Павел Булаты
Філамацкія штудыі Аляксандра Фядуты
Рэцэнзія на кнігі “Следы на снегу”, “Филомат в империи”, “Успаміны пра мінулае”
Пра тэму філаматаў нельга сказаць, што яна дасканала і вычарпальна даследавана. Галоўныя факты, ацэнкі, абставіны і акалічнасці “гучнага судовага працэсу” ў гістарыяграфіі добра вядомыя. Але ўсё ж агульны стан вывучанасці філамацкай справы дарэчы будзе ахарактарызаваць загалоўкам “Паданне пра філаматаў”, які трапна сфармуляваў К. Цвірка ва ўступным артыкуле да збору твораў “Філаматы і філарэты” (“Беларускі кнігазбор”, 1998).
Мы цудоўна ведаем пра ўзнёслыя памкненні, натхнёныя думкі, адданасць, ахвярнасць і пакутніцтва студэнтаў Віленскага ўніверсітэта… Да стварэння легенды і вялікай міфалагізацыі прычыніўся Адам Міцкевіч, які ў ІІІ частцы “Дзядоў” стварыў свайго роду канон філамацкіх вобразаў. А што па факце? Калі разбірацца, то і філаматы не такія ўжо ідэальныя і самаахвярныя героі, сенатар Навасільцаў не такі ўжо і крывасмок, Ян Янкоўскі не такі ўжо і падступны здраднік… За міфам, прычым міфам патрэбным, згубіліся сапраўдныя асобы, іх лёс. Гістарычныя факты жыцця затуманіліся створаным ідэальным вобразам, а некаторыя і зусім забыліся ў калектыўнай памяці. Якраз да аб’ектыўнай ацэнкі і навуковага апісання дэталяў філамацкага жыцця і лёсу герояў спрычыняецца ў сваіх даследаваннях літаратуразнавец, доктар філалогіі Аляксандр Фядута.
Сярод шматлікіх літаратуразнаўчых працаў у даследчым багажы А. Фядуты ёсць і філамацкія даследаванні. Так, яшчэ ў 2008 годзе пабачыла свет падрыхтаваная ім кніга “Вильна 1823–1824: Перекрестки памяти”. Гэта зборнік, прысвечаны самай “гучнай палітычнай справе” пачатку ХІХ стагоддзя – “справе філаматаў”. У зборнік увайшлі нарысы вядомага гісторыка І. Лялевеля і ўспаміны прафесара Віленскага ўніверсітэта І. Лабойкі. Абодва яны былі сведкамі працэсу. Да лёсу філаматаў даследчык сур’ёзна вярнуўся ў 2018 годзе, калі ў выдавецтве “Лімарыус” пабачыла свет першая кніга перспектыўнай серыі “Наша ХІХ стагоддзе”. За апошнія тры гады ў ёй выйшлі тры кнігі, да якіх непасрэдна датычны А. Фядута: два ўласныя даследаванні (“Следы на снегу”, 2018 і “Филомат в Империи”, 2019) і падрыхтаваныя да друку мемуары Антонія Эдварда Адынца (“Успаміны пра мінулае”, 2020).
“Следы на снегу”, якія не знікнуць
Першая кніга серыі – “Следы на снегу”. Яна, як адзначаецца ў анатацыі, прысвечана атачэнню Адама Міцкевіча. Сам жа аўтар у прадмове пра кнігу, характарызуючы яе, піша, што гэта спроба аднавіць кантэкст тэкстаў і лёсаў людзей, якія жылі ў памежную эпоху (эпоха падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння зямель да Расійскай імперыі), адчувалі гэтую памежнасць і намагаліся яе змяніць.
Каб рэалізаваць гэта, даследчык прымяніў удалую канцэпцыю кнігі. Тут няма агульнага навуковага сюжэту альбо паслядоўнага раскрыцця аўтарскіх гіпотэзаў. “Следы на снегу” – гэта зборнік самастойных мікрасюжэтаў, невялікіх навуковых апавяданняў, якія аб’ядноўвае пад адной вокладкай эпоха, ідэя, дух. У даследчай працы так бывае, што ёсць пэўны набор гістарычных крыніцаў з цікавым і новым матэрыялам, але ён досыць сціплы: факталогіі не хапае на самастойнае даследаванне, у вялікай працы падобны матэрыял хутчэй другасны, дапаможны. Але знойдзенымі звесткамі так хочацца падзяліцца і шкада іх губляць! Тут прыходзіць на дапамогу абраны А. Фядутам фармат кнігі – калі такіх дробных сюжэтаў збіраецца шмат, то іх трэба аб’яднаць пад адной вокладкай.
Кніга складаецца з 24 самастойных раздзелаў, аб’яднаных у 4 часткі. Як адзначаецца ў бібліяграфічнай даведцы да кнігі, шэраг раздзелаў публікуецца тут упершыню, некаторыя істотна дапрацаваны на падставе выяўленых архіўных дакументаў, частка ўжо друкавалася ў навуковых зборніках, альманахах як самастойныя навуковыя артыкулы.
“Люди и тексты”. Тут аб’яднаны сюжэты, прысвечаныя напісаным тэкстам: лістам, публіцыстычным матэрыялам, мемуарам. А таксама таму, як праз тэксты адлюстроўваецца асоба, яе светапогляд у складаную эпоху. Галоўны герой тут усё ж тэкст, а людзі нібыта ў яго палоне. Праз тэкст можна пазнаёміцца з эпізодамі, звязанымі з Казімірам Кантрымам (куратар бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта), Марыяй Шыманоўскай (знакамітая піяністка), Эвай Феліньскай (пісьменніца і мемуарыстка)… Асобы ў эпосе значныя, але як адзначае сам аўтар, яны “культурныя дзеячы так званага «трэцяга шэрагу»”. Тым не менш гэтая частка вартая ўвагі: тут сустракаецца сам Адам Міцкевіч. Здавалася, што новага можна знайсці пра жыццё зорнага паэта? Аказваецца, можна, у прыватнасці, пра яго паэтычныя імправізацыі на вечарынах у Пецярбургу, якія заўразіў Восіп Пржэцлаўскі і дадаў навуковых літаратуразнаўчых фарбаў А. Фядута.
“«Лишние» люди. Филоматы в ссылке и после неё”. Адразу хочацца адзначыць, што аўтарам вельмі ўдала сфармуляваны загаловак, у якім ёміста адлюстроўваецца сэнс жыцця філаматаў пасля судовага працэсу – “лішнія людзі”. Справядліва будзе сказаць, што гэтая частка кнігі самая захапляльная і змястоўная. Калі зноў вяртацца да “філамацкай легенды”, то ў ёй яскрава апісанае жыццё да і падчас следчага працэсу. А што было пасля? Легенда сціпла і з пафасам кажа: выгнанне з краю. Далей лёсы большасці філаматаў сыходзяць з гістарычнай авансцэны. А. Фядута з навуковай дакладнасцю пралівае святло на жыццё некаторых з іх. Тут мы даведаемся пра цвярскія пакуты В. Будрэвіча, чыноўніцкія перыпетыі Ф. Малеўскага, зухаватыя справы Ю. Яжоўскага, які абвёў вакол пальца бюракратычную машыну імперыі… Самая дэтэктыўная гісторыя гэтай часткі – гісторыя аб тым, як Тамаш Зан ледзь не стаў выведнікам, а самая вартая ўвагі – гісторыя пра Яна Янкоўскага, таго самага здрадніка (дарэчы, ярлык гэты сягае ў тую ж “легенду”). Сам аўтар адзначае, што не імкнецца да “пасмяротнай рэабілітацыі”, але, вымушаны расчараваць, якраз-такі ў пэўным сэнсе рэабілітацыя і атрымліваецца. Не, нам не прадстаўляюцца невядомыя дакументы, якія зняпраўджваюць вядомыя факты, намі паказваецца, як шмат значаць абставіны і што на месцы “здрадніка” мог быць любы філамат, у тым ліку і сам Міцкевіч. Таксама варты ўвагі лёс Янкоўскага пасля судовага працэсу, з якога мы бачым, як імперыя можа “аддзячыць” тым, хто з ёй ідзе на супрацоўніцтва.
“Мои любимые «жабы»”. “Жабамі” А. Фядута называе адмоўных персанажаў гісторыі. Пра герояў пісаць лёгка, пісаць пра ліхадзеяў – тытанічная праца. Павінен жа хтосьці пісаць і пра нягоднікаў! У гэтай справе важна не скаціцца да шальмавання, але ж трэба і ўбачыць тую мяжу, пасля якой адмоўны персанаж намаганнямі даследчыка можа стаць героем. У частцы галоўным чынам гаворка ідзе пра Ю. Пшэцлаўскага і Г. Ржавускага. А што ў раздзелах кажа пра іх А. Фядута – лепш каб сказаў сам аўтар: “абодва яны былі людзьмі звышталенавітымі і вельмі непрыязнымі”, але “нават самыя буйныя «жабы» бываюць часам па-свойму прывабнымі і цікавымі”. Падаецца, аўтар добра адчуў мяжу паміж злым і добрым у адмоўных вобразах.
“После филоматов”. Героі гэтай часткі – людзі з пакалення, якое прыйшло на змену пакаленню свавольных выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта. Цікавая тут выбарка персанажаў – студэнт з Пецярбургу (С. Галембіеўскі), паўстанец 1830-га (А. Рыпінскі), сын чыноўніка-філамата (С. Малеўскі). Філаматы ў свой час кінулі зерне, ці ўзышло яно? Паказаў час. Таксама адказаць на гэтае пытанне дапамогуць сюжэты і лёсы, апісаныя ў раздзеле.
Калі падводзіць рысу, то “Следы на снегу” – гэта кніга, якую варта прачытаць. Можна не ўсю, а той сюжэт, які спадабаўся. Яе можна чытаць з любога месца. Тыя таямніцы, якія раскрывае ў ёй аўтар, абыякавым не пакінуць і дадуць вялікае інтэлектуальнае задавальненне.
“Филомат в Империи”: біяграфія імперскага чыноўніка
Францішку Малеўскаму пашчасціла. Калі не пры жыцці, то пасля смерці дакладна. Яго жыццё не знікла пад цяжарам вялікіх архіўных папак з асабістымі дакументамі, ён атрымаў у пасмяротны падарунак грунтоўную навуковую біяграфію. Што мы ведалі пра Малеўскага да таго, як за яго жыццё “узяўся” А. Фядута? Сын рэктара, навучэнец Віленскага ўніверсітэта, таленавіты правазнаўца, сябра таемных таварыстваў… Быў асуджаны на выгнанне. А пасля выгнання фігуруе выключна ў кампаніі Адама Міцкевіча і, дзякуючы яго зорнай асобе, трымаецца ў гістарычнай памяці.
Але Малеўскі не дадатак да Міцкевіча, ён самастойная асоба з цікавым лёсам. Калі скончыўся працэс над філаматамі, яму было 24, а пражыў ён 70. Яшчэ 46 год, якія нам, па-сутнасці, былі невядомыя. Жыццё Малеўскага – гэта, так бы мовіць, “трэці шлях” філамата. Ён не стаў зняволеным пакутнікам, як Зан і Чачот, не эміграваў, як Міцкевіч. Малеўскі праявіў лаяльнасць (але ўсё роўна ўвесь час быў пад падазрэннем!) імперыі і стаў службоўцам. Але за гэтым хаваецца больш, ён заняўся справай, да якой пакліканы і меў талент: юрыспрудэнцыя. Гэтым ён прынёс больш карысці чалавецтву. І падобным шляхам пайшлі многія былыя філаматы, што, канечне, не ўпісваецца ў парадыгму філамацкай “легенды” пра самаахвярных змагароў з імперыяй.
Напісаная А. Фядутам біяграфія Малеўскага – некалькі дзясяткаў храналагічных раздзельчыкаў-пазлаў, якія паслядоўна складаюцца ў жыццё чалавека. У кнізе няма домыслаў альбо аўтарскіх фантазій – усё пацвярджаецца дакументальнымі звесткамі, якія аўтар клапатліва збіраў па розных сховішчах даўніны. Першасная тэма кнігі – маральны выбар чалавека паміж любімай справай і ілюзіяй барацьбы. Спадарожнічаюць галоўнай тэме іншыя – лёс чыноўніка, яго кар’ера ў імперыі, стасункі з сям’ёй і сябрамі. Дэталі побыту насычаюць і ажыўляюць кнігу, галоўны герой не падаецца “пыльным” персанажам з архіўнай справы: ён любіць музыку, клапоціцца пра дзяцей, ён пражывае сапраўднае жыццё.
Комментарии к книге «Філамацкія штудыі Аляксандра Фядуты. Рэцэнзія на кнігі “Следы на снегу”, “Филомат в империи”, “Успаміны пра мінулае”.», Павел Булаты
Всего 0 комментариев