З дзённікаў. 2002-2004 (fb2) - З дзённікаў. 2002-2004 [на беларускай мове] 209K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Иван Петрович Шамякин
Іван Шамякін
З ДЗЁННІКАЎ
2002
24 красавіка 2002 г.
Слухаў пасланне Прэзідэнта парламенту. Лукашэнка цікава можа сказаць. І змястоўна. Усё правільна, што датычыць палітыкі, знешняй палітыкі — саюза з Расіяй. Што ж датычыць эканомікі і сацыяльнай сферы, тут, мне здаецца, кансультанты падводзяць яго. Добра пра апазіцыю. <...>
Ці здолею хоць трохі падлячыць свой «хадавы механізм». Слабее з кожным днём. Папрасіў В. Н. Гурына завезці мяне ў Інстытут артапедыі; гады тры назад ён мяне вазіў, але тады ў мяне моцна балела ступня нагі, аднак хадзіў яшчэ без кульбы.
Дрэвы зялёныя ўжо. Хочацца на дачу. І баюся яе, дачы. Ці залезу на сваю «галубятню»? Залезці залезу. Як злазіць па крутой лесвіцы? А жыць хочацца. І пісаць! Аднак ужо тыдні тры не пішу, толькі дзённік. А начныя ўспаміны ёсць! Вясёлыя і сумныя. Такім было жыццё.
28 красавіка 2002 г.
Пазаўчора прачытаў у газеце: памерла Лілія Давідовіч. Балюча стала. Я любіў гэтую актрысу, яна іграла галоўную ролю — Наталлі ў маёй п’есе «І змоўклі птушкі». Мінулым летам я ляжаў у адной палаце з яе мужам Ігарам Дылеўскім, журналістам. Яна наведвала яго. Вясёлая, дасціпная, зусім не выглядала на 65 — на 45. Пасля Ждановіч, Рыжковай, Станюты яна, Ліля, ды Маша Захарэвіч былі гонарам купалаўцаў. Ці разумеў гэта Раеўскі? Ды і іншыя. Кіраўнікі культуры не разумелі, для іх Зорка — Пугачова, а не Давідовіч. Пугачовай за тыдзень прысутнасці ў журы «Славянскага базару» заплацілі столькі, колькі Давідовіч ці Захарэвіч не зарабілі за тры гады. Маша, працаўніца, каб зарабіць капейкі, чытае на ўсіх вечарах у СП. Чытала. Зараз там няма чым плаціць. Дажыліся.
Комментарии к книге «З дзённікаў. 2002-2004», Иван Петрович Шамякин
Всего 0 комментариев