Успаміны (fb2)
- Успаміны 3584K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Николай Яковлевич Аврамчик
Мікола АЎРАМЧЫК
УСПАМІНЫ
СТАРОНКІ ПАМЯЦІ
Да вайны пры Доме пісьменніка існаваў кабінет маладога аўтара.
Аднойчы я, вучань-дзевяцікласнік, паслаў туды сваё апавяданне. Я не ведаў тады, хто працуе ў гэтым кабінеце. I не меў ніякага ўяўлення пра дапамогу, якую там аказваюць.
I раптам сам дырэктар школы прынёс у клас пакет і, аддаючы яго мне, з гонарам прамовіў:
— Ад Кузьмы Чорнага!..
Прыкладна за год перад гэтым выйшаў асобнай кнігай раман «Трэцяе пакаленне». Можаце сабе ўявіць, што адбывалася ў маёй душы, калі я прачытаў зваротны адрас і, хвалюючыся, дрыготкімі рукамі пачаў расклейваць вялікі канверт, надпісаны рукой пісьменніка, творы якога мы вывучалі ў школе, а п’есу «Бацькаўшчына» нашы настаўнікі ставілі на сцэне калгаснага клуба.
Маё апавяданне было напісана ў звычайным вучнёўскім сшытку і займала дзесяць — дванаццаць лістоў.
Кузьма Чорны вярнуў яго мне, пакрэсленае, з надпісамі і заўвагамі над асобнымі сказамі і на палях сшытка. Яны былі напісаны простым алоўкам. Некаторыя з іх назаўсёды запалі ў маю памяць: «Цікавая пабудова сказа», «Схематычна», «Суха».
Разам з апавяданнем у канверце ляжаў доўгі ліст, напісаны чарнілам. Займаў ён некалькі старонак, вырваных з нейкага блакнота. Старонкі былі спісаны ўборыстым, характэрным почыркам.
Цяпер я не помню зместу ліста. Мне нават цяжка ўявіць, што можна было напісаць на гэтулькіх старонках пра наіўнае вучнёўскае апавяданне.
Але затое я ўяўляю, якой душы быў гэты чалавек, якое ён меў вялікае сэрца!
***
У старэйшых класах сярэдняй школы я любіў чытаць апавяданні Змітрака Бядулі. Захапляўся яго вершамі і імпрэсіямі, асабліва такімі, як: «На горне душы першы верш я каваў», «Начлежнікі пяюць», «Дазволь», «Свеціць месяц», «Я пайшоў у сыр-бор»...
Якраз тады выйшаў з друку вялікі першы том Збору твораў пісьменніка, куды ўвайшлі яго паэмы, вершы і імпрэсіі.
Упершыню я ўбачыў Змітрака Бядулю ў Доме пісьменнікаў. Да вайны там, на першым паверсе, у невялікім фае, перад уваходам у бібліятэку, праходзілі абмеркаванні новых твораў вядомых і маладых аўтараў. На абмеркаванні збіралася пятнаццаць — дваццаць пісьменнікаў. Зрэдку прыходзіў Янка Купала.
Добра памятаю, як Аркадзь Куляшоў на абмеркаванні ўголас чытаў паэму «У зялёнай дуброве»... Прыгадваю, як абмяркоўваўся зборнік «Слава жыццю» Анатоля Астрэйкі... Нас з Аляксеем Коршакам асабліва ўразіў глыбокі крытычны аналіз вершаў, зроблены Аркадзем Куляшовым.
Я быў здзіўлены, што Змітрок Бядуля на гэтых абмеркаваннях звычайна маўкліва адседжваўся дзе-небудзь у кутку. Штосьці дэманічнае было ў яго абліччы з курчавымі валасамі, вялікімі вачыма і губамі. Магчыма, такое ўражанне склалася ў мяне ад яго рамантычных і разам з тым нейкіх таямнічых імпрэсій. А тут яно яшчэ больш усталявалася пад уплывам знешняга выгляду пісьменніка.
Неўзабаве гэта ўражанне ўзмацнілася.
Разам са мной у «Піянеры Беларусі» — я тады сумяшчаў працу з вучобаю — працаваў малады празаік Павел Левановіч. Ён выдаў для юнацтва зборнік апавяданняў. А пазней падрыхтаваў да друку другую кніжку і здаў яе ў выдавецтва. Апошняе чамусьці перадало рукапіс для абмеркавання ў Саюз пісьменнікаў. Я прысутнічаў на абмеркаванні.
Да гэтага часу помню выступление Змітрака Бядулі. Ён папрасіў слова, устаў і пачаў падрабязна разглядаць і крытыкаваць апавяданні, адзначыўшы, што Левановічу дапамаглі зрабіць першую кнігу, а ён цяпер паспяшаўся здаць у выдавецтва сырыя творы, над якімі трэба яшчэ шмат працаваць.
Змітрок Бядуля гаварыў усё гэта з нейкім болем і шкадаваннем, з пранікнёнай сумленнасцю...
Пасля гэтага выступления ён здаўся мне яшчэ больш дэманічным.
Аднойчы вясной у нашым інстытуце, які знаходзіўся тады ў глыбіні двара па вуліцы Карла
Маркса, у будынку, дзе цяпер размяшчаецца рэспубліканская камсамольская школа, нечакана адбылася сустрэча студэнтаў са Змітраком Бядулем. Не было ніякіх афіш. Надвячоркам сакратар камітэта камсамола факультэта аб явіў у чытальні, што праз некалькі хвілін у актавай зале будзэ выступаць Змітрок Бядуля. I пачаў угаворваць мяне, каб я таксама выступіў. Я страшэнна спалохаўся, бо пасля абмеркавання кнігі Паўла Левановіча ў мяне склалася ўражанне, што Змітрок Бядуля чалавек вельмі суровы, патрабавальны і строгі... Дый што чытаць студэнту перад вядомым пісьменнікам?..
Але здарылася так, што ў той адвячорак у чытальні не было нікога іншага з нашых пачаткоўцаў і сакратар не адышоў, пакуль не атрымаў маю згоду. Ён пераканаў мяне тым, што сам Змітрок Бядуля просіць, каб хто-небудзь з нашых пачаткоўцаў абавязкова выступіў разам з ім...
Калі мы ўтрох, пад воплескі студэнтаў выйшлі ў прэзідыум, на душы маёй было такое адчуванне, быццам мяне пад канвоем прывялі на суд.
Змітрок Бядуля таксама трымаўся неяк разгублена і нясмела.
Я ўвесь час, пакуль ён выступаў, сядзеў, як на гарачым вуголлі. Пятае цераз дзесятае чуў з таго, пра што ён гаварыў... Ён расказваў пра сваю працу над аповесцю «Сярэбраная табакерка». Чытаў з яе ўрыўкі. Адказваў на пытанні студэнтаў...
Калі далі слова мне, я па памяці прачытаў верш «Вяснушкі», які значна перапрацаваны мною пасля вайны, і верш пра тое, як хлапчукі ловяць таптухай у рачулцы рыбу, а дарослыя кпяць з іх, што яны вытапчуць усю ваду і не будзе дзе пакупацца...
Змітрок Бядуля не адпусціў мяне ад сябе. Распытваў, адкуль я родам, дзе вучыўся да інстытута... Потым запрасіў прайсціся з ім. Я саромеўся, але мне было прыемна ісці з ім па горадзе.
Якраз напярэдадні, прыкладна за месяц да гэтага, у «ЛіМе» было змешчана апавяданне Змітрака Бядулі пра Максіма Багдановіча. Пад апавяданнем стаяла зноска, што пісьменнік збіраецца надрукаваць нізку апавяданняў пра паэта. Пра Багдановіча тады не паяўляліся ў друку матэрыялы, напісаныя людзьмі, якія яго асабіста ведалі. Таму апавяданне надзвычай уразіла студэнтаў.
Я сказаў пра гэта Змітраку Бядулю і пацікавіўся, ці хутка будуць надрукаваны астатнія творы з гэтай нізкі.
I раптам Змітрок Бядуля збянтэжыў і зусім абяззброіў мяне. Разгублены, ён сказаў, што нават не ведае, аб чым будзе пісаць далей дый ці будзе наогул пісаць больш пра Максіма Багдановіча.
Я спахапіўся і адразу ж перавёў гаворку на «Сярэбраную табакерку». Я ведаў, што гэта аповесць даўно ляжыць на стале ў рэдактара нашай газеты. У той час з друкаваннем яе была нейкая затрымка...
Я праводзіў Змітрака Бядулю да самай кватэры. Жыў ён на рагу Даўгабродскай і Савецкай вуліц, непадалёку ад вялікага новага інтэрната інстытута народнай гаспадаркі.
Пасля гэтага вечара Змітрок Бядуля здаваўся мне ўжо зусім іншым. Не тое што нясмелым... Ён быў нейкім безабаронным... У яго характары было гэтулькі жаноцкасці і сціпласці...
***
Цяпер, відаць, ніхто з маладых пісьменнікаў не ведае, якую ролю ў лёсе паэтаў майго пакалення адыграў Аркадзь Куляшоў, як старэйшы таварыш, клапатлівы настаўнік і добры дарадца.
У даваенныя гады ён працаваў кансультантам па паэзіі ў кабінеце маладога аўтара.
Аркадзь Аляксандравіч адказваў пачынаючым шчырымі лістамі, у якіх разглядаў кожны верш, выказваў заўвагі наконт паасобных строф і радкоў. Яго своеасаблівыя і цікавыя парады былі адкрыццём і незвычайнасцю для нас на перыферыі.
3 лёгкай рукі Аркадзя Куляшова я пачаў друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях.
Аднойчы са школы я даслаў у кабінет маладога аўтара некалькі вершаў. Аркадзь Аляксандравіч у лісце адказаў, што яны яшчэ не ўяўляюць цікавасці і толькі верш «Парашутыстка», на яго думку, варты ўвагі... Яго ён пастараецца перадаць для друкавання ў рэдакцыю юнацкай газеты.
Як кожны пачатковец, які з нецярплівасцю жадае ўбачыць у друку свой твор, я чакаў-чакаў і, не дачакаўшыся, напісаў ліст у «Чырвоную змену», у якім пытаўся, ці ёсць у рэдакцыі мой верш «Парашутыстка». Адкуль адказалі, што такога верша ў іх ніколі не было і яны нічога не ведаюць пра яго.
Якое ж было маё здзіўленне, калі праз пару месяцаў я атрымаў часопіс «Полымя рэвалюцыі», дзе быў змешчаны гэты верш. Аказваецца, туды перадаў яго Аркадзь Куляшоў.
Помню, як я ўпершыню зайшоў у кабінет маладога аўтара. Ён знаходзіўся на другім лаверсеДома пісьменнікаў. Я паказаў Аркадзю Аляксандравічу вершы. Пад імі не было напісана прозвішча. Ён глянуў на почырк і весела сказаў:
— А, Аўрамчык!.. Будзем знаёмы!
Комментарии к книге «Успаміны», Николай Яковлевич Аврамчик
Всего 0 комментариев