• Читалка
  • приложение для iOs
Download on the App Store
  • Читалка
  • приложение для Android
Get it on Google Play

«Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка»

1662

Описание

отсутствует

1 страница из 8
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст

Шрифты

  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

  • Аа

    Iowan

  • Аа

    San Francisco

  • Аа

    SF Serif

  • Аа

    New York

  • Аа

    Helvetica Neue

  • Аа

    Arial

  • Аа

    Georgia

  • Аа

    Times New Roman

  • Аа

    Courier

  • Аа

    Courier New

  • Аа

    Menlo

  • Аа

    SF Mono

стр.

Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка (fb2) файл не оценен - Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка 116K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Нил Семёнович Гилевич


Ніл Гілевіч

Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка

2-га студзеня. Больш за два гады нічога не запісваў у гэты сшытак. І дарэмна. І вельмі шкадую. Памяць — як рэшата, а столькі падзей адбылося тым часам! Галоўная — подлы рэферэндум і круты паварот ад палітыкі незалежнасці да палітыкі эканамічнага і дзяржаўнага аб’яднання з Расіяй. Гэта — у 1995. А ў папярэднім, 1994, — галоўная падзея — выбары прэзідэнта. Але ж і выбралі! У першыя дні — многія не маглі доўга апомніцца ад шоку. Адны — дзіка рагаталі і пляваліся, другія — хадзілі з перакошанымі фізіяноміямі. Але вось прайшло паўтары года — рагатаць перасталі, бо — не да смеху ўжо, не на жарт страшна робіцца, калі паглядзіш, куды, да чаго яно ўсё ідзецца. Праўда, пляваць пачалі ў сто разоў болей. Але што з гэтага? “Усенародна абраны” ўвайшоў у сілу і разам з прыхлябаямі гне і гне сваё. Зрэшты, хай бы паспрабаваў не гнуць — не выконваць волю сваіх гаспадароў! Адразу б апынуўся на сметніку гісторыі.

Напісаў тэлеграму Анатолю Кудраўцу — да 60-годдзя. Слаўны чалавек! Беларус і Вапшчэткі — кожнай жылачкай, кожнай фібрай душы.

5-га студзеня. Апошні мой дзень працы ў Пастаяннай Камісіі Вярхоўнай Рады РБ. З 10 гадзін да 12 гутарыў з французскім палітолагам Аляксандрай Гужон — яшчэ ў якасці старшыні Камісіі. Гужон — па маці беларуска. Распытвала пра БНФ, пра мае погляды на сучасную сітуацыю ў Беларусі. У 12 гадзін быў развітальны чай з супрацоўнікамі Камісіі — І. У. Супей, Л. У. Сарокай, М. Е. Хобатавым, В. В. Гамезам. Развіталіся — як блізкія сябры. Бывай, рабочы кабінет, бывай, Камісія, бывай, Рада! Цяпер ужо хіба выпадкова загляну сюды калі-небудзь. Пачынаецца новы этап жыцця — свабодны, без службы, аб чым заўсёды горача марыў. “Ах, каб пазбыцца службы! Каб цалкам аддацца літаратурнай працы!” Дачакаўся на 65-м годзе жыцця… Калі ўжо сіл засталося няшмат. Праўда, вершы пішу. Усе першыя дні новага года пішу вершы…

Другую палову дня правёў у доме літаратара — спярша за круглым, затым за квадратным юбілейным сталом А. Кудраўца. Яго ўсе калегі шануюць і любяць.


6-га студзеня. Напісаў два лісты намесніку прэм’ера Русакевічу У. В. Першы — наконт артыста Котава М. К., каб надалі яму годнасць Заслужанага, другі — наконт прысваення Сваткаўскай школе на Мядзельшчыне імя Максіма Танка. Апошнія службовыя лісты, якія падпісаў (ужо на кватэры) як старшыня Камісіі Вярхоўнай Рады РБ.


9-га студзеня. А 10-й глядзеў па тэлевізары адкрыццё Першай сесіі ВР новага склікання. Трохі нязвыкла пачувацца толькі гледачом — пасля амаль адзінаццаці гадоў абавязковай службовай прысутнасці ў той авальнай зале. А ў зале — нічога новага: па-ранейшаму беларускай мовы не чуваць, хіба што адно-два словы…


10-га студзеня. Званіў з Сафіі наш пасол Герасіменка А.М. — наконт Дзён беларускай культуры ў Балгарыі. Ён упэўнены, што дэлегацыю ўзначаліць Ніл Гілевіч, а таго не ведае, што (цытую) “знакаміты балгарыст, якога ў Балгарыі ўсе помняць і любяць”, не паедзе за Дунай зусім. Ні заўтра, ні паслязаўтра… Годзе! Ад’ездзіў! Пачну ўспамінаць, як неразумна распарадзіўся сваім жыццём, — хоць у пятлю лезь ад крыўды. Ну што з таго, што на пяць вялікіх тамоў адно паэзіі перавярнуў на беларускую? Хто ацэніць у Беларусі гэтую рабскую самаахвярнасць? Хто будзе чытаць гэтыя тамы, хто іх выдасць? А тым часам сотні сваіх “творчых задум” застаюцца няздзейсненымі. Колькі не зрабіў таго, што зрабіць быў павінен!..


16-га студзеня. Вечарам удзельнічаў у апошняй урачыстай акцыі ў гонар 75-годдзя Слуцкага Збройнага Чыну. Паколькі З. Пазьняк затрымаўся на нейкім важным сходзе, першаму слова для прывітання далі мне. Упершыню публічна даў высокую ацэнку патрыятычнай дзейнасці случакоў у 1920 годзе — дагэтуль неяк не выпадала. А гаварыць пра іх трэба — пра гэтых родных дзяцей і абаронцаў БНР, змагароў за нашу дзяржаўную незалежнасць. Выступілі А. Грыцкевіч і З. Пазьняк. Вечарына адбывалася ў тэатры Вольная Сцэна. Там жа была наладжана цікавая выстава ў гонар герояў Слуцкага Збройнага Чыну.


17-га студзеня. Быў на пасяджэнні сакратарыята ТБМ. “Навічкі” ўзяліся за працу. 30-га сакавіка правядзем нацыянальную навуковую канферэнцыю на тэму: “Дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: гістарычны, палітычны і лінгвістычны аспекты”. Гэта павінен быць стрэл гучны. Далей цярпець няможна. Па ўсёй Беларусі ідзе адкатка ад пазіцый, заваяваных у 1991–1994 гадах для нашае Роднае Мовы. Праўда, як яго гучным зрабіць, калі ўсе СМІ ўжо ў руках “заграбаліных”?

24-га студзеня. Саюз пісьменнікаў наладзіў невялікае застолле Янку Сіпакову ў гонар яго юбілею. Тост — разгорнуты, бо рыхтаваўся выступаць на ўрачыстым пасяджэнні ў зале, — сказаў і я. Усё было добра, але… У кабінеце, дзе сядзелі, паявіўся паэт-скандаліст Сыс і пачаў хаміць. Кончылася тым, што празаік Ягоўдзік, не стрываўшы, расквасіў да крыві паэту Сысу нюхаўку. Такім стаў наш сяброўскі юбілейны вечар. Саюза пісьменнікаў — не пазнаць.

Сядзеў каля нібыта сяброў, а думаў пра сваю адзіноту. Я ўжо даўно чуюся адзінокім… Добра, што прыходзяць ад беларусаў лісты — з выказам падтрымкі, павагі і любові.

Дадому ішлі пешкі з Брылём, як і шмат разоў дагэтуль. Гутарылі шчыра, даверліва. З ім можна! Пра што? А ўсё пра тое ж: куды мы, беларусы, коцімся, і што нам рабіць.


25-га студзеня. А 14-й — у Доме Літаратара, на сустрэчы з выдаўцамі Беласточчыны (выдаюць канфесійную літаратуру). Пасля Бутэвіча і Брыля далі слова і мне. Гаварыў пра неабходнасць духоўнага адраджэння як часткі агульнага нацыянальнага адраджэння Беларусі.

У канцы дня быў на вечарыне Г. Юрчанкі як парадыста. Пайшоў знарок для таго, каб сказаць добрае слова пра Юрчанку-лексікографа, пра яго слоўнікі жывой беларускай мовы. Пахваліў і яго пародыі, але — толькі празаічныя, якія трымаюцца на выкарыстанні дыялектнай і жаргоннай лексікі.


29-га студзеня. А 15-й гадзіне — сустрэча чытачоў з паэтам Н. Гілевічам у Музеі Янкі Купалы. Аўдыторыя — гімназісты. Вялі сустрэчу супрацоўніца Музея Людміла Сцяпанаўна і Вячаслаў Рагойша. Гаварылі добра, асабліва Вячаслаў Пятровіч. Гучалі песні на вершы Н.Г. Хораша глядзіцца і выстава, прысвечаная Н.Г. І аднак жа, і ўсё ж!.. Сёння я настроены на іншую публіку, на іншы ўзровень размовы, — не на вучнёўска-школьны, які мяне проста стамляе. Хоць і разумею, што гэты ўзровень у нашых літаратурных музеях — тыповы.


30-га студзеня. Да абеду — на выставе рэдкай кнігі ў Беларускім універсітэце культуры. На ўрачыстасці была рэктар Я.Д. Грыгаровіч — ці не самы беларускі сёння рэктар у ВНУ Беларусі? Былі прамовы, сёе-тое сказаў і я — пра мудры курс, якім ідзе Універсітэт Культуры. Бібліятэцы ўніверсітэта я перадаў на той урачыстасці некаторыя даўнія і рэдкія выданні.


31-га студзеня. Цэлы дзень — у санаторнай школе-інтэрнаце для чарнобыльскіх дзяцей у Уздзе (па просьбе дырэктара школы Людмілы Іванаўны, колішняй маёй студэнткі). Сустрэча — незабыўная. Як слухалі, як успрымалі казанае мною дзеці! Як гэта ім патрэбна! Утоеная да сёння ад мяне другая мэта сустрэчы — каб я “выбіў” для школы ў Кеніка 200 мільёнаў на басейн і іншае водалячэнне. Буду выбіваць. Заўтра ж арганізую ліст Кеніку ад дзвюх Камісій Вярхоўнага Савета — за подпісам старшынь. Гэта — галоўнае. Ад сябе напішу Кеніку асобна.


2-га лютага. На вечары 75-годдзя выдавецтва “Беларусь” (дзе на маё здзіўленне, я быў названы першым у ліку ганаровых гасцей) генеральны дырэктар паліграфкамбіната Германаў В. І. паабяцаў запусціць на “машыну” маю кнігу “Любоў прасветлая”. Няўжо пашанцуе? Гэтая кніга — калі выйдзе — напэўна прадоўжыць мне жыццё.


5-га лютага. Быў на рэдкалегіі “Нашага слова”. Неймаверна горка і цяжка! Газету рабіць няма каму — тры чалавекі б’юцца, як рыба аб лёд. Хвала і гонар ім! — але колькі яшчэ ў такіх умовах яны будуць цягнуць? Пакутую ад уласнай бездапаможнасці, іду як старшыня ТБМ на ўсе разумныя прапановы. І робіцца страшна, што выданне можа спыніцца. А яно так патрэбна! Яно магло б стаць масавай трыбунай у справе нацыянальнага адраджэння Беларусі. Ёсць што чытаць у газеце, і досыць прафесіянальна робіцца, а наклад — пáдае і пáдае.


6-га лютага. Сёння развіталіся са Звонакам. Праз тыдзень яму споўнілася б 89. Старэйшы сярод старэйшын. У яго да мяне былі вельмі паважлівыя адносіны, асабліва пасля таго, як мне ўдалося “выбіць” яму годнасць Заслужанага дзеяча культуры, а ўслед — і Лаўрэата дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Ва ўзросце пасля васьмідзесяці былому “ворагу народа” гэта было вялікай маральнай падтрымкай. І ён не хаваў гэтага. І шчыра радаваўся, калі я да яго заходзіў дадому (на жаль, вельмі рэдка). Ён умеў быць удзячным. З усіх “дзядоў” трымаўся найбольш годна — без мітусні.


Комментарии к книге «Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка», Нил Семёнович Гилевич

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства