ПОЛАЦК 1579 (fb2)
- ПОЛАЦК 1579 4411K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Дарыюш Купіш
ПОЛАЦК 1579
.
У гэтым электронным выданні няма спасылак на скарыстаныя аўтарам крыніцы.
Калі гэта неабходна: https://arche.by/item/4155
Уступ для беларускага чытача
Увазе беларускага чытача прапануецца кніга доктара гістарычных навук (doktor habilitowany) Дарыюша Купіша, ад’юнкта факультэту гісторыі XVI–XVIII стст. Люблінскага ўнівэрсытэту імя Марыі Складоўскай-Кюры. У сваёй навуковай дзейнасьці аўтар распрацоўвае праблематыку вайсковай справы і ваенных кампаній Рэчы Паспалітай (полацкай 1579, пскоўскай 1581–1582, смаленскай 1632–1634), рэлігійнай ідэнтычнасьці і генэалёгіі радамскай шляхты, гісторыі разьвіцьця Радама і Малапольшчы.
Кніга «Полацак 1579» ўбачыла сьвет у Польшчы ў 2003 годзе. Пераклад на беларускую мову быў упершыню апублікаваны ў «ARCHE» (№ 4/2009).
Гэтая праца прысьвечана паходу войскаў Вялікага Княства Літоўскага, Польскага каралеўства і наёмнікаў на чале са Стэфанам Баторыем на Полацак і яго вызваленьню з-пад маскоўскай акупацыі ў 1579 г. Праўда, аўтар не абмяжоўваецца толькі гэтай падзеяй, і раскрывае прадгісторыю канфлікту паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам за сярэдняе Падзьвіньне, аналізуе склад войска і мабілізацыйныя магчымасьці варагуючых бакоў і, натуральна, ход і вынікі самой кампаніі 1579 г.
З айчынных аўтараў толькі Вітаўт Чаропка ў папулярным стылі асьвятляў гэтыя падзеі, але ў беларускай навуковай літаратуры яна цэласна не разглядалася. Паасобная закранутыя аўтарам сюжэты беларускія гісторыкі пачалі распрацоўваць толькі ў апошні час, але, зноў жа, у нашай краіне пакуль не зьявілася сынтэтычнай манаграфіі, прысьвечанай вызваленьню Полацку С. Баторыем у 1579 г.
Дасьледаваньне, што прапануецца вашай увазе, працягвае і разьвівае традыцыі польскай гістарыяграфіі, адной з найбольш распрацаваных у Цэнтральнай Эўропе. Слабым бокам працы ёсьць кепская знаёмасць яе аўтара з тапанімікай Полаччыны, а таксама беларускімі і расійскімі архіўнымі матэрыяламі. Тым ня менш на падмурку клясычных польскіх дасьледаваньняў вайсковай справы аўтар дае досыць аб’ектыўнае і поўнае адлюстраваньне вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай у 1558–1582 гг., удакладняючы раней дадзеныя трактоўкі самымі апошнімі на момант напісаньня кнігі распрацоўкамі польскай, расійскай і беларускай гістарычнай навукі.
Гэты твор, прысьвечаны адной з найбольш яркіх падзеяў у гісторыі нашай Бацькаўшчыны і ўсёй ўсходняй Эўропы XVI ст., бясспрэчна, заслугоўвае ўвагі беларускага чытача.
Віктар Якубаў,
старшы выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Дасьледуе пытаньні, зьвязаныя з барацьбой за Інфлянты паміж ВКЛ, Польшчай, Швэцыяй у канцы XVI — пачатку XVII ст.ст.
УСТУП
У 1575 г. Іван Жахлівы, парушаючы ўмовы замірэньня, заняў прыналежную Рэчы Паспалітай Пярну, а за два гады — усю Лівонію да самай Дзьвіны. У руках дзяржавы абодвух народаў засталася толькі Рыга, а швэды ўтрымлівалі Талін. Яшчэ ніколі маскоўская дзяржава не здабывала такіх посьпехаў у Інфлянцкай вайне, якая вялася гадамі.
11 жніўня 1579 г. пад Полацкам стала армія Сьцяпана Батуры, пачынаючы 20-дзённую аблогу, якая скончылася ўзяцьцем адной з найбольшых крэпасьцяў на Дзьвіне. Гэта быў кульмінацыйны момант першай сярод трох маскоўскіх кампаніяў, якія былі заплянаваныя за цараваньне гэтага караля. Узяцьце Полацку польска-літоўскай арміяй[1] было першым сур’ёзным посьпехам у змаганьні з Масковіяй. Яно дазволіла адрэзаць Лівонію ад маскоўскай дзяржавы і адолець моц Івана IV Жахлівага.
Аблога Полацку заслугоўвае ўвагі зь некалькіх прычынаў.
Па-першае, толькі тут напоўніцу праявілася дзейснасьць рэформаў Сьцяпана Батуры, ініцыяваных у галіне ваеннай справы.
Па-другое, кампанія зьвяртае на сябе ўвагу мэтадычнасьцю і стараннасьцю ня толькі ўсёй ваеннай падрыхтоўкі, але і хуткім і эфэктыўным заканчэньнем ваенных дзеяньняў. На галоўным ваенным тэатры праводзіліся толькі абложныя баі, у якіх значную баяздольнасьць праяўлялі пяхота і артылерыя. Коньніца служыла ў гэтым выпадку для абарончых і дывэрсійна-выведчых дзеяньняў, што было рэдкасьцю ў ранейшым змаганьні з Масковіяй.
Першы паход Батуры супраць Масковіі ўжо мае сваю шырокую літаратуру, у тым ліку асобны гістарычны нарыс аўтарства К. Бурскага і меншы артыкул у «Encyklopedii Wojskowej». Нарыс усіх трох кампаній Батуры даў О. Ляскоўскі. Ваенныя высілкі Рэчы Паспалітай і ўся вайсковая падрыхтоўка да кампаніі 1579 г. вядомыя дзякуючы грунтоўным дасьледаваньням Г. Катарскага. Астатнія дасьледаваньні, цытаваныя ў кнізе, былі зьмешчаны ў шырэйшых працах з гісторыі ваеннай справы або ў біяграфіях Батуры, таму яны зь неабходнасьці маюць агульны характар. Увагі заслугоўвае тут перадусім праца К. Алейніка, якая паказвае караля ў аспэкце яго вайсковай дзейнасьці.
Расейскія гісторыкі дагэтуль надавалі значна больш увагі ўзяцьцю Полацку Іванам Жахлівым у 1563 г., чым адваёве гораду Сьцяпанам Батурам у 1579 г. Першым шырэй апісаў пераможную кампанію Батуры М. Карамзін, не шкадуючы пры гэтым крытычных заўвагаў на адрас цара. Найбольш увагі полацкаму паходу 1579 г. надаў В. Навадворскі — польскі гісторык мяжы XIX–XX стст., які пісаў большасьць сваіх прац па-расейску. У СССР тэматыка, зьвязаная з аблогай Полацку Батурам, не карысталася надта вялікай папулярнасьцю, і толькі нядаўна да яе вярнуліся беларускія гісторыкі.[2]
Сярод шматлікіх крыніцаў, прысьвечаных полацкаму паходу, на першым месцы трэба назваць афіцыйныя рэляцыі, зробленыя на даручэньне караля: «Edictum Regium de supplicationibus ob captam Polociam» i «Rerum post captam Polociam contra Moscum gestum narratio». Хоць яны былі створаныя для патрэбаў ваеннай прапаганды, сьцісласьць зьместу і празрыстасьць гэтых рэляцый робіць іх вартай вялікага даверу крыніцай.
Наступная каштоўная крыніца да гісторыі Полацку — працы Я. Бельскага (прадаўжальніка і выдаўца твораў свайго бацькі М. Бельскага), М. Стрыйкоўскага і Р. Гайдэнштайна. Бельскі, удзельнік полацкай кампаніі, зьмясьціў у сваёй працы, якая працягвала справу бацькі, багата падрабязнасьцяў аблогі. Гайдэнштайн, хоць і ня быў пад Полацкам, але празь Яна 3амойскага меў доступ да каралеўскай канцылярыі і шэрагу невядомых нам дакумэнтаў. Акрамя таго, ён карыстаўся працай Бельскага. Таксама Стрыйкоўскі хоць і быў духоўнай асобай, але ў маладосьці запазнаўся з ваеннай службай, і карыстаўся ў сваёй працы многімі крыніцамі і рэляцыямі ўдзельнікаў аблогі. Пэўныя зьвесткі, якія дапаўняюць гісторыю аблогі Полацку, даюць таксама іншыя польскія і іншаземныя рэляцыі, а з расейскіх крыніцаў — перадусім афіцыйная «Разрядная книга». Затое можна цалкам абмінуць працу А. Гваньіні, якая ёсьць кампіляцыяй Стрыйкоўскага і іншых аўтараў.
Загана ўсіх крыніцаў пра аблогу Полацку ў 1579 г. — гэта невялікая колькасьць названых у іх датаў. Дагэтуль ня знойдзена ніводнага дыярыюшу аблогі крэпасьці, у якім пасьлядоўна паказваліся б дні барацьбы. Таму існуе вялікі зазор паміж падзеямі 12 жніўня і падпалам умацаваньняў Верхняга замку 29 жніўня. Безумоўна, вядома, якія дзеяньні рабіліся цягам тых 16 дзён, але мы ня ў стане адпаведна ўпарадкаваць іх.
Рэканструкцыя аблогі не была б магчымая без сучасных гравюраў і плянаў. Гравюры XVI ст., зразумела, адрозьніваюцца ад сучасных мапаў, аднак ілюструюць уклад умацаваньняў, ляндшафт мясцовасьці, разьмяшчэньне войскаў і нават стараюцца плястычна паказаць ключавыя моманты бітвы. Асноўныя візуальныя крыніцы да аблогі Полацку ўжо былі выкарыстаны гісторыкамі XIX ст. У апошні час намаганьнямі С. Александровіча было выяўлена некалькі новых плянаў, якія дазваляюць заўважыць шмат фактаў, якія дагэтуль абміналіся пры апісаньні бітвы за Полацак. Толькі супастаўленьне візуальных крыніц зь пісьмовымі сьведчаньнямі дазваляе ў меру поўна аднавіць хаду аблогі Полацку ў 1579 г.
Армія Івана IV Жахлівага
Комментарии к книге «ПОЛАЦК 1579», Дарыюш Купіш
Всего 0 комментариев