Загадка Багдановіча (fb2)
- Загадка Багдановіча 292K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Михаил Леонович Стрельцов
Міхась Стральцоў
Загадка Багдановіча
Эсэ
Маладому вераб'ю блага
Надзеі на папраўку амаль не было: ён гэта ведаў добра. I ўсё ж паехаў. Можа нават і таму, каб хоць трохі супакоіць сяброў. Дзіўная рэч: за ўсе іхнія клопаты ён мог аддзячыць хіба што згодай на гэтую паездку.
Ён надта не любіў усялякіх клопатаў аб сабе.
Грошы на дарогу і лячэнне яму сабралі. Пра гэта ён не ведаў да самага апошняга часу. Паставілі, так сказаць, перад фактам. На руках было і рэкамендацыйнае пісьмо ў Ялту.
Ну што ж, Ялта. Добра яшчэ, што хоць знаёмая мясціна. Упершыню ён быў там у 1909 годзе. Малочная ферма «Шалаш», блізка ад Ауткі, непадалёк ад дачы Чэхава.
Чэхава ўжо няма. Усё тое ж — сухоты.
Брат Вадзім памёр ад сухотаў у 1908 годзе. Праз год адкрыўся гэты самы працэс і ў яго. Яраслаўскі доктар Берндт супакойваў: маўляў, марная трывога. Ялцінскі доктар (як яго прозвішча?) сказаў больш пэўна: трэба сур’ёзна лячыцца. Надзею на папраўку ўсё ж падаў. Ах, гэтыя дактары, так лёгка, як рэцэпт, выпісваюць яны надзеі.
Але тут усё надта проста. Звычайная арыфметыка. Маці памерла ад сухотаў у 27 год. Нарадзілася ў 1869 годзе, памерла ў 1896. Ператасаваны дзве апошнія лічбы. Паводле гэтай логікі, ён памрэ ў 1919 годзе. Два гады ў запасе. Што ж, добра было б. Толькі не верыцца ў гэта. Брату Вадзіму было ўсяго 18 год. А яму хутка 27, як маці. I ўсё ж так хочацца верыць няхай нават у містыку лічбаў. Два гады ў запасе — гэта добра.
Пра Ялту напісана ў чэхаўскай «Даме з сабачкам». Як гэта там? «I тут выразна кідаліся ў вочы дзве асаблівасці шыкоўнага ялцінскага натоўпу: пажылыя дамы былі апранутыя, як маладыя, і было многа генералаў». Ну, генералаў, мусіць, цяпер паменшала: вайна. Хаця…
Шкада, што ён, Багдановіч, нічога не напісаў пра Чэхава. Нейкую там нататку пра выданне яго пісьмаў — хіба гэта можна лічыць? Якое самотнае жыццё, якая мужнасць і незалежнасць ва ўсім. I загадкавае, нікім не спазнанае майстэрства. «Над апавяданнямі можна плакаць і стагнаць, можна пакутаваць супольна са сваімі героямі, але, мяркую, трэба гэта рабіць так, каб чытач не заўважыў. Чым больш аб’ектыўна, тым больш моцнае ўражанне». Нешта падобнае ёсць і ў яго, Багдановіча.
Ну, гэта, брат, дрэнная цытата. Вось тут у цябе, мабыць, выйшла лепш:
Але якая самаўпэўненасць, браце, — цягацца з Пушкіным, з самім Аляксандрам Сяргеевічам. Сказана ж: «гений и злодейство — две вещи несовместные». Ну, а калі ў адчаі чалавек, калі больш, чым бога, увазлюбіў сваё рамяство (так, рамяство, гэта ж харошае слова!), а ўзнагароды няма. Калі хоча жыць у келлі, а не ў карчме? I хіба ён не лічыў Моцарта геніем? Канечне, лічыў! Не, тут было другое: абраза за прафанацыю мастацтва! Хоць несвядомую, але прафанацыю, так! I самае галоўнае — цаной геніяльнасці. Сальеры думаў, што гэтага нельга дараваць нават Моцарту.
«Абдумаць спосабы і матар’ял, і мэту».
Але калі ўсё-ткі зайздрасць? Нізкая, ганебная зайздрасць. Творчае бяссілле, бясплённае напружанне думкі. Не, не, гэта, мусіць, прыдумана. Каб круглей, каб для легенды. А паэту гэта трэба для драмы. Буало гэта не трэба. Гётэ гэта не спатрэбілася б таксама. Ураўнаважаны, спакойны, як бог, Гётэ і страсны, неўраўнаважаны Шылер. Дзе тут трагедыя, драма? Для каго? Для Гётэ? Для Шылера? Хутчэй, можа, для апошняга.
I ўсё ж дарэмна ты звязаўся з Сальеры. З легендай табе не справіцца. I не абараніць сябе. Рацыяналіст і дэкадэнт — вось што будуць гаварыць пра цябе нашчадкі. І будуць помніць хіба па тым, што некалі ты пісаў неблагія рэцэнзіі на Купалу, на страснага, неўраўнаважанага Купалу. Купала — Шылер. Дзе знайсці Гётэ яму напару?
Цягнік усё ішоў і ішоў на поўдзень.
Была зіма, мяцеліца. I гаварылі пра рэвалюцыю. Ён ехаў насустрач ёй ці ад яе? Эх, каб яшчэ хоць два гады жыцця!
За Гомелем на тры дні цягнік запынілі снежныя заносы. Апынуліся між станцыямі, як паміж небам і зямлёй. Цемень, завіруха. Страшныя, апакаліптычныя ночы. Палілі свечкі. Скончылася яда.
Ён думаў пра бацьку: той павінен быў выехаць з Яраслаўля на два дні пазней. Сустрэча была прызначана ў Сімферопалі. Бацьку туды пераводзілі на службу.
Пасля сямі дзён дарогі быў нарэшце Сімферопаль. Бацькі ў Сімферопалі ён не знайшоў. Ён не пакрыўдзіўся: неспакойны стаў час, усё магло здарыцца. Але хутчэй за ўсё бацьку затрымалі грамадскія справы, Яго наогул заўсёды аж надта цікавілі грамадскія справы. Максім Адамавіч, сын, разумеў: бацька чалавек няшчасны, жыццё ў яго не выходзіла і пакуль не выйшла, хоць той нікому не прызнаваўся ў гэтым, нават сабе. Выратоўваць усё павінна была «шырыня інтарэсаў», грамадскія памкненні. Максім Адамавіч разумеў бацьку, а таму шкадаваў.
Была нарэшце і Ялта.
I ў Ялце таксама была рэвалюцыя.
Кватэру было знайсці не так лёгка, як яму думалася напачатку: чамусьці сталі баяцца чужых людзей. Цэлы дзень ён блукаў па горадзе. Вынікаў ніякіх. Пад вечар здабыў адрас: вуліца Мікалаеўская, дом нумар восем, гаспадыня Марыя Цамко.
Гаспадыня павяла яго дваром. Па крутой, знадворнай лесвіцы падняліся на другі паверх. Пакой быў даволі прасторны, але недагледжаны: адчувалася, што ў ім даўно не жылі. Яму было ўсё роўна. Ён зморана сеў на табурэт, выпрастаў ногі. «Больш я нікуды не пайду», — сказаў ён. «Ну дык жывіце сабе», — адказала гаспадыня.
За акном відно было мора. «Блізка, сыра», — падумаў ён. Адольвала стома. Гаспадыня пайшла. Ён слухаў яе тупаценне па лесвіцы. «Затое я буду тут зусім адзін», — з нечаканай палёгкай падумаў ён. I ўспомніў, што не дагаварыўся з гаспадыняй пра харчы. «Буду хадзіць у сталоўку, — суцешыў сябе. — Нічога мне не трэба. Так будзе лепш. Буду пісаць».
Так ён стаў жыць у Ялце.
Ішлі дні. Пятру Гапановічу, стрыечнаму брату, ён пісаў: «Надвор’е страшэннае — дождж, вецер, холадна». I дадаваў, што гаспадыня дрэнна паліла ў печы, «эканомію наганяла». Гапановічу пра гэта можна было напісаць. Ён быў амаль ніхто яму: ну, брат, гэта праўда — брат, але ж такі далёкі чалавек. Заўсёды кпіў з яго «беларушчыны»: «самасційнасці», маўляў, захацелася. Так і гаварыў — «самасційнасць», на «хахлацкі» лад: адразу двух зайцоў забіваў. «Ты расскажи всю правду ей, пустого сердца не жалей», — пішучы, горка падумаў ён. Можа ён меў на ўвазе і Анюту, родную Пятрову сястру? Што ж, няхай бы гэта прачытала і яна. «Пускай она поплачет: ей ничего не значит». Ён задумаўся, а потым напісаў далей: «Бацьку пра хваробу пісаў без усялякіх падрабязнасцей. Лячуся, маўляў, у Ялце — і ўсё тут. I ты не распісвай».
Бацька даўно ўжо быў у Сімферопалі.
«Шырокае ў яго цяпер поле для дзейнасці», — як бы са шкадаваннем падумаў сын. Ён заўсёды разумеў бацьку. I не хацеў яго турбаваць. Нават пісьмамі. Несур’ёзна гэта — пісаць пісьмы за якія-небудзь семдзесят вёрст. Такая была адлегласць паміж Сімферопалем і Ялтай.
Ён не крыўдаваў на бацьку. Так ужо звыклася: бацька, на яго думку, быў няшчасны чалавек.
Ён спрабаваў пісаць; чамусьці пісалася не надта. Тады браўся папраўляць старое. Доўга сядзеў над «Слуцкімі ткачыхамі». Работа ішла вяла. Самае непрыемнае было тое, што ён не быў упэўнены, ці трэба папраўляць. Цяжка было вечарам. Сагнуты, змораны цень Сальеры ўставаў ад дзвярэй, соўгаўся па сцяне. Шыпела газа ў лямпе. Нязвыкла пуста і яснотна рабілася ў галаве. Ён баяўся, што не вытрывае і закрычыць. Цень Сальеры затойваўся ў куце. Колькі цяпер часу? Час сеяўся праз пакой, як вада праз сіта. Думкі разбягаліся, ірваліся, як сатлелая нітка. «Дык няхай жа, няхай сабе рвецца мне жыццё, як сагніўшая ніць». Хто гэта напісаў? Ён? Добра гэта ці дрэнна? Калі дрэнна, дык можна яшчэ паправіць, яшчэ можна, можна… так…
Цень Сальеры пачынаў калыхацца ў куце. Ён няўцямна глядзеў у кут. Цень тады стойваўся. Шыпела газа ў лямпе.
Комментарии к книге «Загадка Багдановіча», Михаил Леонович Стрельцов
Всего 0 комментариев