Здарылася гэта ў пачатку верасня. Уночы ў аддзяленне міліцыі пазванілі з Селішча. Усхваляваны голас паведаміў, што непадалёку ад вёскі абрабаваны нарыхтоўшчык сельпо. Злачынца нанёс удар ззаду па галаве, забраў грошы і знік. Адразу ж на месца злачынства выехалі пракурор і работнікі міліцыі. Пацярпеўшы Ціт Бандарчук быў дома. Ён скардзіўся на шум у галаве, моршчыўся ад болю, але сам прапанаваў паказаць месца здарэння. Павязка на яго патыліцы была ў крыві. Ціт яе ўвесь час папраўляў і, звяртаючыся да каго-небудзь з прысутных, гаварыў:
— Аж у вачах кругі. Гэта ж так трэснуць. Добра, што хоць яшчэ жывым застаўся!
На месцы здарэння знайшлі кавалак цагліны. Пракурор Ігнат Іванавіч Чуяшоў знайшоў яшчэ ўтаптаны ў зямлю гузік. Здавалася, яго ён толькі і шукаў: ён доўга ўглядаўся ў тое месца, дзе ляжаў гузік, асвятляючы ліхтарыкам прытаптаную прыдарожную траву, ледзь прыкметныя сляды на пясчанай дарозе.
На месцы здарэння больш нічога не знайшлі. Пратакол пісалі ў сельсовеце. Бандарчук, падпёршы галаву рукою, сядзеў каля стала і час-ад-часу зазіраў у пратакол. Paптам яму зрабілася горш. Ён пахіснуўся, застагнаў, і яго адвялі дадому. Ігнат Іванавіч дапытаў некалькі чалавек рабочых, якія ў той дзень працавалі ў садзе. Яны расказалі, што на крык Бандарчука адразу ж падбеглі да яго і ўбачылі, што з таго боку, куды, па словах пацярпеўшага, пабег рабаўнік, з-за кустоў выскачыў на шлях грузавік і паімчаўся ў бок Кляноўкі. Але нумара машыны ніхто не заўважыў.
Дадому Ігнат Іванавіч прыехаў на світанні. Стомлены, занепакоены, ён прышоў на працу раней, чым звычайна, і зайшоў адразу да следчага Сцяпана Карпавіча Маркушава. Следчы ўжо быў у пракуратуры. Яму пракурор і даручыў расследаванне гэтай справы, бо сам ён атрымаў чарговы адпачынак.
Сцяпан Карпавіч быў чалавекам тутэйшым. Скончыўшы юрыдычны інстытут, ён папрасіўся на працу ў свой раён і атрымаў накіраванне ў раённую пракуратуру. Прыехаў ён на станцыю пад вечар і, вырашыўшы, што ў пракуратуры цяпер ужо нікога няма, пашыбаваў дадому ў вёску Кляноўку.
Па дарозе яго дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Параўняўшыся са Сцяпанам, ён спыніўся. 3 кабіны выскачыў аднавясковец Іван Чарнагуз і, прыклаўшы руку да казырка зашмальцаванай кепкі, весела гукнуў:
— Гонар маю, таварыш... Хто вы, следчы ці пракурор — не ведаю...
Потым схапіў сцяпанаву руку ў свае невялікія рукі і так яе паціснуў, што Сцяпан аж войкнуў:
— Моцы ў цябе ў руках, як у таго асілка, не глядзі, што маленькі, — усміхнуўся Сцяпан.
— Я ж, як злосны бываю, дык семярых забіваю, — пажартаваў Іван, і раптам твар яго зрабіўся насмешліва сур'ёзным.
— Прашу ў кабіну. Падвязу з вецярком. — Голас яго быў падкрэслена ветлівым, а вочы праменіліся смехам.
— Ну, і перасмешнік... Ніколькі не змяніўся. Ты, напэўна, і ў сне смяешся? Пачакай, а калі гэта ты на шафёра вывучыўся?
Сцяпан ведаў, што Іван раней працаваў у калгасе рахункаводам.
— Ды тады, калі ты там у інстытуце кодэксы розныя вывучаў.
Каля вёскі Сцяпан спытаў:
— Пшаніцу куды павязеш?
— У першы свіран,— і Іван па-змоўніцку падміргнуў вокам, панізіў голас:— А рэшту на самагонку пусцім.
— Зноў пачынаеш,— усміхнуўся Сцяпан.
А шафёр прадаўжаў:
— Дамовіліся з камбайнерам і кладаўшчыком крыху прапусціць праз трубку. Спадзяюся, што ты мяне не арыштуеш, калі што якое...— і, не вытрымаўшы, зноў зарагатаў.
— Дык ты ж, здаецца, не п’еш цяпер,— кальнуў сябра Сцяпан.
3 пісьма маці ён ведаў, што Іван праз выпіўку нават у турму трапіў. Аднойчы, будучы п’яным, нахуліганіў і быў асуджаны на год пазбаўлення волі.
— Не п’ю. Яна мне колам у горле стаіць. Аднойчы ў рот узяў і папярхнуўся: пра аўтаінспектара ўспомніў.
I зноў свавольна засмяяўся.
На павароце яны развіталіся. Іван паехаў да свірна, а Сцяпан пайшоў напрамкі ў вёску. Ішоў і думаў: «Неўтаймаваная натура якая! Усё жартуе. I як гэта ён у турму трапіў? Розумам не дайду. А пра самагонку... Жартуе ці і сапраўды прапускае праз трубку час-ад- часу? Зразумей яго»...
Ціт Бандарчук сядзеў насупраць следчага і паволі расказваў:
— Грошы я расклаў па кішэнях — у адну не ўмяшчаліся. Як ні кажы — дзесяць тысяч. Пабыў у садзе, пакуль не скончылі адгрузку яблык, і ўжо калі зусім змерклася — пайшоў дадому, на пасёлак. Толькі прайшоў мост на дарожцы, што выходзіць на Кляноўскі шлях, а тут нехта ззаду па галаве як трэсне! Дык мяне і павяло ў бок. Калі ён выцягваў грошы, дык схіліўся нада мной, і я заўважыў яго ў твар. Вечар быў месячны, можна было заўважыць.
— А вы пазналі б яго?
— Пазнаў бы, як жа.
— Што вы такое прыкметнае заўважылі на яго твары?
— Ну, як вам сказаць... Нічога асаблівага, але пазнаў бы.
— Пачакайце, Бандарчук. У сваёй заяве ў пракуратуру вы пісалі, што страцілі прытомнасць. Дык як жа вы маглі заўважыць у твар чалавека, які вас абрабаваў?
Бандарчук уважліва паглядзеў на следчага і праз хвіліну адказаў:
— Я страціў прытомнасць адразу, як толькі ён мяне ўдарыў. А пакуль ён выграбаў з маіх кішэняў грошы, апрытомнеў.
Допыт пацярпеўшага і шматлікія допыты сведак нічога станоўчага для расследавання справы не далі. Сведкі пацвярджалі, што, калі прыбеглі на крык, Ціт намагаўся стаць на ногі, але не мог, усякі раз зноў падаў. Галава яго была ў крыві. Больш ніхто нічога не бачыў. У дадатак да таго, што Бандарчук расказаў пракурору, следчаму ён паказаў, што таксама бачыў грузавік, які выскачыў з-за кустоў. Пракурору ён не расказваў пра гэта таму, што забыўся. Галава трашчала ад болю. Эпізод з грузавіком вельмі зацікавіў Сцяпана. Калі рабаўнік перабягаў дарогу ў пералесак, дык шафёр, напэўна, яго заўважыў і мог бы даць каштоўныя для расследавання справы звесткі. А калі ён уцёк на грузавіку, дык зноў жа, ведаючы нумар машыны, можна было хутчэй разблытаць гэты клубок і знайсці злачынцу. I следчы шукаў загадкавы грузавік. Але натрапіць на яго след не ўдалося.
Сцяпан зноў — у каторы раз — пачаў праглядаць справу. У судова-медыцынскім пасведчанні гаварылася, што на галаве ў пацярпеўшага была невялікая ранка на скуры. Гэта было лёгкае раненне. Чамусьці раней Сцяпан не звярнуў на такую акалічнасць асаблівай увагі, а цяпер вырашыў назначыць медыцынскую экспертызу. Яго цікавіла пытанне, ці можна пры такім раненні страціць прытомнасць. Абласны судова-медыцынскі эксперт дэталёва пазнаёміўся з медыцынскім заключэннем, выданым раённай бальніцай, з усімі паказаннямі Бандарчука. Так, пашкоджанні, нанесеныя Бандарчуку, адносіліся да катэгорыі лёгкіх. Але ж галоўнае было не ў гэтым. Hi адзін эпізод, звязаны з абрабаваннем, не выпаў з бандарчуковай памяці. I эксперт даў катэгарычнае заключэнне, што страты прытомнасці не было.
Следчы азнаёміў Бандарчука з заключэннем эксперта. Бандарчук прачытаў заключэнне, паклаў яго на стол і спакойна адказаў:
— Як жа не страціў? Страціў. Мне лепш вядома, чым эксперту?
— Але ж ён сцвярджае, што гэта немагчыма!
— А што, эксперт не можа памыліцца? Можа.
«I то праўда»,— зазначыў у думках следчы.
На другі дзень да Сцяпана ў пракуратуру зайшоў Іван Чарнагуз. Сцяпан зірнуў на яго ўвежліва, спытаў:
— Пра сустрэчу з аўтаінспектарам ты, відаць, ужо забыўся?
— 3 якім аўтаінспектарам? A-а, вось ты аб чым,— усміхнуўся Іван.— Дык я ж адных толькі сто грам... I то таму, што адмовіць не мог, характар слабы. — І ўжо сур’ёзна дадаў: — Я да цябе па справе. Падвозіў я да мястэчка аднаго грамадзяніна, здаецца, Бандарчук яго прозвішча. Ехалі, разгаварыліся. Ён мне расказаў, што ў Селішчы яго абрабавалі, галаву разбілі. А я тады якраз быў там...
— Быў там? — жыва перапытаў Сцяпан.— У колькі гадзін, прыкладна?
— Ды ўжо ўвечары... Ага, дык ведаеш, як ён узрадаваўся!
— А чаго ты ездзіў у Селішча? — зноў перабіў следчы.
— У МТС па запасныя часткі для трактара. Дык слухай далей. У мястэчку ён мне грошы даваў. Я думаў, за тое, што падвёз яго.
— А завошта ж?
— Ды паслухай ты,— зазлаваў Іван.— Пасля распытаеш. Дык вось... Калі я адмовіўся ад грошай, дык ён прычапіўся: «Пойдзем, кажа, па бутэльцы піва вып’ем». А тады гляджу — поўлітэрку выцягвае з кішэні. Ну, выпілі мы патроху. Ён мне і гаворыць: «Схадзі ты да следчага і раскажы яму аб гэтым». «Аб чым?» — пытаюся. «Ну, што быў там. Скажы, што бачыў, як з кустоў праз дарогу бег чалавек». I ўсё падлівае ў маю шклянку. «Дык я ж не бачыў», — кажу. А ён мне: «Давай, браце, вып’ем»,— і суне шклянку ў руку. — «Ды гэта,— кажа,— нічога, што не бачыў. Тады злачынцу мо смялей будуць шукаць». Дык вось я і прышоў перадаць яго просьбу,— закончыў Іван.
— Цікава,— Сцяпан устаў з-за стала, пачаў хадзіць па кабінеце.
Іван таксама ўстаў,
— Ну, я паеду, няма часу.
— Пачакай, дзе гэта ты гузікі свае пагубляў?
— Якія гузікі? А, вось гэта? Знайшоў аб чым гаварыць...
— А гэта не твой?
Сцяпан дастаў з канверта, падшытага ў справу па абрабаванню Бандарчука, якраз такі, якога не хапала на пінжаку ў Івана, шэры з светлай хвалістай палоскай гузік.
— Ды падобны да маіх. Ну, бывай здароу, я паехаў,— і Іван вышаў.
«Якое супадзенне! — здзівіўся следчы.— Быў там, гузік яго... I зноў жа Бандарчук прасіў... Чорт ведае, як усё гэта разумець».
Усё, што гаварыў Іван, Ціт Бандарчук на допыце адмаўляў. Сцяпан зрабіў ім вочную стаўку. Як толькі Іван зайшоў у кабінет, Бандарчук усхапіўся з крэсла, утаропіўся ў шафёра.
— Ён! Я пазнаў яго! — выдыхнуў Ціт.
— Той самы, што... што мяне абрабаваў.
— 3-заб’ю, гад!
Комментарии к книге «Заблытаная справа», Александр Петрович Капустин
Всего 0 комментариев