«Сечка. Літаратурныя эсэ»

1034

Описание

отсутствует

1 страница из 20
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Сечка. Літаратурныя эсэ (fb2) файл на 1 - Сечка. Літаратурныя эсэ [calibre 2.53.0] 424K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Андрей Михайлович Федоренко


Андрэй Федарэнка





СЕЧКА

Літаратурныя эсэ

Сечка

Сечка

1.


Даўно марыў: вось выпішуся, "пераплаўлю" чарнавыя загатоўкі ў мастацкія творы і калі больш рабіць не будзе чаго, не застанецца ніводнага сюжэта, вартага аповесці альбо апавядання, прымуся нарэшце за мініяцюры. За карацелькі, зацемкі, пробліскі, абразкі, нататкі, абыпраштоські (і такое ёсць у Я. Рагіна)…

А што — выгодная справа. Час не марнуецца. Ілюзія далучанасці да творчага працэсу. Вольнае, жанравымі ўмоўнасцямі не скутае пісьмо. Невычэрпнасць матэрыялу — аб чым думаю, тое й пішу. Эканомія нерваў. Адны плюсы!

Заставалася толькі прыдумаць якоесь сваё слова для абазначэння гэтых літаратурных "ліліпутаў".

2.

Быў такі — светлай памяці — пісьменнік Мікола Фаміч Капыловіч. Мне заўсёды падабаліся яго апраўданні, калі гутарка пад час якой сумеснай п'янкі зварочвала на плагіятарства. "Мікола Фаміч, у вас жа ў самога выдатная проза, на халеру ён вам, гэты плагіят? Каб пасля ваша імя паласкалі розныя бездары, якія нават чужога садраць не здольныя…"

"Бачыш, Андруша, — разважліва адказваў гэты сімпатычны, бяскрыўдны творчы клептаман, — у мяне вельмі ўчэпістая памяць. Калі б я ведаў замежныя мовы, дык быў бы, можа, геніяльным перакладчыкам. Мне хапае толькі прабегчы вачыма тэкст, каб запомніць яго цалкам. А пасля нашу яго ў сабе, зжываюся з ім… А тут яшчэ алкаголь… Вось і настае момант, калі сам ужо не магу разабрацца: маё гэта, ці чужое, даўным-даўно ў кагосьці вычытанае".

— Ну, а ў вас у "Полымі" што будзе новенькага? — спытаў ён, пазяхнуўшы.

— Шмат чаго… Янка Брыль, напрыклад.

— А, Брыль? Усё сваю сечку піша? — дзядзька Мікола неяк іранічна, нават паблажліва вымавіў гэтае слова.

А я, пачуўшы яго, уздрыгнуў радасна. Бо мне ўжо стала ясна, як назаву будучыя свае карацелькі.

Сечка… Дробна нарэзаныя кавалачкі залацістай саломы. З доўгага робіцца кароткае, з вялікага — малое, але яно толькі на карысць, бо "з сечкай каровы муку лепш ядуць" (А.Асіпенка).

Цікава, што тады мне і ў галаву не прыйшло — гэта ж і я без дазволу носьбіта, без згоды ўладальніка прысвойваю сабе чужое слова!

І як гэта называецца?

3.

Паэт Віктар Ракаў прыходзіў у рэдакцыю "Полымя", сядаў за свой вялікі, з шуфлядамі па абодва бакі, канцылярскі стол — абсалютна голы, ні кнігі, ні сшытка, ні паперачкі, — абдзьмухваў чатыры краі яго, затым, як старанны першакласнік, складваў адна на адну рукі і мог сядзець так гадзінамі — не варушыся, пазіраючы перад сабою ў адну кропку.

Боязна было нават знаходзіцца з ім у адным кабінеце, не тое што звяртацца да яго, турбаваць якой драбязою, адрываць ад чагосьці патаемнага, важнага, вечнага…

Пазней я зразумеў, што чалавек проста думае вершы (паводле выразу Алеся Пісьмянкова), ці, хутчэй за ўсё, "паліць за сабою масты" паэзіі.

Палю чарнавікі.


Навошта свету


Знаць, што закрэсліў я ў жыцці сваім?


Гараць чарнавікі —


Душы сакрэты


Віюцца знічкамі, дымком сівым…


Гараць чарнавікі.


І ў іх свячэнні


І думкі, і трывогі — заадно.


І рынуцца ў душу, глыбей, на дно


Абвугленыя прысвячэнні.


Аднойчы цішыня парушылася.

— Хутчэй, хутчэй! — закрычаў да мяне Ракаў. — Як бусы па-беларуску?!

— Каралі, пацеркі…

Ён толькі пстрыкнуў пальцамі — не тое, маўляў. І тут я ўспомніў роднае, матчына, з маленства знаёмае:

— Занізкі!

— Што-што? — Віктар Апанасавіч насупіўся грозна, нібы пачуўшы якую непрыстойнасць; мабыць, яму, магілеўцу, яшчэ горшым падалося гэта за папярэднія словы.

Мяне не здзівіла такая рэакцыя. Я прывык ужо, што за рэдкім выключэннем (нават адзіным выключэннем — Янкі Скрыгана) нашыя пісьменнікі і крытыкі, рэдактары і карэктары ўпарта не прымаюць мазырскіх дыялектаў, прапануючы замяніць іх на свае — як правіла, з той мясцовасці, адкуль яны самі родам.

А дарэмна не прымаюць. Хоць бы і гэтыя ж занізкі. Чым яны горшыя за пацеркі (штосьці пацёртае, паношанае, таннае — "сэканд-хэнд") ці за каралі (каго хто за што караў)? Этымалогія слова зразумелая — круглыя прадметы нанізваюцца па чарзе адзін ЗА адным. Сугучча з іншымі жаночымі ўпрыгожаннямі: на вушах — завушніцы, на шыі — занізкі. Па алітэрацыі ў гэтую ж кампанію просяцца бурбалкі — калі шарыкі вады падымаюцца на паверхню, як нанізаныя, змацаваныя нябачнай ніткаю… Дарэчы, у нас так і гавораць: "Рыба пускае занізкі". Паспрабуйце сказаць "пускае каралі".

Ды Бог з ім.

Неяк іду я ў метро па станцыі "Плошча Перамогі" да выхаду. І раптам каля адной з калон заўважаю… Віктара Ракава. Ён стаіць бокам да мяне, у сваім старэнькім палітоне, са сваёй тэчкай пад пахаю.

Цэлы рой думак узняўся ўва мне за тыя некалькі крокаў, што трэба зрабіць каля яго. Гукнуць? Падыйсці? Павітацца за руку? У яго псарыяз, ён не падае рукі… Пакратаць за плячо? Пад'едзе цягнік, давядзецца прапусціць, чакаць колькі хвілін наступнага… Гаварыць. Пра што? Успомніць, дзе і калі была яго апошняя публікацыя. Пахваліць, працытаваць… Мне гэта трэба? Міма, хутчэй, хутчэй, пакуль не заўважыў!..

Але ж і сам некалі буду вось так стаяць, стары, хворы, нікому не патрэбны, усімі забыты, і якісь маладзейшы калега з такім жа сумбурам у галаве, як у мяне зараз, утуліўшы галаву ў плечы… Вярнуцца? Канечне, вярнуцца!

І тут да мяне вярнулася адчуванне рэальнасці. І я ўспомніў, што Віктар Апанасавіч Ракаў памёр чатыры гады назад. А чалавек у метро, калі прыгледзецца, дык нават не вельмі на яго і падобны.

4.

У "Бесах" Ф.Дастаеўскага адзін з герояў, пісьменнік Кармазінаў — прататып І.Тургенева, выведзены аўтарам у такім вось сатырычна-карыкатурным плане:

"З год таму назад чытаў я ў часопісе артыкул яго… Ён апісваў гібель парахода дзесь каля англійскіх берагоў, сам быў таму сведкам і бачыў, як ратавалі няшчасных і выцягвалі тапельцаў. Увесь артыкул гэты, прэтэнцыёзны і шматслоўны, напісаны быў з адной-адзінай мэтаю выставіць сябе самога. Так і чыталася між радкоў: "Цікаўцеся мною, глядзіце, які я быў у гэтыя хвіліны. Навошта вам гэтае мора, бура, скалы, разбітыя трэскі карабля? Я ж дастаткова апісаў вам усё гэта сваім магутным пяром. Чаго вы глядзіце на гэтую тапельніцу з мёртвым дзіцём у мёртвых руках? Глядзіце лепш на мяне, як я не вынес гэтага малюнка і ад яго адвярнуўся. Вось я стаў спінаю; вось я жахнуўся і не ў сілах азірнуцца назад; я заплюшчваю вочы — ці не праўда, як гэта цікава?"

Не ведаю, свядома ці падсвядома, але ў Дастаеўскага атрымалася не столькі пародыя на беднага Кармазінава-Тургенева (нямала яму дастанецца ў рамане), колькі характарыстыка ўсяго без выключэння нашага пісьменніцкага племені. Асабліва тых прадстаўнікоў яго, хто любіць пісаць ад першай асобы.

На мяне глядзіце!

Я, аўтар, у цэнтры ўсяго, я сонца, а планеты — героі мае, толькі круцяцца вакол мяне.

Я, аўтар, аснова ўсяго, а тэкст, інфармацыя, дэталі — так, другаснае, рамка для майго партрэта.

Добра яшчэ, што на наша і на чытацкае шчасце хоць зрэдку, хоць калі-нікалі, хоць выпадкова рамка атрымоўваецца больш вартаснаю, больш значнаю за тое, што яна апраўляе…

5.

Вядома, "з якога смецця растуць вершы".

Аказваецца, не толькі вершы. Я заўсёды думаў, што гэта анекдот, — як Разуміхін прыходзіць да Раскольнікава і кажа: "Ну, засек ты бабку, і што? Рубель усяго і знайшоў". — "Не скажы, дружа. Адна бабка рубель, дзесяць — чырвонец".

Якое ж было маё здзіўленне, і радасць маленькага адкрыцця, калі ў "Сібірскіх сшытках" зусім маладога Дастаеўскага, на першай жа старонцы прачытаў:

"Выйшаў на дарогу, зарэзаў мужыка-бадзягу, а ў яго і ўсяго толькі адна цыбуліна. "Што ж, бацька, ты мяне пасылаў на здабычу; вунь я мужыка зарэзаў і ўсяго цыбуліну знайшоў". — "Дурань! Цыбуліна — усё капейка, людзі кажуць. Сто душ, сто цыбулінаў — вось табе рубель".

Комментарии к книге «Сечка. Літаратурныя эсэ», Андрей Михайлович Федоренко

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства