Паляванне на Апошняга Жураўля (fb2) - Паляванне на Апошняга Жураўля [calibre 2.53.0] 466K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алесь Александрович Жук
Алесь ЖУК
ПАЛЯВАННЕ НА АПОШНЯГА ЖУРАЎЛЯ
Івану Паўлавічу МЁЛЕЖУ
А вы дакарайце,
Толькі не журыце,
Ціха ўспамінайце
Васілёчкі ў жыце.
3 народнае песні
I
Познавосеньская цемра рана апускалася на зямлю, глуха, замглёна, як быццам белы свет засыпалі шэраю кудзеляю і ён усё меншаў і меншаў вакол вёсачкі. Прыцемак заходзіў з пустых пляцоў на двары, дабіраўся да вокан хат. Глухая пара позняе восені. Навокал не відаць ні агеньчыка, не чуваць ні гуку. Сцяпан ведаў, што вечар і цемра прыходзяць да Альховых Крыніц ад бору, па лагчыне. Яны непрыкметным ценем высцілаюцца адтуль. Таму бор першы расплываецца, раўняецца з полем у вечаровай прыцемені. Па гэтай лагчыне некалі даўным-даўно, можа, калі і бору яшчэ не было, цякла вялікая рэчка, каб уліцца ў яшчэ большую. Таму за вёскаю, у алешніку, ад яе засталіся, спрадвеку стаяць і ўзімку і ўлетку сочацца чыстаю вечнаю вадою крыніцы, на якіх зрабілі, перагарадзіўшы запрудаю, азярцо.
Сцяпан паставіў пры ганку веранды вядро і ўсё роўна як хацеў адысціся ад наступаўшага змроку, пайшоў да варотцаў, адчыніў іх, выглянуў на вуліцу, пустую і ціхую, і зноў вярнуўся на двор, стаяў пры варотах, быццам прыслухоўваўся і прыглядаўся да нечага.
Яго заўсёды турбавала гэтая часіна. Нешта мулка варушылася пад грудзьмі, мучыла сэрца журбою і сумам — нібыта балела ў яго душа, па самім сабе, як аднекуль здалёку глядзеў ён на вёску, на сябе самога, адзінокага ў глухім мораку, які наплываў на зямлю, наплываў на поле, на хаты, як вада вечнага забыцця, і здавалася, можна задыхнуцца ў гэтай вадзе.
Комментарии к книге «Паляванне на Апошняга Жураўля», Алесь Александрович Жук
Всего 0 комментариев