Незабыўнае рэха (fb2)
- Незабыўнае рэха 1013K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алексей Николаевич Кулаковский
Аляксей КУЛАКОЎСКІ
НЕЗАБЫЎНАЕ РЭХА
Апавяданне

Заціхла к позняму вечару рэчка Лабжынка, яе ўжо нават i не відно, калі глядзець збоку. На лузе пацямнела і нібы прытаілася ў чаканні благатворнай расы густая трава. I раса, пэўна, будзе, вялікая будзе раса, бо дзень сёння быў цёплы, пагодлівы. Ужо цяпер над рэчкай пачынае ўзнімацца шыза-белы туман i вызначаць на лузе ўсе свавольныя звілінкі, якія робіць тут рака. Чароўная шыза-белая лента ўецца па лузе, па вербалозніку i рассцілаецца далёка-далёка, аж да сам ага небасхілу. Каля яе зрэдку падаюць свае поўдрымотныя галасы кулікі, сяды-тады скрыпуча абзавецца драч. А самы канец ленты раптам пачынае чырванець. Чырвань гэтая хутка пашыраецца i што далей, то ўсё больш радзее, пераходзіць у барвовасць, а потым у светлую жаўцізну. Гэта ўзыходзіць месяц. Хутка ён залье сваім святлом луг, лясок непадалёку ад рэчкі, густыя ўпрыцемку, нібы злітыя, кусты вербалозніку.
Сёння — самы вялікі дзень у годзе, дваццаць другое чэрвеня. Увесь дзень тут, каля рэчкі, было многа людзей, многа гоману, песень, весялосці. У ляску на зялёнай паляначцы праходзіла Свята песні, арганізаванае райкомам комсамола. Гэта так усе гаварылі: райкомам комсамола, а на самай справе ўсё арганізавала Надзя, загадчык аддзела па рабоце сярод вучнёўскай моладзі і піонераў. Першы сакратар, як даведаўся, што яго хочуць паслаць на вучобу, умыў ад усяго рукі, а другі засеў перад зарочнай сэсіяй за падручнікі. На свята Надзя запрасіла прадстаўнікоў суседняга райкома комсамола. Прыехаў на матацыкле першы сакратар Нікалай Ванесаў і з ім Маша, даўно знаёмая Надзі дзяўчына, інструктар абкома комсамола.
Песні спяваліся звонка, на ўсе грудзі, i зладжана, як ніколі. Надзя дырыжыравала зводным хорам чатырох школ, а Маша, паправіўшы з дарогі светлыя локаны, стала ў рад са старшакласніцамі і неяк адразу нібы злілася з імі: гэткае-ж у яе белае, з тугім паяском плацце, гэткія-ж свежа загарэлыя рукі. I сама яна невялікая ростам, стройная, з пяшчотным, як у дзіцяці, падбародкам. Нікалай таксама прыстаў да мужчынскай трупы. Сярод школьных спевакоў ён вылучаўся большай абветранасцю твару (язда на матацыкле дала сваё) i ледзь не блішчастай чарнатой густых валасоў.
Надзя, дырыжыруючы, спявала, яна i дырыжыравала больш голасам, чым рукамі. Рукі ў яе хадзілі няўпэўнена, асабліва ў тыя хвіліны, калі яна думала пра гэта. А голас у Надзі асаблівы. Ён і моцны і ў той-жа час лірычны, прыгожага тэмбру. Удзельнікі хору яго чуюць, а ў ансамблі ён не выбіваецца. I яшчэ вочы памагаюць Надзі дырыжыраваць, карыя, выразныя вочы. Калі дзе пачуецца хоць самая маленькая нязладжанасць, Надзя глядзіць туды і глядзіць так, што харысты адразу-ж папраўляюцца. Часта насцярожаны позірк дырыжора спыняўся i там, дзе яшчэ толькі намячалася шчылінка ў галасах. Спыняўся ён i на Машы, але зусім не для таго, каб паправіць яе. Маша спяваць умела і дзесяткі песень ведала на памяць. Карыя і блакітныя вочы сустракаліся, мабыць, толькі для таго, каб адчуць адзінства ўрачыстасці, каб абодва галасы набывалі яшчэ большы прастор, яшчэ прыгажэйшае гучанне. I калі ўсхваляваны погляд Надзі міжвольна пераходзіў на смуглявы твар Нікалая, у голасе яе з'яўлялася нейкае адметнае дрыжанне, твар палаў радасцю і верхнія ноты гучалі так прыгожа i ўрачыста, што кожнаму, хто стаяў у гэты час збоку, хацелася паслухаць Надзю адну.
Пасля песень гулялі ў розныя гульні, а на змярканні, калі малодшыя школьнікі пайшлі дадому, расклалі касцёр. Каля кастра ўсе дарослыя сталі дзецьмі: скакалі цераз агонь, бегалі навыперадкі. Маша на ўвесь лясок залівалася вясёлым смехам i кожную хвіліну выдумляла што-небудзь новае ў гульнях. Завадатарам яна была найлепшым: усё ў яе выходзіла лёгка i проста. Кожны яе жэст хацелася паўтарыць, а кожнае слова прыбаўляла весялосці. Неяк вельмі смяшліва і зусім па свойму яна ўжывала слова «абы што»: «сказала абы што», «з’ела абы што», «села на абы што».
— Выдумай яшчэ абы што! — часта прасіў яе Нікалай Ванесаў.
Потым агонь стаў памаленьку затухаць, галля больш не падкідалі, бо тут мала яго было, — лясок маладзенькі, пасляваенны. Усе трошкі стаміліся ад гульняў, трошкі здаволіліся. Нікалай Ванесаў завёў матацыкл і пачаў вучыць хлопцаў ездзіць, дзяўчаты пайшлі на рэчку, а Надзя з Машай засталіся каля агню. Рэдкі дымок ішоў ад вуголляў, плыў па траве і знікаў каля рэчкі. Нехта раптам крыкнуў каля рэчкі, і Надзя ўсхапілася, пачала прыслухоўвацца.
— Чаго ты? — спытала Маша.
На рэчцы засмяяліся, тады і Надзя, усміхнуўшыся, села.
— Тут у нас у мінулым годзе тапіліся некаторыя.
— Хто? — спытала Маша.
— Я, напрыклад. I яшчэ адна піонерка, удзельніца злёту. Тут у нас піонерскі злёт быў. Цяпер я, праўду сказаць, пабойваюся гэтай рэчкі і, калі ўспамінаю пра гэты выпадак, у вачах цямнее.
— А я два разы тапілася, — сказала Маша, — і нічога. Цяпер затое плаваць добра ўмею і ўжо больш ніколі не ўтаплюся.
— Ты жартуеш? — Надзя на хвіліну змоўкла.
— Я не жартую, — апраўдвалася Маша. — Я сапраўды пераламала ў сабе гэты вадзяны страх, і з таго часу ўсё пайшло добра. Маракі таму і адважныя такія, што навучыліся не баяцца вады. Ім усё адно, што вада, што суша.
— У мяне здарылася неяк па-асабліваму, — пачала расказваць Надзя. — Я крыху ўмела плаваць і тады. Дзяўчынка крыкнула, а я ў той момант не зразумела, што яна топіцца. Нікога каля рэчкі якраз не было. Потым бачу, што трэба ратаваць, кідацца ў ваду, але стаю на беразе, крычу. Далей ужо i сама не памятаю, што было. Нейкі страшны шум, нейкія жоўтыя кругі над галавою. Калі я расплюшчыла вочы, то ўбачыла перад сабою мокры твар Ванесава. Ён тады таксама быў на злёце. Нікалай стаяў ля мяне на каленях, з яго вопраткі цякла на траву вада. Два старшакласнікі адкачвалі побач пасінелую дзяўчынку, а наш Лупіновіч, першы сакратар райкома, стаяў на беразе ў жоўтай сухой майцы і нечага крычаў, махаў рукамі.
«I тут камандуе, — падумалася мне, — а сам нават ног не памачыў». I стала прыкра глядзець на гэтага чалавека. Потым я зірнула ўбок і ўбачыла свае мадэльныя басаножкі. Яны стаялі побач і паблісквалі на сонцы чыстым лакам. «Значыць, я не толькі доўга не рашалася кідацца ў ваду, а нават успомніла, што варта скінуць новыя басаножкі? Лепш было ўтапіцца, чым перажываць цяпер такую віну».
Пазней я даведалася, што Лупіновіч прыбег да рэчкі адразу-ж пасля таго, як я кінулася ў ваду, што ён бачыў, як дзяўчынка, вынырнуўшы ўжо, мабыць, апошні раз, схапіла мяне за згіб рукі i пацягнула за сабою, аднак не стараўся дапамагчы сам, а толькі клікаў другіх і загадваў ім хутчэй ратаваць нас. У сэрцы калола ад гэтага, але я ўжо не злавала на Лупіновіча, а толькі сама на сябе. «Чаму я такая нікчэмная, чаму ў мяне часта выходзіць усё, як у Лупіновіча, а не так, як у іншых людзей. Вось-жа Нікалай не таптаўся на беразе, не думаў пра свае бацінкі і касцюм, а адразу, як толькі дабег да рэчкі, з разгону кінуўся ў ваду».
Доўга мяне мучыла гэтае пытанне, i цяпер я часта ўспамінаю i пра гэты выпадак, i пра многія дэталі сваёй работы ў райкоме.
— А даўно ты ў райкоме? — спытала Маша.
— Вось ужо больш за два гады. А прышла сюды з педвучылішча, комсамольскую работу мала ведала. Была некалі піонерважатай у школе, толькі і ўсяго. Трэба было вучыцца працаваць, а ў каго вучыцца? Зайшла, помню, першы раз у кабінет сакратара райкома, да гэтага-ж самага Лупіновіча.
— Косця, — гавару, — калі нам лепш правесці нараду піонерважатых?
А ён мне:
— Я вам не Косця, а Канстанцін Елізаравіч.
Я выйшла з кабінета. Спачатку мне зрабілася смешна, а потым нейкая крыўда апанавала, проста да слёз. Не так даўно мы разам вучыліся ў школе, ён толькі гады на два ішоў уперадзе. Потым колькі разоў сустраналіся тут у нас, у горадзе. I заўсёды гэта быў Косця, звычайны, крыху, праўда, занослівы, але ўсё-ж просты хлопец. А стаў сакратаром райкома — і ўжо адразу Канстанцін Елізаравіч!
Гляджу аднаго разу праз акно маёй піонерскай бакоўкі — ідзе Лупіновіч па вуліцы, трымае курс у райком. Ідзе спаважна, уразвалачку і толькі злёгку памахвае адной рукой. Мне кінулася ў вочы нешта вельмі знаёмае ў гэтай паходцы. Стала ўспамінаць і ўспомніла, што гэта наш сакратар райкома партыі так ходзіць. Потым глядзім мы ўсе, — гэта ўжо другім разам было: заходзіць Лупіновіч у райком, здымае шапку і, браткі мае, — уся галава паголена, так і блішчыць, як гарбуз на сонцы. Твар стаў круглы, як у груднога дзіцяці. А такія былі валасы ў хлопца: каштанавыя, густыя. Аказалася, што гэта сакратар райкома партыі пагаліў галаву, дык і Лупіновічу-ж трэба. Не ўлічылася толькі тое, што сакратар райкома партыі пачаў лысець i яму неабходна было пагаліць сваю галаву.
Комментарии к книге «Незабыўнае рэха», Алексей Николаевич Кулаковский
Всего 0 комментариев