Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля (fb2)
- Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля (пер. Дмитрий Могилевчан,Кристина Курчанкова) 1498K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Джон Рональд Руэл Толкин
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Тры – сьмяротнай зямлі несьмяротным князям,
Сем – царам-кавалям на падгорным троне,
Дзевяць – чалавечага племені каралям,
Адзін – Уладару Цемры ў чорнай кароне,
У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.
Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх,
Адзін – завабіць і ў цемры скаваць іх
У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.
КНІГА ПЯТАЯ
1. Мінас Тырыт
Піпін вызірнуў з свайго сховішча ў нетрах Гэндальфавага плашча. I не зразумеў, ці прачнуўся насамрэч, ці яшчэ сьпіць, агорнуты той самаю хуткаплыннай мараю, якая люляла яго гэтак доўга з пачатку вялікай скачкі. Цьмяны сусьвет мкнуў прэчкі, і вецер сьпяваў увушшу. Хобіт ня бачыў анічога, апрача зораў, што плынелі над галавою, а далёка праваруч магутныя цені паўднёвых гор падпіралі нябёсы. Сонны Піпін узгадваў, дзе ж яны праляталі й калі што прамільгнула паўзь іх, аднак успаміны ягоныя былі непрачнутыя, як ён сам, і няпэўныя.
Спачатку падарожнікі несьліся з жудаснаю хуткасьцю, безь перапынку, на сьвітанку наперадзе бліснула золатам, а тады прыехалі ў маўклівы горад зь вялізнай пустой сядзібаю на пагорку. I не пасьпелі схавацца там, як зноў над галовамі праляцеў крылаты цень, і людзі дранцьвелі ад вусьцішы. Але Гэндальф супакоіў хобіта ціхімі словамі, і той прылёг у куце, стомлены, але трывожны, заўважаючы праз паўсоньне, як заходзяць і выходзяць людзі, як размаўляюць, як Гэндальф аддае загады. А тады зноў – начная скачка. Гэта ўжо другая, не, трэцяя ноч ад той, калі зазірнуў у палантыр. Ад таго страшнага споміну абудзіўся цалкам і здрыгануўся, і шум ветру напоўніўся пагрозьлівымі галасамі.
Сьвятло ўскінулася ў нябёсах, жоўтае полымя з-за чорнай сьцяны. Піпін ажно адсунуўся, падумаўшы ў страху: у якую жудасную краіну цягне яго Гэндальф? Пацёр вочы – і тады пабачыў, што Месяц, ужо амаль поўны, караскаецца над усходнім ценем. Значыць, ноч яшчэ раньняя, і наперадзе гадзіны вандроўкі ў цемры. Варухнуўся й падаў голас.
– Дзе ж мы, Гэндальфе?
– У каралеўстве Гондар, – азваўся чараўнік. – Яшчэ мінаем зямлю Анарыёна.
Пэўны час Піпін маўчаў, а тады раптам загаласіў, учапіўшыся за Гэндальфаў плашч:
– Што гэта? Зірні! Полымя, барвовае полымя! Тут жывуць цмокі? Зірні, і яшчэ!
– Наперад, Цяняр! – замест адказу прысьпешыў каня Гэндальф. – Мусім сьпяшацца! Наш час мінае! Зірні – празоры Гондару палаюць, просяць дапамогі. Вайна прыйшла! Вунь агонь на Аман Дыне, полымя на Эйленаху й вунь пабеглі агні на захад: Нардал, Эрэлас, Мін-Рыман, Каленад і Халіфірыён на роханскім памежжы.
Але ж Цяняр запаволіў крок, а тады падняў галаву й заржаў. Зь цемры даляцела ржаньне ў адказ, і пачуўся тупат капытоў. Тры вершнікі пранесьліся побач, нібы прывіды-летуны пад месяцам, і зьніклі на захадзе. А Цяняр сарваўся ў намёт і памкнуў, і ноч мкнула паўзь яго, равучы віхурай.
Піпін зноў крыху прыснуў і амаль не зьвяртаў увагі на Гэндальфаў расповед пра звычаі Гондару й пра тое, як гаспадар места загадаў пабудаваць на вяршынях далёкіх адгор'яў уздоўж хрыбта мігакі-празоры й вартавыя пасты, а таксама даручыў заўжды трымаць пры іх сьвежых коней, каб несьці вершнікаў і загады да Рохану на Поўнач і да Бэльфаласу на Поўдзень.
– Даўно не запальвалі агнёў на Поўначы, – паведамляў Гэндальф. – А ў старажытнасьці ў тым не было й патрэбы, бо Гондар меў сем камянёў.
Піпін здрыгануўся.
– Сьпі, ня бойся, – супакоіў Гэндальф. – Бо ты ж ня ў Мордар рушыш, як Фрода, а ў Мінас Тырыт, і больш бясьпечнае месца цяпер цяжка адшукаць. Калі ня вытрымае Гондар ці калі Вораг захопіць пярсьцёнак, тады й у Шыры не схаваесься.
– Ня надта суцяшае, – вымавіў Піпін, але сон ужо авалодваў ім.
Апошнім, што запомніў перад тым, як праваліцца ў глыбокі сон, быў пробліск высокіх белых пікаў, якія зіхоткімі выспамі плылі над аблокамі, люструючы месяцовыя промні. Падзівіўся яшчэ, дзе ж цяпер Фрода: мо ў Мордары, а мо ўжо забіты, і ня ведаў, што Фрода – далёка ад яго – пазіраў на той самы месяц, які заходзіў над Гондарам, вястуючы новы дзень.
Піпін прачнуўся ад галасоў. Яшчэ дзень чаканьня ў сховішчы й ноч скачкі праляцелі міма. Ужо днела: набліжаўся халодны сьвітанак і вакол вісеў золкі шэры туман. Зь Ценяра ажно валіла пара, такі ён быў потны, але ж трымаў шыю ганарыста, не выказваў ані знаку стомы. Побач зь ім стаяла шмат высокіх людзей у доўгіх плашчах, а за імі ў тумане рысавалася каменная сьцяна. Падавалася, часткова пабураная, але, нягледзячы на змрок, чуліся гукі працы: грукалі молаты, бразгалі рыдлёўкі й рыпелі колы. Там і тут смужна сьвятлелі праз туман паходні й вогнішчы. Гэндальф размаўляў зь людзьмі, якія перагарадзілі яму шлях, і, прыслухаўшыся, Піпін уцяміў: абмяркоўваюць менавіта яго, Піпіна.
– Ну, вас мы ведаем, Мітрандыр, – казаў ачольца людзей, – дый вы ведаеце словы споклічу сямі брамаў і вольныя ехаць наперад. Але ж мы ня ведаем вашага спадарожніка. Хто ён? Гном з гор Поўначы? Мы не жадаем незнаёмцаў на нашай зямлі ў гэты час, хіба толькі яны – магутныя ваяры, чыёй вернасьці й адвазе мы давяраем.
– Я паручуся за яго перад стальцом Дэнэтара, – адказваў Гэндальф. – А што тычыцца адвагі, дык не мяркуйце пра яе з памераў. Ён прайшоў праз больш бітваў і небясьпек, чым ты, Інгальд, хоць ты й удвая даўжэйшы за яго. Ён вяртаецца з штурму Ізенградку, пра які мы нясем весткі, і агорнуты вялікаю стомаю, а тое я пабудзіў бы яго. Клічуць яго Перыгрын, і ён – найадважнейшы зь людзей.
– Зь людзей? – засумняваўся Інгальд, і астатнія засьмяяліся.
– Годзе, зь людзей! – выгукнуў Піпін, цяпер сапраўды абуджаны ды ўзбуджаны. – Зь якіх людзей? Не, не зь людзей я, а з хобітаў, і адвагі ў мяне ня болей, чым прыналежнасьці да племя даўгалыгіх, хіба так, давялося зрабіць тое-сёе, як была патрэба. Няхай Гэндальф ня кажа лішняга!
– Многія, што зьдзейсьнілі вялікія ўчынкі, пра сябе болей ня скажуць, – зазначыў Інгальд. – Але што такое хобіт?
– Паўросьлік, – адказаў Гэндальф і, убачыўшы выраз на тварах людзей, дадаў: – Ня той, пра якога казалася ў прароцтве, але зь ягонай радзіны.
– Але. I той, хто вандраваў побач зь ім, – дадаў Піпін. – Барамір з вашага гораду йшоў побач з намі й выратаваў мяне ў сьнягох Поўначы, і пасьля быў забіты, абараняючы мяне ад мноства ворагаў.
– Цішэй! – засьцярог Гэндальф. – Весткі пра страту сына першым мусіць атрымаць бацька!
– Пра тое ўжо здагадаліся, – паведаміў Інгальд, – бо апошнім часам зьявіліся дзівосныя азнакі й ліхія прыкметы. Тады скачыце, гаспадар Мінас Тырыту прагне бачыць любога, хто прынясе яму навіны пра ягонага сына, любога чалавека альбо...
– Альбо хобіта, – дадаў Піпін. – Малая карысьць вашаму гаспадару ад мяне, але што магу – зраблю, у гонар і памяць Бараміра Адважнага.
– Добрага шляху вам! – пажадаў Інгальд, і людзі расступіліся, адкрываючы праход да вузкай брамы ў сьцяне. – Няхай вашыя зьвесткі й рада Мітрандыра прыдадуцца Дэнэтару й усім нам у гадзіну патрэбы! Але ж кажуць, што ўлюбёныя вашыя навіны – пра гора й бяду.
– Таму што зьяўляюся я зрэдку – толькі тады, калі патрэбная мая дапамога. Што ж тычыцца рады, вось яна: вы спазьніліся з рамонтам сьцяны Пеленару. Мужнасьць – вашая найлепшая абарона ад навалы, што неўзабаве абрынецца. Мужнасьць і надзея, якую я нясу вам. Бо ня ўсе мае навіны – ліхія. Аднак лепей кідайце рыдлёўкі й вастрыце мечы!
– Ды мы да вечару скончым працу, – паведаміў Інгальд. – Гэта апошняя частка сьцяны, якую рамантуем, бо адсюль у апошнюю чаргу можна чакаць нападу: тут сьцяна паглядае ў бок Рохану, дзе нашыя сябры. Ці ведаеце вы што пра іх? Як па-вашаму, адгукнуцца яны на заклік?
– Але, яны прыйдуць. Але ж яны ўжо мелі шмат бітваў за вашымі сьпінамі. I гэты шлях, дый любы шлях цяпер, болей не вядзе да бясьпекі й спакою. Трымайце варту! Калі б ня Гэндальф Груган, вы пабачылі б з Анарыёну варожае войска, а ня вершнікаў Рохану. А мо яшчэ й пабачыце. Бывайце, удачы, і трымайце варту!
Гэндальф скакаў цяпер па шырокай роўнядзі за Рамас Экорам – так людзі Гондару звалі вонкавы мур, пабудаваны вялікімі намаганьнямі пасьля таго, як на Ітыльён лёг варожы цень. На шэсьць міляў
Комментарии к книге «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля», Джон Рональд Руэл Толкин
Всего 0 комментариев