• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Маналог у паўстагоддзя...»

1164

Описание

отсутствует

1 страница из 17
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Маналог у паўстагоддзя... (fb2) файл не оценен - Маналог у паўстагоддзя... 263K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Зоя Падліпская


Зоя ПАДЛІПСКАЯ


МАНАЛОГ У ПАЎСТАГОДДЗЯ...


Раман-споведзь


Светлай памяці мамы — Ганны Канстанцінаўны Янучок (Пятровіч)


Ліст да Маці


Дзякую табе, Божа. Я нарэшце дачакалася таго моманту, калі «пачула» Ваш голас, мама. Голас, які напружана старалася ўзгадаць усе гэтыя гады. Пасля таго як Вы, адляцеўшы ў вырай, нечакана пакінулі мяне, назаўсёды пасяліўшыся ў маім сэрцы.

Прыйшоў час, і я адчула жыццёвую неабходнасць запісаць нашу з Вамі доўгую і шчырую размову за больш чым сорак гадоў.

Я гаварыла з Вамі кожны дзень, раілася, сумнявалася, скардзілася на жыццёвыя няўдачы і сціпла распавядала пра поспехі, свае і дачушак, Вашых унучак, — Ганны і Анастасіі. Я прасіла Бога, каб Вы прыйшлі да мяне ў сне, каб хоць на хвілінку адчуць сябе той сямігадовай дзяўчынкай, якую Вам горкім лёсам было наканавана так рана пакінуць.

І Вы зрэдку прыходзілі да мяне на спатканне, але сон заканчваўся. Рэаліі дня зноў адбіралі ў мяне адчуванне таго найвялікшага шчасця для кожнага чалавека, калі мама — побач.

Дзіўна і незразумела, што дзіцячая памяць на доўгія гады сцерла да болю родныя рысы Вашага твару, родны голас, постаць, пяшчоту рук. А ўрэшце, што тут дзіўнага... Усяму віною тая страшная ноч, горкае сірочае ранне і жалобны чорны дзень 24 жніўня 1972 года. Гэта ўсё навечна захавалася ў памяці, да самых драбніц. А яшчэ чырвоныя і жоўтыя вяргіні, што пышна цвілі ў нашым гародчыку і якімі так шчодра быў высыпаны Ваш апошні шлях, ад роднага парога да самых могілак. Захаваўся ў памяці і вялікі букет чырвоных вяргінь, з якім я тою ж сцяжынкаю праз тыдзень крочыла ў першы клас. І чорныя жалобныя стужачкі, уплеценыя ў мае светлыя тонкія косы. І многае іншае, што парою ўвогуле хацелася б забыць назаўсёды...

Столькі дзясяткаў вёснаў і зім я пражыла без Вас, мама. З кожным годам, пакрысе сталеючы, я ўсё часцей у думках вяла сваю ціхую размову з Вамі, па-дзіцячы спадзеючыся, што некалі пачую ў адказ: «Дачушка, я ганаруся табою...»

І гэты дзень, 13 лютага 2013 года, настаў. Нічога асаблівага не здарылася: пазваніла мая былая выкладчыца з універсітэта, прафесар Ніна Васільеўна Гаўрош, з якой мы супрацоўнічаем да гэтага часу і якую не толькі паважаем, але і любім за чалавечнасць, павагу да кожнага студэнта, дабрыню і шчырасць. Пахваліўшы за ўдала праведзенае мерапрыемства, Ніна Васільеўна па-мацярынску назвала мяне дачушкаю. А мяне, колькі сябе памятаю, ніхто, акрамя Вас, ніколі так не называў... Гэтае слова — дачушка — стала, відаць, ключавым у нашай размове. Цяжка перадаць пачуцці, якія перажыла ў той момант: моцнае хваляванне, узрушанасць, адчуванне таго, што быццам пагаварыла з Вамі, мама. І паплылі, нахлынулі ўспаміны, нейкім чынам сцёртыя з памяці на доўгія гады.

І цяпер я кожны раз малюся небу, высокаму прыстанку Вашай светлай і шчодрай душы, мама, і дзякую Богу, што злітаваўся і паслаў мне міласць сваю: вярнуў у памяці Ваш голас.

Дай толькі сілы, Божа, выкласці на паперы мой амаль у паўстагоддзя маналог. Слухайце, мама. І даруйце мне.

Ваша Зоя.


Час усё непатрэбнае крышыць.

Дарагога — нішто не кране.

Свеціць золата на папялішчах,

Бо яно не згарае ў агне.


Л. ГЕНІЮШ


Два клёнікі


Каля нашай сяражскай хаты, колькі сябе памятаю, зелянелі, цягнуліся ўгару два клёнікі. Іх пасадзілі мае старэйшыя сёстры Ларыса і Алена ў кастрычніку 1964 г. у гонар майго нараджэння. Здавалася, што мы расцём з дрэўцамі навыперадкі. Мне падабалася назіраць вясною за выпырснутымі зялёнымі лісточкамі, слухаць майскімі вечарамі, як над дрэўцамі зумкаюць то складваючы, то распускаючы перламутравыя крылцы блішчастыя майскія хрушчы. Восенню я любіла збіраць чырванаватыя зоркападобныя лісты, каб паставіць на стол асенні букет, а адзін-два лісточкі абавязкова засушыць, паклаўшы ў адну са сваіх любімых кніг. Зімою я даставала кляновы лісток, і мне адразу ўзгадваліся тыя летнія ці асеннія дні... Пасля таго, як сыдзе снег, я спяшалася паглядзець, наколькі падраслі мае зеленавокія сябры, і заўсёды радавалася іх поспехам.

Ніхто і не думаў тады, што праз гады ў мяне з’явіцца верш пад назвай «Два клёнікі» і што дрэвы абароняць хату ад пажару падчас навальніцы. Страшны ўдар грому прыняў на сябе адзін з маіх клёнаў.

Цяпер сябра майго дзяцінства — другі клён — у адзіноце вартуе бацькоўскую хату, але ў вершы мае дрэўцы разам.


Два клёнікі


Іх пасадзілі ў той дзень,

Калі я нарадзілася...

Гладзіў ім галінкі

Лагодны ветрык,

Здымаў парою дзённую стому

Вясёлы дожджык.

Так і раслі мы.

Навыперадкі —

Я і клёнікі.

...Не стала матулі.

Не стала роднай хаты.

Сюды вяртаюся

У снах і ў думках.

І кожны дзень малюся небу —

Высокаму прыстанку

Светлай мамінай душы.

І ім, двум клёнікам, —

Апекунам майго маленства.


Падручнік па матэматыцы

...Ну вось і ўсё, мама. Надышоў першы дзень без Вас. Марудна цягнецца час. Мае старэйшыя сёстры збіраюцца ад’язджаць. Ларыса — на працу ў Засульскую бальніцу, што недалёка ад Стоўбцаў. Таіса — на вучобу ў Мінскае педвучылішча. Тамара, якая чакае дзіцятка, таксама збіраецца з мужам дадому, у Мінск. Алена пайшла дахаты яшчэ ўчора — яна жыве ў прыгарадзе Слуцка. А брат Грыша ўвогуле не змог прыехаць на пахаванне: сумная тэлеграма знайшла яго ў далёкай Манголіі, куды яго з калегамі накіравалі на будаўніцтва дамоў, са спазненнем на пяць дзён. Але ён прыедзе, мама, абавязкова прыедзе, толькі праз тыдзень.

У нашай новай прасторнай хаце нам трэба прывыкаць жыць утраіх — бабулі, бацьку і мне.

Я стаю на ўзмежку і ўглядаюся ў пажухлы бульбоўнік. Хутка восень. Думкі зусім не дзіцячыя. Праз некалькі дзён мне ісці ў першы клас. Не страш­на. Толькі нецікава. Чытаць і пісаць я даўно ўмею. Нават ведаю шмат слоў па-англійску: Ларыса ўжо некалькі месяцаў вучыць мяне правільнаму вымаўленню. Пачала чытаць «Трывожнае шчасце» Івана Шамякіна. Кнігу цяжка ўтрымаць у маіх худзенькіх дзіцячых руках, але гэта дробязь у параўнанні з той незвычайнай асалодай, якую я атрымліваю ад чытання. Якія ўжо тут «палачкі і кружочкі»!

Вы ж памятаеце той цікавы выпадак, як некалькі тыдняў таму бацька завёў мяне ў Сяражскую сярэднюю школу «на падрыхтоўку». Будучая мая першая настаўніца, Марыя Лаўрэнцьеўна Амбражэвіч, загадала нам намаляваць кружочкі, палачкі, квадрацікі. Бацька, які стаяў каля акна ў класе разам з іншымі бацькамі, усміхнуўся і кіўнуў мне галавою, маўляў, выконвай. Хоць дакладна ведаў, што да школы даўно падрыхтаваная. Я старанна і хутка выканала ўсё, што сказала настаўніца. Крыху счакаўшы, вырашыла, што, пэўна, трэба яшчэ нешта зрабіць. Здавалася, таго, што выканала, было для мяне мала. І я напісала наступнае: «Мяне завуць Зоя Янучок. Мой бацька Іван Паўлавіч працуе ў школе настаўнікам. Я буду вучыцца ў першым класе». Пасля я часта згадвала тое першае сваё сачыненне. Хто ведае, можа, з гэтага і пачаліся мае літаратурныя спробы пяра? Настаўніца тады была вельмі здзіўлена. Я толькі не зразумела, чаму яна ледзь не заплакала. А Марыя Лаўрэнцьеўна ўжо адчувала, якія выпрабаванні чакаюць яе будучую выдатніцу ў самым хуткім часе.

...Да мяне падыходзіць заплаканая Тамара, абдымае і дае ў рукі, мабыць, першую кнігу, якая трапілася ёй на вочы, з купленых бацькам для мяне падручнікаў — падручнік па матэматыцы для 1-га класа. Просіць, каб я не сумавала: «Не плач. Калі будзе вельмі цяжка — чытай кніжачку. Запомні, сястрычка, ніколі не расставайся з кнігай. Чытай. Старайся вучыцца, Зоечка».

І я старалася. Клопатам і дабрынёю сагравала мяне мая настаўніца пачатковых класаў. Пройдуць гады, і я прысвячу адзін са сваіх ранніх вершаў менавіта ёй, Марыі Лаўрэнцьеўне. Яна атрымае мой ліст, прачытае і дашле мне таксама ліст у адказ са шчырымі словамі падзякі. Але гэта ўсё будзе значна пазней...


1 верасня 1972 года


Раніца. Сястра Таіса заплятае мне косы. І прыгадвае, як Вы, мама, умелі надзвычай прыгожа заплятаць сваім дзяўчаткам валасы ў «каласок». На жаль, мне ўжо ніколі не адчуць на сваіх валасах дотык Вашых рук і не насіць такіх «жытнёвых каласкоў»...

Комментарии к книге «Маналог у паўстагоддзя...», Зоя Падліпская

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства