Лекі ад кахання (fb2) - Лекі ад кахання [calibre 2.53.0] 96K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Екатерина Александровна Медведева
Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
ЛЕКІ АД КАХАННЯ
Паважны дзядок выплюхнуў на тратуар вядро мыльнай вады і прыняўся старанна разганяць пену швабрай. Каля суседняй хаты самавіты мужчына падстрыгаў кусты вялікімі садовымі нажніцамі, яго жонка стаяла тутжа і змятала састрыжаныя галінкі венічкам. На лаўцы каля фантана сядзела нянька з кніжкай, а побач дзеткі скакалі ў класікі.
— Утульнае ў вас мястэчка, — заўважыў Томас. — Чыста, ціха.
— Вядома, — кіўнуў таксіст. — А як жа інакш. Нам без цішыні — нікуды. Вядомая справа, навукоўцы: ім засяродзіцца трэба, падумаць, аловак пагрызці ў цішыні.
— Так, так, — падхапіў Томас. — Я чытаў, у вашым мястэчку самая вялікая шчыльнасць навукоўцаў на душу насельніцтва.
— На аднаго простата смяротнага — паўтара прафесара, — сказаў таксіст ганарліва. Хоць сам, без сумнення, належаў менавіта да простых смяротных. — Я сам бадай кожны дзень якога-небудзь навукоўца важу, універсітэт вунь дзе, далёка, да таго ж на ўзгорку.
— I праўда, — кіўнуў Томас з усмешкай. — Нетрэніраванаму чалавеку, ды яшчэ абцяжаранаму немалымі ведамі, ох як нялёгка туды падняцца.
Жаўтабокае таксі трухала па ціхіх вулачках. Томас глядзеў у акно. Удалечыні, на ўзгорку, паблісквалі вокны ўніверсітэта. А горад цешыў позірк дагледжанымі вулачкамі, ружамі, што аплятаюць кожны другі фасад, і найчысцейшым асфальтам — па такім можна ў хатніх тапках хадзіць.
— А вунь там, бачыце, — таксіст махнуў рукой направа. — Масток на горку? Там наша галоўная славутасць, Скала Закаханых.
— Няўжо няшчасныя закаханыя кідаюцца з гэтай скалы ў мора?! — выгукнуў Томас.
Комментарии к книге «Лекі ад кахання», Екатерина Александровна Медведева
Всего 0 комментариев