў апошні час сур’ёзна захапілася маляваннем на шоўку. Сям’я назірае за яе творчымі пошукамі замілавана і паблажліва. Так звычайна дарослыя глядзяць на маляня, якое «пячэ» кулічыкі з пяску: маўляў, няхай сабе цешыцца дзіцятка, ай-яй-яй, малайчына, як слаўна ў цябе атрымліваецца!

Комментарии к книге «Чараўнік для Дэйсі Мэй», Екатерина Александровна Медведева

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства