Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 (fb2) - Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 (Васіль Быкаў (зборы)) 2014K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Василь Быков
Васіль Быкаў
Поўны збор твораў
Том 4
Аповесці
Апошні баец
Раздзел першы
Маёнтак гарэў. Над кучаравістымі верхавінамі вязаў і ліп шугала ў паднябессе мітуслівая вогненная грыва. Густыя шэрыя воблакі дыму вяртлявымі клубамі валілі ўгару; вецер раздзьмухваў, ірваў і іскрыў у наваколлі жудасць пажару; слаўся ўдушлівы горкі смурод. Ад смуроду, дыму і пылу, узнятага выбухамі, не ставала паветра, каб дыхаць. I ў раўку за садком, змучаная нясціхным боем, знясіленая, адрэзаная ад сваіх, задыхалася жменька байцоў.
Іх вельмі мала засталося тут — штаб ды рэшткі аднаго батальёна на чале з камандзірам палка. Яны спыніліся ўчора ў гэтым маёнтку, бо адступаць далей не было куды. I ад самага ранку раскацістым рэхам калацілі наваколле гарматныя выбухі, рассыпалася кулямётная траскатня, ірваліся гранаты, злосна чхалі з лагчын мінамёты, і асколкі бязлітасна секлі акрываўленую шматпакутную зямлю.
У травяністым раўчуку, ля прыземленай дашчатай паветкі, стуліўся з кулямётам баец. Лежачы ў мелкім акопчыку, ён туга ўпіраў у плячо прыклад «ручніка» і неадрыўна глядзеў у поле, адкуль атакаваў вораг.
Калі агнявыя віхуры ўгары крыху суцішыліся, кулямётчык прыслухаўся да гукаў бою, і нейкая неспакойная думка з’явілася на яго твары.
— Пэўна, цяпер пойдуць, — сказаў ён. — Вы чуеце: сціхае?
Але ніхто не адказаў яму. Хлопец пазіраў усё ў збажыну, нешта думаў, шчыльней прыпадаў да кулямёта, чакаючы новай атакі. I раптам спалохана ўздрыгнулі яго бялявыя вочы, ён азірнуўся, прыўзняў галаву.
— Таварыш лейтэнант!
Комментарии к книге «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4», Василь Быков
Всего 0 комментариев