«П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."»

1460

Описание

отсутствует

1 страница из 10
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..." (fb2) файл не оценен - П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..." 144K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Александр Леонтьевич Петрашкевич




Алесь ПЕТРАШКЕВІЧ


П. М. МАШЭРАЎ: «ЦЯПЕР Я ВЕДАЮ...»


Пра гэтага неардынарнага чалавека напісана нямала, але вобраз яго, як мне здаецца, яшчэ не раскрыты, не створаны. Ужытыя фарбы для абмалёўкі партрэта не вызначаюцца шырынёй спектра. Перад намі пакуль што манументальная фігура дзеяча, гэтакая постаць рыцара без страху і папроку. Можа, менавіта таму афіцыйная прапаганда і падае яго як прыклад для пераймання «подрастающему поколению». На прыкладзе яго жыцця сапраўды ёсць чаму павучыцца, але ў першую чаргу дзядзькам дарослым, якія ўжо самі з вусамі. Мяне ж асабіста П.М.Машэраў цікавіць не як бронзавы манумент, узведзены людской фантазіяй, а як чалавек, як асоба, якому дала жыццё звычайная жанчына-сялянка.

I бацька ў яго быў селянін, але крыху незвычайны. Вылучаўся на вёсцы нейкай сваёй адметнасцю. Было ў яго нешта ад інтэлігента. Можа, большая адукаванасць, чым у іншых мужыкоў. Можа, прыродны розум, натуральная дабрыня і павага да людзей. Але як бы там ні было, а аднавяскоўцы з Міронам Машэрам здароўкаліся першымі і, калі з некім трэба было параіцца па якой важнай справе, то ішлі да яго. Так і казалі: Мірон Машэра ўсё ведае. 3 прозвішчам я не памыліўся. Бацька Пятра Машэрава насіў афіцыйнае прозвішча Машэра. У 30-я гады, калі бурылі храмы і грамілі рэлігію, ён заступіўся за мясцовага святара. Уладам гэтага хапіла, каб пазбавіць яго волі і самога жыцця.

Лёс мой склаўся так, што меў я магчымасць больш за 20 гадоў назіраць за Пятром Міронавічам, пры тым гадоў пяць з іх не здалёку, а зблізу, пры дзелавых сустрэчах па разу, а, здаралася, і болей на тыдзень. Пагадзіцеся, што я маю пэўнае права на свой погляд. Многія іншыя, хто быў намнога бліжэй да Першага і, безумоўна, ведаюць пра яго больш, але сказаць па нейкай прычыне не хочуць, а хутчэй за ўсё не могуць, не ўмеюць. А таму мо і лепш, калі змоўчаць. Я ж з лепшых намераў і пабуджэнняў, выключна па ўласнаму жаданню распавяду пра тое, якім я яго бачыў, якім ведаю, якім ён мне запомніўся праз асабістыя сустрэчы, гутаркі, стасункі па службе, падгледжаныя асаблівасці і дэталі характару, паводзін і іншае, што, спадзяюся, і дабавіць нешта істотнае да стэрэатыпнага ўяўлення большасці маіх суайчыннікаў пра свайго былога лідэра. Ад слова «кумір» я тут свядома ўстрымаўся, бо яно не лепшае азначэнне для разумнага чалавека і ў слоўніку расшыфроўваецца як бажаство, ідал, балван (беларускі варыянт). «Не делай себе кумира!» — папярэджвае як вядома, Свяшчэннае Пісанне на ўсе часы чалавечай гісторыі...

Раней чым узяцца за сціло, каб адзначыць нешта ў пісьмёнах, задаў я сам сабе шэраг пытанняў і сам паспрабаваў адказаць, на якія змог:

— Пётр Машэраў — нацыянальны герой?

— Безумоўна!

— Яго зрабіла героем прапаганда?

— Ён яшчэ і сам здолеў сябе сцвердзіць героем.

— Адукаваны, інтэлігентны чалавек?

— Святая праўда. А то адкуль бы тая павага людская?

— Добры сем’янін? Любячы муж і бацька?

— А чаму б і не? I не роўня іншым...

— Узор дзяржаўнага дзеяча?

— Так, але для свайго часу, калі ўсе вялікія начальнікі ўяўляліся ўзорамі.

— Сумленны і справядлівы грамадзянін?

— Роўна настолькі, наколькі дазвалялі абставіны і час.

— Адкрыты чалавек?

— Роўна настолькі, наколькі лічыў гэта патрэбным.

— Добры дыпламат?

— Дыпламат выдатны.

— Здольны артыст?

— Артыст таленавіты.

— Быў летуценнікам? Рамантыкам?

— I прагматыкам таксама.

— Паслухмяны перад тымі, хто быў над ім?

— 3 болем у душы, з пакутаю, але паслухмяны.

— Ці быў наіўны?

— Быў, бо верыў, што яго ідэі, дырэктывы, даручэнні выконваюцца.

— Верны сын сацыялістычнай эпохі?

— Так. I вельмі падобны на іншых кіраўнікоў свайго рангу, толькі больш здатны і разумны.

— Кіраўнік, які не памыляўся?

— Памыляўся, і па вялікім рахунку, але меў сілу, калі не прызнаць гэта прынародна, то ўсвядоміць.

— Каяўся ў грахах?

— Не ведаю.

— У жыцці лавіраваў?

— Наколькі было неабходна, а больш дакладна, наколькі былі магчымасці.

— Ці мог аддаць на заклание маскоўскім апрычнікам невінаватага чалавека?

— Мог, калі абараніць ужо не спадзяваўся ці пабойваўся, хоць і герой.

— Ці хаваў бы ад людзей катастрафічныя паследкі Чарнобыля? Ці адмовіўся б ад гуманітарнай дапамогі дзяржаў свету на наша пагарэлае?

— Думаю, што i не хаваў бы, і не адмовіўся б. А можа, і зрабіў бы, як загадалі. Хто ведае?

— Ці пераконваў бы цёмных і недасведчаных заставацца ў «зоне» ці вяртацца ў яе?

— Выселіў бы ўсіх, нават пад прымусам, і зрабіў бы іх лес сваім клопатам. Зону закрыў бы неперасягальнай заслонай. Радыяцыйны кантроль зрабіў бы законам, бо быў чалавекам адукаваным, дасведчаным.

— Ці жадаў сваім суайчыннікам шчасця?

— Жадаў, але даць не змог, у чым сам пераканаўся.

— Ці меў расчараванні ў сваіх дзеях?

— Меў ды яшчэ якія.

— Калі б быў жывы, як бы сябе паводзіў падчас «перабудовы»?

— Прыкладна так, як паводзілі сябе яго сябры Гейдар Аліеў і Эдуард Шэварднадзе, але аўтарытэтам карыстаўся б большым, чым названыя дзеячы. А можа, і пайшоў бы за Бразаўскасам. Шляхі такіх людзей неспавядзімы, а Масква яго добра-такі дапякла.

— Ці палез бы ў расійскі хамут, які яму дастаткова набіў плечы і намуляў шыю?

— Гістарычны шанс вызвалення ад каланіяльнай залежнасці выкарыстаў бы напаўніцу. А можа, кажу так, што мне гэтага хацелася б... Хоць незалежнасць была ў яго характары.

— Ці меў пачуццё гумару?

— Меў. I высокае. Да таго ж, быў насмешлівы і нават саркастычны, але ў межах прыстойнасці і інтэлігентнасці.

— Ці быў шчаслівы?

— Такія людзі шчаслівымі, бадай што, не бываюць.

Наколькі мне здаецца, Пётр Міронавіч Машэраў — фігура наколькі неардынарная, настолькі і трагічная, нават без той трагедыі, якая літаральна напаткала яго на крутой жыццёвай дарозе.

Адказаўшы ці не адказаўшы на самапытанні, усумніўся я, што не нарабіў памылак, і вырашыў праверыцца на чалавеку, які быў не каля, а пры П.М.Машэраве, і намнога даўжэй за мяне. Дык вось, таварыш К. з большасцю маіх адказаў на мае ж пытанні пагадзіўся, на паасобныя не адрэагаваў, а з тым, што Пётр Міронавіч лавіраваў, не быў шчаслівы і не даў шчасця сваім суайчыннікам, катэгарычна не пагадзіўся. У пытанні: ці палез бы ён сёння ў расійскі хамут, які яму «набіў плечы і намуляў шыю», мой «проницательный» суразмоўца ўбачыў не столькі машэраўскі адмоўны адказ, колькі маё жаданне і адразу ж папярэдзіў:

— Не трэба з Пятра Міронавіча рабіць апазіцыянера савецкай уладзе. Ён быў сам ва ўладзе. Ён быў сам уладаю. Ён быў яе ўвасабленнем. Думаю, што ён хацеў яе больш. Відаць, не мог змірыцца і з тым, што самай высокай ўладаю ў звышдзяржаве валодае нікчэмнасць.

— Вы хочаце сказаць, што састарэлая, дагматычна-замшэлая, у аснове сваёй хворая нікчэмнасць...

— Я гэтага не казаў, — перапыніў ён мяне.— А Пётр Міронавіч ва ўнутранай, закуліснай, назавём яе кадравай, барацьбе мог удзельнічаць і, бадай што, удзельнічаў. У высокіх сферах гэта звычайная рэч, але гэта зусім не азначае, што ён стаяў у апазіцыі да самога ладу. Яго магло не задавальняць кіраўніцтва партыі і краіны, але толькі не палітычная і эканамічная арганізацыя гэтай краіны. Словам, дзяржаўнаму ладу і ідэалогіі партыі ён быў адданы да канца.

— Тады пытанне: як бы ён павёў сябе сёння, хоць я і разумею, што гісторыя не мае «сослагательного наклонения».

— Мяркую, калі б не яго трагічная смерць, то ў пэўных варунках ён мог бы падняцца, як вы кажаце, над нямоглым Палітбюро. Для гэтага ў яго былі ўсе падставы і даволі высокі аўтарытэт у краіне. Мог дапамагчы і збег абставінаў. Мог жа з’езд партыі абраць Генсекам Гарбачова. Пры той раскладцы сіл у Палітбюро на месцы Гарбачова мог бы апынуцца і Машэраў. Я ду­маю, што пасля горкага вопыту са Сталіным з’езд не стаў бы абіраць у Ген­секi прадстаўнікоў неславянскага паходжання. I тады ў Машэрава не было б канкурэнтаў за выключэннем старога Грышына і маладога Гарбачова.

Комментарии к книге «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."», Александр Леонтьевич Петрашкевич

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства