Над Вугерай — дождж (fb2) - Над Вугерай — дождж 525K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Маргарита Латышкевич
Маргарыта Латышкевіч
Над Вугерай — дождж
Другім, падтопленым берагам возера нетаропка крочыў бусел — ярка, амаль нясцерпна белы ў сакавітай зеляніне. Высока падымаў чырвоныя ногі, круціў галавою, нахінаўся, пабачыўшы жабку, суха шчоўкаў доўгаю дзюбаю.
Пахла ігліцаю і смалою — вецер павяваў ад стромкага бору. Каляровыя стракозы мітусіліся над трыснягамі, над спакойнаю вадою. На мелкаводдзі мірна спачывалі вялікія, у далоню велічынёй, мідыі, ад узросту пазелянелыя, і бліскалі сярэбраным бокам імклівыя малькі. Туды, да малькоў, да мідый, да стракоз плаўна спускаўся ціхі пясчаны бераг, і залацістыя хвалі пяску далёка было відаць пад празрыстым водным покрывам.
Ільга, стомленая за цэлы дзень дарогі, крочыла па беразе, нетаропка, як і бусел, і бяздумна паглядала на зыркую сінюю ваду. За аброць вяла пярэстую кабылку, і тая таксама глядзела на ваду — касіла трывожным залатым вокам з доўгімі вейкамі, неспакойна торгала вушамі.
Лес быў незнаёмы, чужы, таму і згубіла дарогу. Увогуле, дзяўчына яшчэ не была так далёка ад дому — прынамсі, адна.
Вецер падхопліваў русявыя пасмы, што выбіліся з Ільзінай цяжкой касы, таму раз-пораз даводзілася праводзіць рукой па твары, адкідваць надакучлівыя валасы назад. Веснавое сонца падпякала, залаціла макушку Ільгі, рассыпала па твары пазнакі сваёй прыязнасці — дробнае частае рабацінне. Промні слізгалі і пужліва ўспыхвалі, разбіваючыся на серабрыстай лусцы лёгкай кальчугі, на ўзорыстых спражках на поясе. Цьмяна і драпежна свяціўся востры наканечнік бацькавай дзіды, прытарочанай да сядла, пабліскваў метал на плячах цяжкога баявога лука.
Комментарии к книге «Над Вугерай — дождж», Маргарита Латышкевич
Всего 0 комментариев