Сапраўдны час. Запісы 2005—2018 гг. (fb2)
- Сапраўдны час. Запісы 2005—2018 гг. 104K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Александрович Степаненко
Уладзімір СЦЯПАН
САПРАЎДНЫ ЧАС
Запісы 2005—2018 гг.
Назіранне
На занядбаных могілках, дзе іржавыя агароджы, сухая трава ды леташняе лісце, сярод пахіленых крыжоў і помнікаў, на якіх ледзь бачныя партрэты, а надпісы цяжка прачытаць — настрой тужлівы і нават трагічны... Думаеш пра хуткаплыннасць часу, пра непазбежнасць смерці і пра ўсё такое невытлумачальнае ды балючае... Можа таму, так радасна і парадку еш, зграбаеш, мыеш, чысціш і фарбуеш, каб пазбавіцца таго цяжкага і непазбежнага, каб не думаць...
А калі ўсё патрэбнае паробіш, то і ўсміхнешся, чысты ручнік паправіш і ўздыхнеш... Амаль супакоена.
Тры харысткі
Ехаў у метро пяць прыпынкаў з жанчынамі-харысткамі з царквы, што на Нямізе. Усе ў хустках, доўгіх цёмных спадніцах. Пахла ад іх ладанам, воскам, мёдам і ветрам. Галасы прыгожыя, твары ружовашчокія. Усім тром за пяцьдзясят. Але здзівіла размова. Адна з іх, голасам мяккім (сапрана), расказвала таварышкам пра вялікі андронны калайдар, пра тое, як ён дзейнічае. Гучалі такія словы, якіх я не разумею. Тры прыпынкі ішла гаворка пра паскарэнне, пучкі, кінетычную энергію і пратоны.
Калі я выходзіў, то мне падалося, што пахне ад гэтых жанчын серай і карбідам...
* * *
Падымаюся ў ліфце з чатырохгадовым Іванам і яго бабуляй, якая на ўнука сварыцца.
Хлапчанё заплюшчвае вочы і кажа: «А мяне няма!»
Усміхаюся, бо думаю пра сівабародага Валянціна Акудовіча ў цёмных акулярах.
Гумно
Гэта ж трэба, прайшло цэлае жыццё і я ўспомніў...
Дзед гаварыў: «Якая бульба на калгасным полі, адна ў адну... І жукоў амаль няма!» А мог і так: «А на калгасным полі жыта дык жыта!» І буракі, і морква, і нават кукуруза, па дзедавых словах, на тым калгасным полі радзілі... Мне ж размовы пра калгаснае поле былі малацікавыя. Але, па восені, у сямідзясятым, калі камбайны зжалі ячмень, вядома ж, добры, адбылося вось што. Дзед завёў мяне на тое поле, якое пачыналася за нашым агародам. Прайшлі дажджы, ісці цяжка, бо ногі грузлі ў мяккай і чорнай зямлі. Мы ішлі, ішлі, а потым спыніліся і дзед сказаў: «Уся гэтая зямля, аж да вялікіх елак, аж да самай дарогі — наша.»
Потым ён паказаў, дзе стаяла гумно і свіран. Нават рукамі так зрабіў, быццам вялікія дзверы адчыніў. Увайшоў, пачаў расказваць, дзе снапы ляжалі, дзе малацілка конная стаяла.
Сыпануў дождж. Я пабег па полі ў хату, а дзед застаўся стаяць пад высокім саламяным дахам гумна, на сваёй зямлі, кепку трымаў у руцэ. А дождж часаў і часаў.
Назіранне
Вяскоўцы, нават тыя, каму па сорак—пяцьдзясят, не садзяць яблыні, вішні, слівы... Ходзяць па чужых садах, збіраюць яблыкі з грушамі, абрываюць слівы. Карыстаюцца тым, што засталося ад папярэднікаў-аднавяскоўцаў. І гэта адбываецца не адно дзесяцігоддзе.
І краявіды, у якіх яны выраслі, сённяшнія вяскоўцы не шкадуюць — выпілоўваюць і высякаюць дрэвы па берагах рэчак і побач з дарогамі. А калі іх папракаеш — паціскаюць плячыма і пасміхаюцца, быццам ведаюць нейкую таямніцу жыцця... А таямніца тая простая. Яны, сённяшнія вяскоўцы, не сумняваюцца, што ні дзецям, ні ўнукам іхнія хаты, сады, краявіды не спатрэбяцца.
Нашчадкам не спатрэбяцца, а на сваё жыццё хопіць і таго, што ёсць. Дзякуй богу, што на могілках зямлі яшчэ багата...
Вуліцы і людзі
Няўпэўнены снег. Паварочваю з Інтэрнацыянальнай, падымаюся побач з гімназіяй, абмінаю падстанцыю, праходжу побач са шлагбаўмам у двор. На будцы, у якой сядзяць вартаўнікі-пенсіянеры аўтамабільнай стаянкі, запальваецца і міргае рознакаляровымі агеньчыкамі святочная гірлянда. За шклом, у самой будцы, цёмна, але я ўзмахваю рукой, вітаюся, хоць і не ведаю, ці ёсць там хто? На тонкім снезе застаюцца мае чорныя і акуратныя сляды.
— Гэй, Володзька, пастой!? — гукае Юра, ідзе з будкі да мяне. Без шапкі, але ў вайсковым бушлаце, накінутым на плечы. Вітаемся, ён прапануе пастаяць, пагаварыць, пакурыць.
Яму за семдзесят. Нагадвае рыбінку-печкура. Левае вока ў вартаўніка белае, нежывое, як у таранкі. Ён таропка закурвае і пачынае хутка расказваць пра пахаванне сляпога суседа, пра тое, што людзей на хаўтурах было зусім мала, што ён хацеў пайсці, а суседка, нябожчыкава жонка, затрымала і ён застаўся, а таму і перабраў.
— Юра, прабач, мяне чакаюць, пайду, — кажу па-дзелавому. Выцягваю з кішэні тэлефон. Там чвэрць на дзясятую.
— Добра табе. А мяне ніхто не чакае. Зусім.
— Бывай, дабранач!
Паціскаю халодную далонь вартаўніка. Таропка іду да пад’езда паміж прысыпанымі снегам легкавікамі.
— Гэй, землячок, пачакай, паслухай?! Можа, ты ведаеш, тут мне слова трапілася, не магу адгадаць. Шэсць літар, другая, здаецца «А», хто адзін з тых мудрацоў, што першымі прыйшлі да дзіцяці і Божай маці.
— Гаспар! — кажу праз двор.
— Хто?
— Гаспар.
— Падыходзіць, ну ты, бляха, малайчына! Я, колькі б ні думаў, не здагадаўся. Гаспар.
Юрка стаіць пасярод двара. Падае снег. На будцы гарыць рознакаляровая гірлянда.
«Тэлевізар»
На рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і праспекта — дом № 75. На першым паверсе, як і тады — кафэ.
Сёння яно называецца «Freh Cafe», а тады — «Молодежное». Вокны ад падлогі да столі. За вялізныя вокны-сцены тое кафэ мела мянушку «Тэлевізар». Бо наведвальнікі за столікамі, як у тэлевізары.
У 1975 годзе там яшчэ стаяў музычны аўтамат. Шэрая металічная скрыня, нечым падобная да сучасных банкаматаў. Пластыкавыя кнопкі, колеру косткі, а побач, на паперках, назвы песняў. Знакамітая «Besame mucho» была напісаная ў адно слова — «Бэсамамучэ». Кідаеш пяць капеек у шчыліну, націскаеш кнопку, і скрыня ажывае, шчоўкае, рыпіць і пачынае спяваць.
Там добра пілося, курылася і сядзелася...
Ведаю шмат гісторый, звязаных з тагачасным «Тэлевізарам», але раскажу толькі адну.
Працавала там прыбіральшчыца сталага веку — цётка Вера, а можа, у мае дзевятнаццаць яна здавалася такой старой. Была цётка Вера звычайнай прыбіральшчыцай. Але яе ўсе баяліся, бо яна бязлітасна, з мацюкамі і абразамі, выганяла наведвальнікаў-п’янтосаў, калі прыходзіў час перапынку. Не было для яе розніцы, хто ты — вядомы паэт, мастак, навуковец ці доўгавалосы студэнт. Падыходзіла, глядзела ў вочы і паказвала пальцам на дзверы. Але, здаралася, калі ёй налівалі паўшклянкі партвейна, то яна дазваляла сядзець і не сыходзіць.
Аднаго разу, вясной, я шукаў у «Тэлевізары» сяброў. Паторгаў зачыненыя дзверы, а потым прыпаў тварам да шкла, прыставіў далоні і пачаў глядзець, ці не там сябры?
Вясновае сонца свяціла моцна. Яркія плямы святла нагадвалі радкі вершаў, выхапленых з тэкстаў. У гэтым святле стаяла цётка Вера з мокрай анучай у левай руцэ. З анучы цякло золата. Прыбіральшчыца стаяла ў галёшах на голыя ногі, пахіствалася пасярод залатой лужыны... Потым неяк няўпэўнена падышла да скрыні музычнага аўтамата, выцягнула з кішэні бруднага сіняга халата пятак, кінула ў шчыліну. Дачакалася музыкі і пачала танцаваць. Старая цётка ў бліскучых галёшах, тапталася і круцілася ў сонечных плямах, расплёхвала залатыя лужыны — пырскі зіхцелі. А мокрая ануча лётала, як хвост рыбіны... Потым яна села на крэсла з жалезнымі ножкамі, закрыла твар рукамі...
Музыкі я не чуў — шкло тоўстае, але думаю, што цётка Вера націснула тую самую кнопку, з песняй, напісанай у адно слова.
Пра каханне
Даўнавата было. Да нас зайшла былая суседка — баба Ева. Яны з мамай сядзелі на кухні і гаварылі пра сваё. Я падслухаў. «Што я думаю, раскажу табе, Наташа. Як падумаю пра гэта, дык заснуць неяк. Вось памру хутка, закапаюць побач с Васілём... А ён жа маладым і прыгожым памёр, усяго-та сорак і было. А я такая старая-старая, мне ж без года восемдзесят. Як сустрэнемся — не панараўлюся яму такая брыдкая. Не будзе ён мяне любіць. Ён жа малады, а я...»
Баба Ева захліпала.
Мая мама маўчала.
А я спрабаваў уявіць дзіўную сустрэчу, бо памятаў вусатага Васіля ў сінім пінжаку с адным бліскучым медалём.
Шчасце
Мала я ведаю пра сапраўднае шчасце, але ведаю.
Комментарии к книге «Сапраўдны час. Запісы 2005—2018 гг.», Владимир Александрович Степаненко
Всего 0 комментариев