Ніл ГІЛЕВІЧ
ДЗЁННІК: ГОД 1997-ы
1-га студзеня. “Вось і яшчэ на год бліжэй...” Усю ноч глядзеў тэле — слухаў выдатных спевакоў Расіі. А па нашай праграме ўсё ішло проста бяздарна. А вечарам сёння ў “панараме” выпусцілі на экран — ад імя творчай інтэлігенцыі — двух песняроў вечнасці. Але ж і хітрыя хлопцы! Пры любой уладзе кароўку даіць будуць! Каб табе слова пра Беларусь і што яе чакае ў 1997-м!
2-га студзеня. Цэлы дзень рэдагаваў (па сутнасці, перапісваў нанава) артыкул “Да чаго і дзеля чаго вяртацца?” — апошні ў 1996-м, а можа — апошні палітычны артыкул наогул. Выкінуў усё, што датычыць эканомікі, пакінуў “незалежнасць, мову, гісторыю”.
Нешта са мной пачало нядобрае рабіцца. Як бы апусташаецца душа і з яе выходзіць хэнць жыць.
3-га студзеня. З ранку да ночы перадрукоўваў артыкул. Перачытаў. Усё адно шмат засталося эканамічна-сацыяльнага, пададзенага грубавата-фельетонна. Давядзецца скарачаць яшчэ. А пошта так і не прынесла віншаванняў ад тых, ад каго чакаў. Ні званкоў, ні пісем. Думаю, што гэта не так сабе. Не проста ад ляноты душэўнай.
4-га студзеня. Яшчэ ўчора пытаўся ў Ніны, ці не дарэмна я напісаў ліст расіянам — нешта ўзнікла сумненне. А сёння ў “ЛіМе” ён надрукаваны. Прачытаў разы чатыры — і супакоіўся. Не дарэмна! Я павінен быў яго напісаць! Павінен! Я не мог не напісаць яго! Хай ведаюць, што мы думаем пра іх красамоўныя заклікі да братэрства і іх рэальную палітыку.
Першы нумар “ЛіМа” падпісаны новым прозвішчам. А ўсё-такі агідна мне думаць пра гэту расправу над “ЛіМам” і над Гілём. Агідна!
Саюз пісьменнікаў за Беларусь не пастаяў. Балота! П’янае, гнілое балота! Панаваць ад гэтага часу цалкам пачнуць хітранькія.
Кепска на душы, вельмі кепска! Усе сілы на зыходзе. Відаць, “зыходныя” будуць і вершы, якія ў гэтыя першыя дні Новага пачаў пісаць.
Дамовіўся з Сярэдзічам, што пасля Каляд, 8-га, артыкул перадам яму.
9-га студзеня. Учора артыкул “Да чаго і дзеля чаго вяртацца...” аддаў Сярэдзічу — сказаў: не пазней як праз тыдзень надрукуе. Пішу вершы. Будзе невялічкая нізка пра... каханне. Самы час, самы раз!.. А можа — і сапраўды “самы”?
10-га студзеня. Пазваніў А.Русецкі. Вельмі хваліў мой ліст расіянам (“дакладна, востра, смела, справядліва”, “як заўсёды”, “з вялікім захапленнем прачытаў” і г. д.). Раней за яго адазваліся толькі Быкаў і Бураўкін. Генадзь — не спецыяльна, а ў размове — тэлефоннай — аб іншым. Быкаў, як і я, упэўнены, што ні адна расійская газета, нават самая раздэмакратычная, майго ліста не надрукуе. Я гэта ведаю даўно: увесь іх дэмакратызм канчаецца ўраз, тут жа, як толькі даходзіць да пытання аб незалежнасці Беларусі, аб дзяржаўнасці беларускай мовы, аб яе дзяржаўным панаванні ў нас і інш.
Званіў Мікола, сказаў, што заходзіў, каб даць устаноўкі, новы рэдактар “ЛіМа”. Крывіўся і кісліўся, бо “там — рвут и мечут”, асабліва ад паэмы “пра эпідэмію курынага смеху”. “Гнать из ЛиМа немедленно! Гнать!” (Міколу). Паэму безагаворачна прыпісваюць мне, у тым ліку і Н-еў. (“Дык гэта ўсе ведаюць!..”)
Бедны Мікола! Ці надоўга яго хопіць, каб не зламацца наогул? Наконт паэмы... ён быў неасцярожны, рыхтуючы мой арыгінал да друку: забыў, што ў “ЛіМе” ёсць гэныя самыя.
15-га студзеня. Артыкул у “Народнай волі” надрукаваны. Яшчэ раз расставіў усе кропкі над “і” наконт нацыянальнай палітыкі Крамля ў мінулым (СССР — КПСС) і сёння, і наконт тых халуёў-нікчэмцаў з ліку беларусаў, якія гэтай палітыцы слугуюць.
У прэсе і ў эфіры — толькі і размоў, што пра пасланне Ельцына наконт паглыблення інтэграцыі паміж РФ і РБ і канкрэтна — аб агульным аб’ядноўчым рэферэндуме. Спяшаюцца, пачвары! Баяцца ўпусціць час! Ведаюць, што час працуе не на іх.
19-га студзеня. Пазаўчарашняя сустрэча Л. і К. у Гомелі выклікала вялікую злосць у Маскве. Загудзелі, як патрывожаныя восы. Пралічыўся наш “стратэг”. Даюць яму зразумець, што ты, гэта самае, не вельмі. А то пасадзім на месца. Цікава было б ведаць, што канкрэтна сказаў нашаму Кучма. Няўжо не “ўрэзаў”?
Наконт майго артыкула пазванілі ажно... тры чалавекі, з іх пісьменнік адзін — М. Матукоўскі. Можна падумаць, што самі мае калегі пішуць і друкуюць такія артыкулы кожны дзень.
22 студзеня. Ужо колькі дзён правяраю стужкі з запісамі народных песень — на прадмет высвятлення якасці, бо запісы пераважна 70-х гадоў. У свой час у мяне іх прасіла Акадэмія — не аддаў, спадзяваўся, што спаркуюся з якім кампазітарам і выдам вялікі том з нотамі сам. Як бачу сёння, спадзяванні былі дарэмныя. Давядзецца ўвесь гэты скарб (каля 150 стужак) перадаць цяпер. Дарэчы, колькі там усяго песень? Калі на кожнай 10 — то паўтары тысячы. Але ж ёсць і па 20, і па 30 на адной стужцы. Значыць, мінімум тысячы тры? Буду прасіць, каб выдалі асобным томам з паметкай “З фонду (ці з архіву) Н.Г.”. Вядома ж, пасля таго, як гэты Н.Г.... Раней не зробяць. І праца не малая, і няма за што выдаваць.
Усе “жорсткія рамансы” і “гарадскія”, “псеўданародныя” песні здымаю са стужак — для задумы перарабіць іх у “Песні прапашчага” — задумы, якая мучае мяне ўжо гады два.
23-га студзеня. Тыфозная газетная вош папоўзала на старонках “Знамя Юнасці” і напаскудзіла мне і майму брату. Данос Гэнаму — з патрабаваннем неадкладна выгнаць Гіля з “ЛіМа” наогул, а то, ці бач, у намесніках рэдактара застаўся. Але ж і вош! Божа літасцівы, і чаму Ты дапусціў, каб іх столькі напаўзло да нас!
24-га студзеня. Было кепска — дык наце вам лепш! Узурпатар замяніў Бельскага... Замяталіным! Увесь друк Беларусі аддадзены ў рукі расійскага палкоўніка, які нават чытаць па-беларуску не ўмее. Усякае пачварства бачыў на гэтай няшчаснае зямлі — такога, здаецца, яшчэ не было. І што ж нас чакае? Што чакае беларускую кнігу?
Сёння ўжо адзінаццаты дзень, як мяне колюць — па два ўколы на дзень. Для падмацавання матора. Не магу сказаць, каб я пачуўся лепш. Відаць, спазніўся. Задыхаюся. Спірае ў грудзёх, у бронхах так, што іншы раз здаецца: ну вось і ўсё, не адпусціць.
Парадавала медсястра: зайшла з маёй “Незалежнасцю” (каб даў аўтограф для дачкі-настаўніцы) і сказала, як яна і многія іншыя сёстры, урачы не прымаюць і ненавідзяць Гэнага. Але ўсе баяцца і таму маўчаць.
25-га студзеня. Бачыўся і трохі пагутарыў з Зуёнкам. Расказаў мне, як ужо цэлы месяц людзі ад Цюцянькова вядуць падкопы, каб адабраць у пісьменнікаў Дом літаратара. Кожны дзень прыходзіць нейкі тып і патрабуе дакументы на права валодаць асабняком, які падарыў Саюзу Урад пры Машэраве і па настойлівасці апошняга.
Няўжо яны і на гэта пойдуць — адбяруць у Саюза пісьменнікаў яго ўласную хату?
Сёння — прэзентацыя новага часопіса “Всемирная литература”.
Якая ганьба! На рускай мове ў Беларусі нейкі “ўсесаюзны” (СНД-эўскі) часопіс! Ды — увесь з перадруку старых перакладаў, якія неаднойчы публікаваліся. Для каго і навошта? — розуму не прыкладу. Канкурэнт “Иностранке”? Смешна нават падумаць. І каму гэта прыйшло ў галаву — пры нашым жудкім фінансавым становішчы, калі катастрафічна скарачаецца выданне беларускіх кніг, часопісаў, газет.
Паказалі па тэле бліц-інтэрв’ю з Зуёнкам і Жуком — на прэзентацыі. Ах, хлопцы, хлопцы! Што ж вы робіце? Нават не выказалі здзіўлення, чаму “Всемирная литература” на рускай мове. А ўвогуле — чаго вы туды пайшлі? Не разумееце, што гэта абраза для ўсіх нас і подлае шкодніцтва супроць беларускай літаратуры і культуры? Ну хоць бы хворымі прыкінуліся! Ніхто не асудзіў бы, і ласку б не страцілі, калі за яе боязна.
31-га студзеня. З раніцы гадзіны дзве “прабалантэсіў” з даўнім балгарскім знаёмым Ст. Паптоневым (у Сафіі — Стэфчо). Нібыта абавязковая афіцыйная сустрэча, у Пасольстве. Нібыта для балгарскага друку (пабачым!). Падпісаў мне аж чатыры свае новыя кнігі: тры — прозы, адна — паэзія. Выйшлі ў самы апошні час. У прыватных выдавецтвах. Заўсёды здзіўляўся незвычайнай энергіі і прабіўной сіле гэтага балгарына. Без году 70 — а ўсё такі ж жвавы, рухавы і неўгамонны. За жыццё нашпурляў, мабыць, каля сотні кніжак.
Напярэдадні ўвесь вечар прасядзелі ў Найдзена; перабралі ў памяці ўсіх маіх, яшчэ жывых, балгарскіх пабрацімцаў. Ужо іх не так і шмат засталося. І цікавасць мая да іх лёсу і іх краіны ўжо зусім-зусім “не тая”. Можна сказаць, амаль ніякая. Сорак гадоў улялёшчыў (з 1956). І што? Адна гарката на душы.
1-га лютага. Правёў ці не апошнюю “сваю” Раду ТБМ. Можа, перадапошнюю... На 14 красавіка назначылі З’езд ТБМ, на якім я вызвалюся (нарэшце!) ад пасады старшыні Таварыства. Рада дала на гэта згоду. А прасветліны ў справах ТБМ — аніякай! І хто будзе старшынёй, і што будзе з “Нашым словам” — невядома. Асабліва трывожыць лёс “Нашага слова”. Не дай Бог спыніцца выданне! А ўсё ідзе да гэтага. Эх, было б хоць трохі здароўя і сілы — яшчэ пазмагаўся б! На жаль, на жаль!..
14-га лютага. Быў (з Брылём і Шаранговічам) у гасцях у М. Чарняўскага — з нагоды яго ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. Адзін з самых найтыповых беларусаў, дакладней — беларускіх інтэлігентаў. Перакананасці і ўпартасці — дай Божа, колькі! Але і памяркоўнасці і абачлівасці — таксама.
20-га лютага. Быў у Нацыянальнай бібліятэцы на спектаклі тэатра Дзягілевай “Зніч” па маім рамане ў вершах “Родныя дзеці”. Спектаклем назваць гэта цяжка, звычайная дэкламацыя. У выкананні таленавітага артыста Міколы Лявончыка. Выступіў і аўтар. Уражанне, што слухачы чакалі менавіта яго: было шмат пытанняў, зусім пэўнага накірунку... Дзякаваць Богу!..
Комментарии к книге «Дзённик: год 1997-ы», Нил Семёнович Гилевич
Всего 0 комментариев