Кузьма Чорны
Бяздонне
(Малюнак)
I
Як засмяецца сонца зямлi золатам ранiцы - абзавецца горад кiпучаю радасцю. Упартыя гудкi заводаў праспяваюць шырокую песню, мацней крыкнуць станцыi горлам машын, весела бразне недзе жалеза. Гэта так абзавуцца на зямлi людзi, i самi агорнуцца на новы дзень сваiмi жыццёвымi думкамi.
Над глухiмi кварталамi - вузкiмi вулiцамi i малымi дамамi - крык гарадской ранiцы пракоцiцца зычней; у iм тут як бы жаданне схвацiцца ў жартаўлiвай барацьбе з гулкасцю палявой цiшы, падышоўшай да самага горада. Тут ад яго хутчэй заварушацца людзi. Спяшаючы, яны адзяюцца. Галасы iх не так тут моцна зычаць, як у гэты час у вёсках, - можа, гэта густата сцен тут iх з'ядае...
Шырокi двор на вуглу пятай ад канца горада вулiцы ажывае. З правага боку двара, з адчыненых заўсёды дзвярэй каменнага жоўтага дома выходзяць яшчэ заспаныя людзi. Чалавек дваццаць з'яўляецца iх. Яны спяшаюць, бо ўжо другi раз пазвалi iх упарта гудкi.
На процiлеглым баку двара, у нiзкiм дзеравяным доме скрыпяць шэрыя дзверы. З раскiданага ганка спускаецца адзiн. Выходзiць ён за вароты i хутка iдзе па дзеравяным тратуары ў канец вузкiх вулiчак, дзе чутно - спяваюць калёсы вагонаў i паравiкi крычаць жалезам.
На iм стары фрэнч, патоптаныя боты. I ва ўсёй постацi яго нешта такое, што гаворыць як бы аб нейкiм захапленнi ўсiм.
Малады дзень спелым яблыкам глянуў на зямлю, налiў вастратою паветра, аблашчыў усё.
А ў яго, маладога, з'яўляецца на твары ўсмешка.
Яго завуць Алёша.
* * *
Алёша яшчэ не прывык к гэтаму новаму для яго жыццю...
Там, недзе далёка, за вялiкiмi абшарамi палёў, цяпер вось, светлаю ранiцою, грэюцца на сонцы нiзкiя хаты.
Комментарии к книге «Бяздонне (на белорусском языке)», Кузьма Черный
Всего 0 комментариев