Аўгіння Кавалюк — аўтар, вядомы беларускаму чытачу сваімі паэтычнымі зборнікамі «Белае дзіва», «Маўклівыя скарбы», «Кропля бурштыну», «Імгненняў след». Пісала Аўгіння Кавалюк вершы і дзяўчынкай, і студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, і падчас доўгай настаўніцкай працы ў Рызе, а з 1987 года ў Ленінградзе. Выкладала Аўгіння Кавалюк паэтычнае майстэрства ў літаратурнай студыі падлеткаў у Ленінградзе (С.-Пецярбургу), падрыхтавала выдадзеныя там тры зборнікі паэзіі сваіх выхаванцаў.
А. Кавалюк — актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця беларусаў С.-Пецярбурга, неаднойчы выступала на літаратурных вечарынах і Беларускага грамадска-культурнага таварыства С.-Пецярбурга, і літаратурнага саюза пісьменнікаў «Міжнацыянальны Пецярбург», адной з заснавальнікаў якога яна з'яўляецца. Перакладала на рускую мову вершы башкірскіх паэтаў горада, што ўвайшлі ў зборнікі, выдадзеныя гэтым саюзам.
Для вершаў Аўгінні Кавалюк характэрныя разуменне душы чалавека, ягонага настрою, пачуццяў кахання і мацярынства, любові да дзяцей.
Гэты зборнік вершаў складаецца з некалькіх раздзелаў. Адкрывае яго вянок санетаў «Слова жанчыны да Айчыны». Ён (як і наступныя раздзелы «Споведзь» і «Вяртанне») прысвечаны роднай Беларусі, зякой паэтку звязвае непарушная повязь.
Філасофскім пытанням прысвечаны і наступныя раздзелы зборніка: «Роздум», «Роднасць» і «Надзея». Усе вершы прасякнуты глыбокім лірызмам.
У мяне няма сумніву ў тым, што і прапанаваныя ўвазе чытача вершы Аўгінні Кавалюк дазволяць яму лепей ацаніць характэрныя для іхняга разумення думы паэткі, яе пачуцця, настрою і неадрыўнасці лёсу аўтара ад роднага краю, якому яны па сутнасці і прысвечаны.
Роздум аўтара над агульначалавечымі каштоўнас цямі і спрадвечнымі пытаннямі чалавека, якія ён задае сабе, адлюстроўваюць спеласць лірычных думак Аўгінні Кавалюк.
Не папракай мяне, Айчына,
Па хвалях я бягу адна.
Слядоў шчаслівых не лічыла,
Пакутных — выпіла спаўна.
Не можа быць пакут бясконцых —
Жыццё мяняецца і свет.
Бягу туды, дзе многа сонца,
Тых змен хачу спазнаць сакрэт.
Бягу да роднай Беларусі —
Тым і жыву, і ганаруся,
Душы, Айчына, не парань!
Туман мне засцілае вочы,
А сэрца ўсё мацней стукоча...
Ты мачыхаю мне не стань!
Ты мачыхаю мне не стань:
З табой былі і будуць мары,
Лепш на сваю бяглянку глянь —
Маршчынкі заляглі на твары.
Глыбокія — змяняюць твар,
Душу маю — змяніць не могуць,
Душа, бы паланянка мар,
Мяне вяртае на дарогу.
Так бегчы можна толькі ў сне —
Тады, як цешышся вясне,
Шукаеш першацвет вачыма.
Ах, любы, родны, ціхі кут —
Прытулак шчасця і пакут,
Гадоў нямала за плячыма.
Гадоў нямала за плячыма.
Зусім адвыкла ад прынук.
Жыццё ўсё ж нечаму вучыла:
Галоўнае — жыць з працы рук.
Чароўнай мовы не забыла,
На ёй спявала, як магла.
І тое, што найбольш цаніла,
Дзеля нашчадкаў берагла.
А як пражыць без мовы роднай —
Сваёй, жывой, высакароднай,
Як абысці гнілую твань?
Любы народ без роднай мовы,
Бы конь кульгавы без падковы.
Агулам ты ўсяго не гань.
Агулам ты ўсяго не гань:
Не кожны можа ладзіць з часам,
Час высвятляе тую грань,
Якую успрымаем разам.
Святую спадчыну сваю,
Людскіх знаходак прыгажосць
Душою людзі пазнаюць —
Пакуль у ёй сумленне ёсць.
Ў душу глядзі, не памыліся,
Мы ад цябе не адракліся,
Імкнёмся да глыбіняў мора.
Вучыся дбаць аб нашым лёсе,
Каб нам хоць крыху лепш жылося, —
Ты ж — абаронца і апора.
Ты ж — абаронца і апора,
На лёс не будзем наракаць:
Той час меў асаблівы нораў,
Яго дарэмна папракаць.
Ні да кацапаў, ні да ляхаў
Ты не хіліся, будзь сабой.
І хай жалезнага Гулага
Рука не вісне над табой.
Гісторыю сваю ў скрыжалі
Яшчэ нашчадкі не ўпісалі,
І час назад не павярнуць.
Ўсё лепшае, што маюць людзі,
Тваім было, і ёсць, і будзе, —
Сумленнем нашым светлым будзь!
Сумленнем нашым светлым будзь,
Яно, як памяць, неабходна.
Мо дзесьці лепей запяюць —
Ды толькі не на мове роднай.
Чужыя мовы зведаў край,
Ды ні адна тваёй не стала.
Сваёй і моц, і сілу дай,
Каб слыннай між другімі стала.
Сваіх дзяцей — сваёй вучы,
Іх душы светлыя лячы.
Стань шчырай песняй над прасторам!
На Усход і Захад не глядзі,
Сваёй дарогаю ідзі!
Не стань пакутай, смуткам, горам.
Не стань пакутай, смуткам, горам,
Жывіцу мова ўсім дае.
Нямала ёсць славутых зорак,
Якія свецяць для яе.
На ёй народ пяе і плача,
Яна ад роднасці ідзе.
Для быдла, мо, — была быдлячай,
А песняй стала для людзей.
Так, песня ад вякоў лятала,
Пяшчотай сэрцы напаўняла, —
Глыбінь яе не баламуць.
Калі ж каго пакіне плён —
Пашлі наказ свой наўздагон:
Ты мовы продкаў не забудзь!
Ты мовы продкаў не забудзь,
Не адрачыся пад прымусам,
І за акцэнт не папракнуць
Тады, напэўна, беларусаў.
На глум не дай яе ніколі,
Не зневажай, не пагарджай:
Яна тваёю стала доляй,
Яе ты шчыра прывячай.
Жыць на чужыне не салодка, —
Трывожуся за мову продкаў,
За лёс яе мая трывога.
Для ўсіх краін на белым свеце
Свая заўсёды мова свеціць.
Нам слова дадзена ад Бога.
Нам Слова дадзена ад Бога,
Сваіх герояў узрасціла,
Свой абавязак несла строга,
За здраду ганьбіла, карыла.
Упэўнена, нас Бог пачуе,
І не засцеле цемра вочы.
Комментарии к книге «Адклікаюцца рэхам гады», Аўгіння Кавалюк
Всего 0 комментариев